ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 9 жніўня 2022
Мінск Малавоблачна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
31 мая 2022, 14:44

"Правялі аперацыю без шуму, без стрэлаў". Лукашэнка раскрыў падрабязнасці вызвалення беларусаў ва Украіне

Фота з архіва
Фота з архіва

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час уручэння дзяржаўных узнагарод супрацоўнікаў КДБ раскрыў падрабязнасці праведзенай імі спецыяльнай аперацыі ва Украіне па вызваленні беларускіх грамадзян, паведамляе БЕЛТА.

Прадстаўнікі беларускай спецслужбы за ўзорнае выкананне воінскага абавязку і высокі прафесіяналізм былі ўзнагароджаны медалём "За адзнаку ў воінскай службе".

"У нас сёння незвычайны фармат, хоць вы заслугоўваеце, напэўна, самых добрых слоў і самых яркіх пазіцый у сродках масавай інфармацыі. Але ж не я выбіраў жыццё для вас. Вы выбралі такое жыццё, такую службу. Я вам вельмі ўдзячны за гэта. Гэта сапраўдная мужчынская служба", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівыя словы ўдзячнасці супрацоўнікам КДБ кіраўнік дзяржавы выказаў за паспяховае правядзенне аперацыі па вызваленні некалькіх дзясяткаў беларускіх грамадзян, якія знаходзіліся фактычна ў палоне на тэрыторыі Украіны.

"Зразумела, не па сваёй волі аказаліся заложнікамі, і не толькі сітуацыі, але і асобных жаданняў самых дрэнных людзей ва Украіне. Калі пачалася спецаперацыя Расійскай Федэрацыі, нашы людзі, некалькі дзясяткаў, засталіся там, адкрыта скажам, заложнікамі сітуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем'і", - раскрыў некаторыя падрабязнасці Прэзідэнт.

Ён са шкадаваннем адзначыў, што двум беларусам так і не пашчасціла вярнуцца дадому. Яшчэ да пачатку аперацыі беларускіх спецслужбаў яны былі забіты ўкраінцамі. "Настане час, мы разбяромся і з імі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Я, помню, тады сказаў аб тым, што калі нам не вернуць хлопцаў, то мы правядзём у тым ліку і вострую спецаперацыю для вызвалення нашых беларусаў. Камітэту дзяржбяспекі было даручана падрыхтаваць гэта мерапрыемства і вызваліць нашых людзей. Пры вашым непасрэдным удзеле, пад вашым кіраўніцтвам была праведзена гэта аперацыя без адзінага стрэлу. Па-мойму, ва Украіне так ніхто і не разабраўся, як гэта здарылася. Вы вярнулі людзей у свае сем'і. Вельмі высакародная справа для ваеннага чалавека - без шуму, без стрэлаў вярнуць дзясяткі людзей дадому. Таму я вам вельмі ўдзячны за ваш учынак", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўручае ўзнагароды за "вялікую справу, здзейсненую ў інтарэсах дзяржавы", і ўручае іх як ніколі з задавальненнем. "Дзяржава абавязана не толькі гэтымі ўзнагародамі, - адзначыў ён. - Не падвялі Прэзідэнта, паднялі сваё ведамства на яшчэ адну прыступку, паказаўшы, што ў нас ёсць дастойныя прафесіяналы".

Упершыню аб праведзенай Камітэтам дзяржаўнай бяспекі аперацыі ва Украіне Аляксандр Лукашэнка расказаў яшчэ 7 красавіка на пасяджэнні Савета бяспекі.

"Дайшло да таго, што гэтыя нягоднікі пачалі захопліваць там нашых людзей, перш за ўсё вадзіцеляў аўтамабіляў, якія ў той час трапілі туды. Арыштавалі паўтары тысячы нашых вагонаў, захапілі нашы аўтамабілі і да сотні, па-мойму, нашых хлопцаў, якія кіравалі гэтымі фурамі. Я папярэджваў украінцаў, што мы вымушаны будзем правесці спецыяльную аперацыю па вызваленні гэтых людзей. Мы такую спецыяльную аперацыю правялі і ўсіх нашых людзей вызвалілі", - заявіў тады кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі