ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 7 снежня 2022
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 жніўня 2022, 12:36

"Не менш як 15 гадоў!" Лукашэнка ставіць задачу па забеспячэнні захаванасці сельгастэхнікі

19 жніўня, Пружанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе забяспечваць захаванасць камбайнаў і энерганасычаных трактароў у гаспадарках на працягу не менш як 15 гадоў. Аб гэтым ён заявіў у ходзе рабочай паездкі ў Пружанскі раён, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандру Лукашэнку на мехдвары ААТ "Жураўлінае" ў Пружанскім раёне далажылі аб стане машынных двароў у цэлым у Брэсцкай вобласці, работах па давядзенні шэрага з іх да належнага ўзроўню.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на забеспячэнне захаванасці дарагой тэхнікі. Напрыклад, камбайны ў лепшых гаспадарках працуюць і да 20 гадоў. Таму Прэзідэнт арыентуе хаця б на тэрмін 15 гадоў. "Але не 10! Па тэхніцы будзем весці размову аб службе камбайнаў і энерганасычаных трактароў 15 гадоў. Не менш", - падкрэсліў беларускі лідар.

Ён запэўніў, што на наступны год заказ рэгіёна па тэхніцы будзе выкананы, але важна забяспечыць захаванасць і належнае абслугоўванне.

"Трэба берагчы. Гэта вялікія грошы!" - патрабуе Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з механізатарамі. Адзін з іх расказаў, што ў яго сям'і чацвёра дзяцей.

"Вось такім трэба дапамагаць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Наш чалавек".

Затым адбылася прадметная размова кіраўніка дзяржавы з мясцовым токарам. Высветлілася, што пажадана б закрыць пытанне па некаторых дэталях для тэхнікі.

"Таксама задача прамыслоўцам", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка ў плане пастаноўкі чарговай задачы да чыноўнікаў, якія суправаджалі яго.

Аляксандру Лукашэнку таксама далажылі аб рабоце "Брэстаблаграсэрвісу". Арганізацыя займаецца тэхнічным абслугоўваннем і рамонтам рознай тэхнікі для сельскай гаспадаркі. Прадэманстравалі аўтамабіль, абсталяваны ўсім неабходным для выязнога тэхнічнага абслугоўвання.

Тут Прэзідэнт зноў нагадаў аб сваім даручэнні па забеспячэнні захаванасці тэхнікі не менш як 15 гадоў. І "імем рэвалюцыі" мінімум 3 гады гарантыйнага абслугоўвання, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўніку беларускай дзяржавы паказалі апырсквальнікі для падкормкі і апрацоўкі сельгаскультур. Вытворца айчынны з Брэсцкай вобласці.

"Гэта цуда-тэхніка. Добрая, патрэбная тэхніка. Гэта тое, што нам трэба", - ацаніў вырабы Аляксандр Лукашэнка.

Але адразу спытаў аб лакалізацыі, колькі ў гэтай тэхніцы айчыннага. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у залежнасці ад мадэлі 52-63 працэнты.

"Трэба лакалізоўвацца, мужыкі. Трэба настройвацца", - сказаў беларускі лідар.

Пытанне прадаўжэння гарантыі на айчынную тэхніку было ўзнята і ў час размовы кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Жураўлінае" і жыхарамі раёна. Так супала, што гэту ж тэму закрануў адзін з работнікаў у пытанні Аляксандру Лукашэнку.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз цалкам падтрымаў гэту прапанову, адзначыўшы, што ўжо даў неабходныя даручэнні. Ён растлумачыў сутнасць пытання. "Так, мы фактычна штурмам ствараем новую тэхніку. У нас няма 10 гадоў для таго, каб ствараць трактар або камбайн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Але часам пры хуткай распрацоўцы і стварэнні тэхнікі ў працэсе эксплуатацыі могуць выяўляцца тыя ці іншыя недапрацоўкі, і за гэта павінен адказваць вытворца. "Чые гэта праблемы? Не вяскоўцаў жа", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Гэта пытанне вырашана. Тры гады гарантыйнага абслугоўвання павінна быць для тэхнікі. Асабліва энерганасычаныя трактары і камбайны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама лічыць, што па энерганасычанай тэхніцы ў будучым трэба рухацца і да 5 гадоў гарантыйнага перыяду. А па звычайнай - не менш як тры гады.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб даручэнні, каб прампрадпрыемствы забяспечвалі аператыўны рамонт тэхнікі, аднаўлялі яе на працягу сутак.

"Мы па ўсіх напрамках кантралюем эксплуатацыю тэхнікі. Але і вы таксама глядзіце, каб своечасова тэхнічнае абслугоўванне прайшлі, не мучце гэту тэхніку. Калі нельга ехаць у поле, не едзьце, не ламайце. Таму што калі гэты трактар выйдзе са строю, гэта вам трэба ў вашай гаспадарцы чвэрць збожжа потым на рамонт аддаць. Беражыце тэхніку. Яе трэба берагчы. У вас у гаспадарцы для гэтага ўсё ёсць. Гэта гаспадарка ўзорная была створана як маяк для таго, каб разумець, куды імкнуцца", - сказаў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі