ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +11°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 ліпеня 2022, 13:59

Работа аховы здароўя ва ўмовах санкцый і падрыхтоўка ўрачоў. Падрабязнасці нарады ў Лукашэнкі

У час нарады
У час нарады

18 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду, каб абмеркаваць перспектывы развіцця сістэмы аховы здароўя і пытанне паслядыпломнай прафесійнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Асаблівы акцэнт кіраўнік дзяржавы зрабіў на стане спраў у ахове здароўя ва ўмовах санкцыйнага націску: "Як бы мы тут ні гаварылі, краіна падвергнута жорсткім санкцыям. Таму сказаць, што няма ўплыву гэтых санкцый на сістэму аховы здароўя, мы не можам. Хоць асабліва не крычым - супраціўляемся. Не проста супраціўляемся, а працуем. І, здаецца, нядрэнна працуем".

На разгляд удзельнікаў нарады быў вынесены праект указа, падрыхтаванага Міністэрствам аховы здароўя, аб пераходзе на новую форму паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў - рэзідэнтуру.

"Маё стаўленне да любых новаўвядзенняў вы ведаеце. Па-першае, яны не павінны ламаць існуючую сістэму, калі яна нармальная. Калі сістэма ненармальная, яе трэба ламаць, шкадаваць нічога не трэба ў гэтым плане. Але калі мы гаворым аб тым, што ў нас нармальная сістэма аховы здароўя, ганарымся ёю, і апошнія нашы рухі ў галіне так званага каронапсіхозу і кавід-захворвання паказалі, што сістэма працуе, людзі працуюць і працуюць нядрэнна, значыць, сістэма нармальная. Значыць, мы яе ламаць не збіраемся", - расставіў акцэнты кіраўнік дзяржавы ў пачатку мерапрыемства.

Гэта значыць, размова не ідзе аб карэнных пераўтварэннях, а аб удасканаленні сістэмы падрыхтоўкі кадраў для медыцыны, удакладніў Аляксандр Лукашэнка: "Абавязкова трэба ўдасканальваць, нельга спыняцца. Калі прапанаваныя Міністэрствам аховы здароўя навацыі звязаны з удасканаленнем, добра, давайце паслухаем міністра, і ён нам дакажа, што гэта новы крок наперад".

"Па-другое (навацыі. - Заўвага БЕЛТА), павінны быць апраўданы актуальнасцю і, скажам так, вытворчай неабходнасцю, - прадоўжыў Прэзідэнт. - Любое ўдасканаленне павінна выспець, і мы павінны ўбачыць, што ўсё, застопарыліся, далей нельга, трэба прымаць нейкія меры. Ці на такой стадыі ахова здароўя знаходзіцца, каб нам праз рэзідэнтуру ў гэтым вузкім напрамку ўдасканальваць сістэму?"

Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццё медыцынскай сферы - адзін з прыярытэтаў дзяржаўнага будаўніцтва. "Давайце не будзем скромнічаць. За апошнія гады беларуская медыцына прыкметна рушыла наперад. І нямала ў гэтым напрамку робіцца", - канстатаваў беларускі лідар. Ён нагадаў, што за апошні час, як бы ні было складана, мадэрнізаваліся і будаваліся многія сацыяльныя аб'екты, у тым ліку і ўстановы аховы здароўя. Але ў сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што бюджэтныя сродкі на гэтыя мэты трэба выкарыстоўваць разумна, без лішніх трат: "Давайце будзем мадэрнізаваць тую ці іншую сістэму, у тым ліку і ахову здароўя, але палацы не будзем будаваць. Мы не настолькі багатыя, каб будаваць не бальніцу, не лячэбную ўстанову, а палац".

Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, у гэтым пытанні важна захоўваць баланс, каб не было, як у вядомым выказванні пра скупога, які плаціць двойчы. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў будаўніцтва ў Мінскім раёне кампактнага функцыянальнага будынка клінічнага медыцынскага цэнтра, дзе абслугоўваюцца дзяржаўныя служачыя і могуць атрымаць высокакваліфікаваную дапамогу звычайныя грамадзяне, і перадачу ва ўласнасць Мінску былога будынка лечкамісіі.

"Трэба ачухацца, як у народзе кажуць, акуратна прыструніць сябе і будаваць толькі тое, што патрэбна. Таму што, калі будуеш за бюджэт, многія галоўныя ўрачы (ад іх усё ідзе) думаюць: "Гэта ж не мае грошы, і нават не клінікі . Гэта ж з бюджэту, аднекуль". Але калі з бюджэту возьмем, урачам потым павышаць зарплату - за што? Настаўнікам за што зарплату павышаць? Пенсіі як павышаць? Таму трэба больш акуратна (з расходаваннем бюджэтных сродкаў. - Заўвага БЕЛТА). Музеяў і іншых культурных цэнтраў набудавалі столькі... І ўсе яны вісяць на бюджэце. Ніхто ж асабістыя грошы не дае, і нават дзяржпрадпрыемствы на ўтрыманне музеяў, тэатраў і кінатэатраў не даюць, усё на бюджэце вісіць. Таму нам трэба тут больш акуратна", - арыентаваў Прэзідэнт.

Аднак гэта ні ў якім разе не значыць, што не трэба мадэрнізаваць, удасканальваць аб'екты аховы здароўя, падкрэсліў беларускі лідар. "Трэба. Але дашчэнту зносіць нічога не трэба, а трэба прыстасоўваць тое, што ёсць, таму што яны (будынкі аб'ектаў аховы здароўя. - Заўвага БЕЛТА) - у добрым стане", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Важна таксама, што пры мадэрнізацыі ўстановы аховы здароўя ўсіх узроўняў аснашчаюцца сучасным дарагім абсталяваннем. "Вось за гэтым трэба глядзець у тры вокі", - папярэдзіў Прэзідэнт.

У Беларусі, паводле яго слоў, поўнасцю выбудавана сістэма аказання медыцынскай дапамогі на ўсіх узроўнях - ад ФАПаў да рэспубліканскіх медцэнтраў, актыўна ўкараняюцца высокатэхналагічныя метады дыягностыкі і лячэння. "Сістэма створана, адукацыя працуе, урачоў рыхтуем. Сюды нават з Кітая і іншых (краін. - Заўвага БЕЛТА) едуць людзі, каб атрымаць адукацыю. Значыць, і сістэма адукацыі, прынамсі па падрыхтоўцы ўрачоў, у нас нядрэнная. Калі недзе дрэнна, то гэта недапрацоўка рэктараў", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Школа падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў у Беларусі заснавана на навуковых дасягненнях і велізарным практычным вопыце, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. За апошнія гады, паводле яго слоў, шмат зроблена ў сферы практыка-арыентаванага навучання, развіваюцца сімуляцыйныя і смарт-тэхналогіі, працуюць універсітэцкія клінікі. "У сувязі з гэтым падрыхтоўка кваліфікаваных спецыялістаў застаецца ключавой задачай і павінна забяспечваць перспектыўныя патрэбнасці галіны", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Характарызуючы падрыхтаваны праект указа, ён падкрэсліў, што навацыі, вядома, патрэбны, асабліва з улікам геапалітычных трансфармацый у свеце і санкцыйнага націску. "Нам неабходна ўдасканальваць уласную сістэму, укараняць у сябе ўсё самае лепшае і перадавое. Але не капіраваць слепа замежныя стандарты", - заявіў беларускі лідар.

Аб выніках дыскусіі ў тым, што датычыцца паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў, журналістам расказаў міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч. На пытанне глянулі значна шырэй, чым планавалася першапачаткова. "Ішла размова аб паслядыпломнай падрыхтоўцы. Мы да гэтага прынамсі рыхтаваліся ў тым ліку. Але Прэзідэнт паставіў значна больш шырокія рамкі. Пастаўлены былі пытанні дыпломнай падрыхтоўкі ў тым ліку. Пачынаючы з прафарыентацыі і адбору ў лік студэнтаў", - адзначыў міністр.

У медыцыне, як і ў шэрагу іншых сфер, існуе сістэма бесперапыннай прафесійнай адукацыі - з моманту паступлення на першы курс медуніверсітэта і заканчваючы днём, калі спецыяліст вырашае завяршыць сваю прафесійную кар'еру. Увесь гэты час суправаджаецца бесперапыннай прафесійнай адукацыяй. "Таму Прэзідэнтам была пастаўлена значна больш шырокая палітра пытанняў да нас", - сказаў Дзмітрый Піневіч.

Ён канстатаваў, што патрабаванні цяпер да спецыялістаў у медыцыне ўсё ўзрастаюць. Менавіта зыходзячы з гэтага пытанні павышэння кваліфікацыі і паслядыпломнай падрыхтоўкі, уключаючы прапанаваныя навацыі, сталі прадметам абмеркавання на вышэйшым узроўні. "Мы выйшлі затым на абмеркаванне пытанняў функцыянавання клінічных баз, універсітэцкіх клінік, РНПЦ і іншых відаў устаноў аховы здароўя. Адбылося шырокае абмеркаванне пытанняў, якое заключаецца толькі ў адным - якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, асабліва ў сферы высокіх медыцынскіх тэхналогій", - расказаў міністр.

Што датычыцца выніку, то кропка праведзенай размовай не пастаўлена. Плануецца падрыхтаваць інтэграцыйны нарматыўны дакумент, які будзе яшчэ раз прадстаўлены кіраўніку дзяржавы. "Мяркую, што мы адкажам там на ўсе выклікі, пра якія мы сёння гаварылі. Але значна шырэй, чым тое, з чым мы прыйшлі на нараду", - заявіў Дзмітрый Піневіч.

Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі высокія тэхналогіі па шэрагу медыцынскіх напрамкаў, уключаючы, напрыклад, кардыялогію, траўматалогію і артапедыю, ужо дастаткова шырока ўкаранёны па ўсёй краіне. Многія аперацыі праводзяцца ў рэгіянальных цэнтрах. Больш за тое, у кожным абласным цэнтры ў медустановах праводзяць трансплантацыю ныркі. І гэта робіць Беларусь унікальнай як мінімум сярод краін постсавецкай прасторы, ды і ў астатняй частцы Еўропы мала хто можа пахваліцца такім шырокім ахопам. "Мы ўжо цяпер можам у нейкай ступені гаварыць, што высокія тэхналогіі прыйшлі і ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў ужо даволі нядрэнны", - сказаў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі