
7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сталі вядомы падрабязнасці пра падарунак Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на 70-гадовы юбілей свайму расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Трактар BELARUS 1523.3 з'яўляецца флагманскай мадэллю Мінскага трактарнага завода павышанага тэхнічнага ўзроўню. Пад капотам рухавік ММЗ магутнасцю 155 к.с. Абліцоўка кузава выканана ў дызайне, які дэманструе новы вектар развіцця аблічча мадэльнай лінейкі BELARUS TRACTORS. У трактары прыменена святлатэхніка холдынга "Аўтакампаненты" з кропкавай оптыкай. Сучасная панарамная кабіна з таніраваным шклом забяспечвае камфорт, бяспеку, герметычнасць і шырокі агляд. Спецыяльнае падрысорванне кабіны змяншае перадачу вібрацый на рабочае месца аператара. Сама кабіна забяспечана камфортным сядзеннем з пнеўмападвескай, сістэмай клімат-кантролю, люстэркамі з электрарэгуляваннем, магнітолай. Акрамя таго, у ёй устаноўлены шчыток прыбораў, які паляпшае дызайн інтэр'ера і інфарматыўнасць.
За кошт гідрастатычнага кіравання тармазамі і счапленнем, больш эрганамічнага размяшчэння рычагоў кіравання гідрасістэмай павышана прадукцыйнасць і палепшаны ўмовы кіравання трактарам. Тармазы мокрага тыпу павялічваюць эфектыўнасць і надзейнасць тармажэння.
Падарунак будзе выкананы на аснове базавай мадэлі па спецыяльным тэхнічным заданні. Цяпер трактар збіраюць у цэху доследнай вытворчасці.-0-