Сцяг Аўторак, 27 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
14 лютага 2023, 13:27

Прэзідэнт даручыў вывучыць работу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый

14 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў даручыў вывучыць работу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На разгляд кіраўніка дзяржавы быў вынесены праект указа па пашырэнні функцый цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый. Урад прапануе "дагрузіць" цэнтры дадатковай работай: павялічыць колькасць і пашырыць пералік абслугоўваемых бюджэтных арганізацый, даць цэнтрам магчымасць прадстаўляць інтарэсы арганізацый у судах, выступаць заказчыкамі пры будаўніцтве.

Аднак перад тым як заслухаць падрабязны даклад аб новаўвядзеннях, адобрыць або адхіліць іх, Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся перадгісторыяй пытання. Прэзідэнт удакладніў, як наладжана работа гэтых устаноў і наколькі ў цэлым аказалася правільным рашэнне аб стварэнні такіх структур.

Як расказаў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў, раней гасгрупы і бухгалтарскія службы былі ў кожнай дзяржустанове. Аднак па розных прычынах абавязкі, якія яны выконвалі, вырашылі перадаць на аўтсорс. Каб гэта работа была цэнтралізаванай, у 2020 годзе ў Беларусі стварылі спецыяльныя цэнтры па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, яны і сталі займацца іх бухгалтэрыяй, забеспячэннем, тэхабслугоўваннем і іншымі пытаннямі. Сёння пры выканкамах у краіне працуе 181 такі цэнтр, яны абслугоўваюць больш як 9 тыс. арганізацый, далажыў міністр.

"Сёння нам не трэба ў кожнай школе мець бухгалтара, спецыяліста па закупках, юрыста, без якога гаспадарчую дзейнасць ажыццяўляць нельга. Цяпер гэтыя людзі знаходзяцца ў цэнтры і могуць ажыццяўляць гэтыя функцыі для рознай колькасці арганізацый", - растлумачыў Юрый Селіверстаў.

Заслухаўшы дакладчыкаў, Прэзідэнт усумніўся, што прынятыя раней меры прынеслі чаканы эфект. Акрамя таго, у кіраўніка дзяржавы ўзніклі пытанні да юрыдычнага боку пытання: цэнтры існуюць пры выканкамах, але выведзены з іх структуры, і да канца не зразумела, каму яны падпарадкоўваюцца.

"Заплануйце мне паездку ў адзін з раёнаў. Я паеду ў раён і пагляджу, як гэта функцыянуе, - даручыў Аляксандр Лукашэнка. - Цэнтралізавалі - гэта правільна. Сабралі ў кучу - калі ласка. Але пажадана, каб цэнтралізацыя была матываванай. Калі вы цэнтралізавалі і напалову скарацілі, добра. Не дай бог, я паеду ў райвыканкам і ўбачу там хоць нешта не так".

Прэзідэнт падкрэсліў, што гэтыя цэнтры павінны знаходзіцца ў непасрэдным падпарадкаванні старшыні выканкама і не дубліраваць функцыі іншых структур, напрыклад, упраўленняў па капітальным будаўніцтве, якія таксама знаходзяцца ў падпарадкаванні мясцовых органаў улады.

"Больш таго. Пачынаем хамутаць на тым, што яшчэ не адпрацавана. Не прапрацаваўшы, вось так выпіхваць на Прэзідэнта напрамак дзейнасці ў цэлай краіне. Час ужо не фармальна падыходзіць да гэтага пытання, - раскрытыкаваў распрацоўшчыкаў дакумента кіраўнік дзяржавы. - Таму разбірайцеся і потым уносьце прапановы, каб гэта было строга выбудавана пад выканкам. У нас выканкамы сёння не перагружаны, яны часам не ведаюць, чым займацца. Самае галоўнае, як нашы новаўвядзенні, якія мы плануем, паўплываюць на дзейнасць новаўключаемых бюджэтных арганізацый, асабліва ў рэгіёнах? Абгрунтаваныя павінны быць крокі, і мы павінны ад гэтых крокаў атрымліваць эфэкт".

Аляксандр Лукашэнка даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю вывучыць на месцах работу цэнтраў па абслугоўванні бюджэтных арганізацый, праманіторыць, наколькі эфектыўная іх дзейнасць. Адміністрацыі Прэзідэнта даручана прапрацаваць дакумент з юрыдычнага пункту гледжання і максімальна падрабязна прапісаць усе палажэнні, каб у будучым не ўзнікала пытанняў, хто за што адказвае і каму падпарадкоўваецца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі