Сцяг Субота, 15 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
30 красавіка 2024, 13:01

Лукашэнку ў Касцюковічах прадэманстравалі новую аўтакраму Белкаапсаюза

30 красавіка, Касцюковічы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Касцюковіцкі раён азнаёміўся з новай аўтакрамай Белкаапсаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аўтамагазін "Купава" выраблены Мінскім аўтамабільным заводам. Як праінфармавала старшыня праўлення Белкаапсаюза Інеса Караткевіч, за два гады спажыўкааперацыяй ужо набыта 86 такіх машын. У гэтым годзе будзе пастаўлена яшчэ 118 адзінак. Усяго ж на працягу некалькіх гадоў Белкаапсаюзу неабходна закупіць 414 аўтакрам. Кошт адной машыны амаль Br225 тыс., яна можа перавозіць да 5,5 т тавару.

"Гэта машына адпавядае ўсім патрабаванням: і тэхналагічным, і тэхнічным, і санітарным. Усім абсталявана", - адзначыла Інеса Караткевіч.

Аляксандр Лукашэнка таксама паразмаўляў і з прадаўцом аўтакрамы Людмілай, падзякаваўшы ёй за працу.

"Дзякуй табе, Люда, за абслугоўванне людзей. Праца няпростая, але ўдзячная: людзі вельмі ўдзячныя, калі прыязджаеш, так? Тым больш усё ёсць, што ў магазіне, проста аб'ёмы іншыя. А большага аб'ёму табе, напэўна, і не трэба?" - сказаў пра асартымент Прэзідэнт.

"Большага не трэба. Вельмі добрая машына. Зручная, прасторная. Шмат халадзільнікаў і маразільная камера. Я задаволена машынай", - падзялілася сваім меркаваннем Людміла.

"Гэта значыць, гэтай машыне быць, яна зручная?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Зручная", - запэўнілі кіраўніка дзяржавы.
"Калі вы ўстановіце кантроль за работай гэтых машын, вы зніміце праблему па абслугоўванні", - адзначыў Прэзідэнт.

Паводле слоў Інесы Караткевіч, Белкаапсаюз правёў інвентарызацыю, і высветлілася, што на балансе падпарадкаваных яму арганізацый 633 аўтамагазіны, 414 поўнасцю зношаны.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць пытанне закупкі новых аўтакрам для Белкаапсаюза. Пры гэтым асноўныя затраты павінны легчы на спажыўкааперацыю, дапамогуць ёй аблвыканкамы.

У той жа час Прэзідэнт запатрабаваў не забываць і пра існуючы аўтапарк, пры магчымасці займацца аднаўленнем старых машын: "Гэта будзе ў два разы танней, чым ты купіш новую, а зробяць такую ж".
Аб неабходнасці якаснага абслугоўвання сельскага насельніцтва і жыхароў аддаленых рэгіёнаў Аляксандр Лукашэнка нагадаў 16 лютага на агульным сходзе прадстаўнікоў членаў Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў. Тады кіраўнік дзяржавы ў тым ліку закрануў работу аўтакрам.

"Вы павінны быць правадніком айчынных тавараў у рэгіёны, асабліва ў глыбінку. Ад гэтага выйграюць усе. Але ўважліва ацаніце перспектывы. Калі гэта апраўдана, пастаўце на маршрут аўтакраму з нармальным графікам работы. Вяскоўцы павінны атрымаць якасную замену стацыянарнаму магазіну", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Ён адзначыў, што сельскіх жыхароў сёння абслугоўваюць і пошта, і сацабарона, і фельчарска-акушэрскія пункты. "Старшыні райвыканкамаў не працуюць: яны гэта павінны аб'яднаць, выпрацаваць лагістыку. Едзе Белкаапсаюз - можна завезці туды і пошту, і лякарствы падкінуць, і гэтак далей", - прапанаваў Аляксандр Лукашэнка.

Магазіны на колах, падкрэсліў ён, павінны быць сучаснымі і зручнымі для пакупнікоў. Кіраўнік дзяржавы даручыў узяць гэтыя пытанні на кантроль і Адміністрацыі Прэзідэнта.

"Гэтыя магазіны на колах павінны быць такімі, каб з маршруту яны не маглі з'ехаць - адразу "засвецяцца". Вы гаворыце, нерэнтабельныя гэтыя аўтакрамы. А вы паглядзіце, куды яны ездзяць і што робяць, - паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. - У нас ёсць айчынныя напрацоўкі, якія, я ўпэўнены, дадуць магчымасць дастойна абнавіць аўтапарк. Улічваючы сацыяльнае значэнне такога фармату, даручаю ўраду, губернатарам прапрацаваць пытанні фінансавага забеспячэння набыцця сучасных абсталяваных аўтамабіляў для гэтых мэт".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі