ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 4 кастрычніка 2022
Мінск +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 чэрвеня 2022, 20:28

Ордэны, медалі, ганаровыя званні. Дзяржузнагарод удастоены 75 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці

27 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 чэрвеня падпісаў указ "Аб узнагароджанні". Дзяржаўных узнагарод удастоены 75 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Ордэны, медалі і ганаровыя званні прысвоены за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, узорнае выкананне службовых абавязкаў, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне абараназдольнасці рэспублікі і забеспячэнне законнасці, развіццё сельскай гаспадаркі, транспартнай і будаўнічай галін, выдатныя творчыя дасягненні, заслугі ў сферы аховы здароўя, адукацыі, навукі, культуры, мастацтва і спорту.

Так, старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Свіслач" Васіль Густыр і старшыня вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко Сяргей Крамко ўдастоены ордэна Айчыны ІІІ ступені.

Ордэнам "За службу Радзіме" ІІІ ступені ўзнагароджаны начальнік галоўнай ваеннай інспекцыі Узброеных Сіл Іван Багуслаўскі, начальнік інжынерных войскаў Узброеных Сіл - начальнік упраўлення інжынерных войскаў Генеральнага штаба Андрэй Куракоў, начальнік аўтамабільнага ўпраўлення Міністэрства абароны Сяргей Томчык, старшыня Спартыўнага камітэта Узброеных Сіл Анатоль Ханеўскі. Ордэна Пашаны ўдастоены суддзя Вярхоўнага суда Ігар Любавіцкі.

Група ваеннаслужачых узнагароджана медалём "За адзнаку ў воінскай службе". Сярод іх камандзір 86-й брыгады сувязі Дзяніс Бадуноў, начальнік 114-й гвардзейскай школы па падрыхтоўцы прапаршчыкаў і спецыялістаў харчовай службы Аляксей Калыванаў, начальнік зенітных ракетных войскаў - начальнік упраўлення зенітных ракетных войскаў камандавання ВПС і войскаў ППА Сяргей Фралоў.

Медаля "За адзнаку ў ахове грамадскага парадку" ўдастоены следчыя з розных рэгіёнаў краіны. Сярод іх следчы па асабліва важных справах галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Леанід Андрушкевіч, намеснік начальніка УСК па Гродзенскай вобласці Віктар Федасенка, начальнік следчага ўпраўлення УСК па Брэсцкай вобласці Аляксандр Пратасавіцкі.

У ліку ўзнагароджаных медалём "За працоўныя заслугі" старшыня суда Чыгуначнага раёна Гомеля Мікалай Бакуноў, сырароб-майстар Пастаўскага малочнага завода Ніна Барсук, настаўнік фізкультуры Кадзінскай сярэдняй школы Леанід Камароў, суддзя Вярхоўнага суда Юрый Руткоўскі, дырэктар Салігорскага дзяржаўнага каледжа Алена Хаміцэвіч.

Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны мастацкі кіраўнік Маладзёжнага тэатра эстрады Уладзіслава Арцюкоўская, эстрадны выканаўца Руслан Беразоўскі, артыст Беларускага дзяржаўнага ансамбля "Песняры" Алег Жалезнякоў, намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце - начальнік навукова-вытворчага цэнтра "ХімФармСінтэз" Інстытута біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Алена Калінічэнка, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў.

Указам таксама прысвоены ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (у 2005-2022 гадах) Мікалай Чаргінец стаў народным пісьменнікам Беларусі. Ганаровае званне народнага артыста Беларусі прысвоена артысту балета (салісту) - вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Антону Краўчанку і артысту драмы, вядучаму майстру сцэны Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Тамары Міронавай.

Ганаровага звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь" удастоены артыст балета Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Аляксандр Глазко, мастацкі кіраўнік Музычнага прадзюсарскага цэнтра "Залатыя галасы" Валерый Шмат, вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага Руслан Чарнецкі.

Кампазітар і прадзюсар Яўген Алейнік стаў заслужаным дзеячам мастацтваў Беларусі, прарэктар па навуковай рабоце Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Алег Дземідзенка - заслужаным дзеячам навукі, дырэктар Полацкага каледжа Таццяна Полушкіна - заслужаным работнікам адукацыі, галоўны ўрач 19-й цэнтральнай раённай паліклінікі Першамайскага раёна Мінска Вера Стасевіч - заслужаным работнікам аховы здароўя, генеральны дырэктар прадпрыемства "Галоўдзяржбудэкспертыза" Віктар Пятруша - заслужаным будаўніком, намеснік старшыні Вярхоўнага суда Андрэй Забара - заслужаным юрыстам.

Камандуючаму ВПС і войскамі ППА Ігару Голубу і начальніку сувязі Узброеных Сіл - начальніку ўпраўлення сувязі Генеральнага штаба Алегу Мішчанку прысвоена ганаровае званне заслужанага спецыяліста Узброеных Сіл. Трэнер-псіхолаг нацыянальнай каманды па скачках на батуце Ірына Конан удастоена ганаровага звання "Заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь", трэнер-выкладчык па самба Бабруйскага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву Нона Жукавец - "Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі