ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 28 студзеня 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 снежня 2020, 10:42

Ордэны, медалі і ганаровыя званні - узнагарод удастоены больш за 60 прадстаўнікоў розных галін

Фота з архіва
Фота з архіва

2 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Больш за 60 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці ўдастоены дзяржаўных узнагарод. Адпаведны ўказ Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 1 снежня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад у забеспячэнне законнасці, умацаванне правапарадку, папярэджанне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, аказанне высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі і ўкараненне новых медыцынскіх тэхналогій, заслугі ў развіцці перапрацоўчай прамысловасці, сельскай гаспадаркі, дарожнай галіны, сферы адукацыі, навукі, культуры і мастацтва.

Ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны загадчык кафедры цеплавых электрычных станцый Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Мікалай Карніцкі, загадчык кафедры лазернай тэхнікі і тэхналогіі БНТУ Мікалай Куляшоў, дырэктар Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Алег Румо, генеральны дырэктар Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук па матэрыялазнаўстве Валерый Федасюк. Намеснік начальніка Дэпартамента - начальнік упраўлення тылавога забеспячэння Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Андрэй Дайліда ўдастоены ордэна "За службу Радзіме" III ступені.

Прадстаўнікі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта ўзнагароджаны ордэнам Пашаны. У іх ліку загадчык кафедры трактароў Уладзімір Байкоў, прафесар кафедры канструявання і вытворчасці прыбораў Уладзімір Мінчэня і дэкан архітэктурнага факультэта Армен Сардараў. Заслугі члена Беларускага саюза архітэктараў Вальмена Аладава адзначаны ордэнам Францыска Скарыны.

Шэраг супрацоўнікаў органаў пагранічнай службы ўдастоены медаля "За адзнаку ў воінскай службе". Сярод іх начальнік групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння органаў пагранічнай службы Анатоль Казючыц, начальнік аддзялення баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 20-га пагранічнага атрада пагранічнай службы Андрэй Талако. Намесніку начальніка галоўнага ўпраўлення Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Сяргею Лепушэнку прысуджаны медаль "За адзнаку ў ахове дзяржаўнай граніцы". Медалём "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўзнагароджаны старшы оперупаўнаважаны і старшы оперупаўнаважаны па асабліва важных справах аддзела па раскрыцці асабліва цяжкіх і цяжкіх злачынстваў супраць асобы УУС Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Бялоўскі і Максім Івончык.

Акрамя таго, вялікая група прадстаўнікоў сфер адукацыі, навукі і культуры, дарожнай, будаўнічай і прамысловай галін удастоена медалёў "За працоўныя заслугі" і Францыска Скарыны.

У адпаведнасці з указам ганаровае званне заслужанага артыста Беларусі прысвоена мастацкаму кіраўніку эстраднага аддзялення ўзорна-паказальнага аркестра ансамбля Інстытута пагранічнай службы Алегу Сямёнаву. Заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі стала выкладчык народнага (характэрнага) і беларускага танца Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа Ніна Дзьячэнка. Генеральны дырэктар дзяржаўнага навукова-вытворчага аб'яднання "Оптыка, оптаэлектроніка і лазерная тэхніка" Мікалай Казак удастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі Беларусі.

Загадчыку кафедры машыназнаўства і дэталей машын БНТУ Анатолю Скайбеду прысвоена званне "Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь". Загадчык кафедры алгебры і методыкі выкладання матэматыкі і загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Мікалай Вараб'ёў і Ганна Мезенка ўдастоены ганаровага звання "Заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь".

Званне заслужанага работніка прамысловасці Беларусі прысуджана дырэктару прадпрыемства "Тэхналіт" Аляксандру Бадзяку, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі - генеральнаму дырэктару Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі Ганне Норкус. Намеснік генеральнага пракурора Генадзь Дыско стаў заслужаным юрыстам Беларусі, пракурор Мінскай вобласці Сяргей Хмарук - заслужаным работнікам органаў пракуратуры Беларусі. Начальнік упраўлення выканання прыгавораў Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Жанна Батурыцкая ўдастоена ганаровага звання "Заслужаны супрацоўнік органаў унутраных спраў Беларусі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі