Сцяг Чацвер, 23 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 студзеня 2024, 15:00

Лукашэнка звярнуў увагу, што ў навуцы трэба ісці ад жыцця

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У фундаментальных і прыкладных навуковых даследаваннях трэба ісці ад жыцця. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара навуковым і навукова-педагагічным работнікам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Трэба фінансаваць у навуцы тое, што нам цяпер патрэбна. Зразумела, без вывучэння і пашырэння фундаментальнай навукі немагчыма. Але давайце рухаць фундаменталізм, які будзе садзейнічаць прыкладной тэматыцы, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Трэба больш ад жыцця (ісці. - Заўвага БЕЛТА)".

"Ну навошта нам фундаментальная і нават прыкладная навука ў тых галінах, дзе і школ у нас няма, і наогул гэтым мы займацца не будзем, таму што гэта катастрафічна дорага?" - заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў неабходнасць выдзеліць, якія напрамкі ў навуцы прыярытэтныя і могуць прэтэндаваць на дзяржаўную падтрымку. "Нам трэба дакладна вызначацца, у якім напрамку рухацца. Гэта я гавару і для арганізатараў нашай навукі, і для міністра адукацыі, і для ВАК (Вышэйшай атэстацыйнай камісіі. - Заўвага БЕЛТА). Каб яны былі сапраўдным "чысцілішчам", каб ні ў якім выпадку не прапускалі "абы-што", як у народзе кажуць", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прыклады такіх навуковых даследаванняў, якія маюць прыкладны характар, былі прадстаўлены Прэзідэнту ўдзельнікамі цырымоніі.

Прафесар кафедры вочных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Галіна Сямак расказала аб распрацоўцы і ўкараненні ў клінічную практыку метаду лячэння, які дазваляе аднавіць і захоўваць празрыстасць рагавіцы вока, не звяртаючыся да трансплантацыі. Пры гэтым выкарыстоўваецца айчынны прэпарат гіялуронавай кіслаты. Беларуская методыка лячэння ўжо зацікавіла клінікі ў Расіі, і цяпер вядзецца работа па рэгістрацыі там беларускага прэпарату. Як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, такія навуковыя даследаванні трэба падтрымліваць.

Размова ішла таксама аб распрацоўцы айчынных метадаў спектраскапіі, якія даюць магчымасць з высокай дакладнасцю вызначаць склад і якасныя характарыстыкі прадуктаў нафтахіміі, будаўнічай і харчовай прамысловасці, іншай прадукцыі. Гэты метад, напрыклад, выкарыстоўваецца для выяўлення падробленых вырабаў, у тым ліку прадуктаў харчавання. За яго распрацоўку вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук удастоены вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Міхаіл Хадасевіч.

"Гэта вельмі важна, асабліва ў Год якасці, гэта адносіцца і да якасці", - ацаніў распрацоўку беларускіх вучоных кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адзін прыклад прыкладных даследаванняў - распрацоўкі для мадыфікацыі ўласцівасцей гумы з мэтай паляпшэння яе эксплуатацыйных параметраў за кошт павышэння зносаўстойлівасці, устойлівасці да цеплавога старэння і да ўздзеяння вуглевадародных асяроддзяў. Пра гэта расказала прафесар кафедры палімерных і кампазіцыйных матэрыялаў Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, доктар тэхнічных навук Жанна Шашок. Паводле яе слоў, вучоныя працуюць у цеснай звязцы з прадпрыемствам "Белшына". Дзякуючы ў тым ліку прыкладным даследаванням там вырабляюць добрыя шыны для легкавых, грузавых аўтамабіляў, сельскагаспадарчай тэхнікі. А цяпер сумеснымі намаганнямі ідзе работа над паляпшэннем якасці айчынных звышбуйнагабарытных шын. У Беларусі іх вырабляюць, і якасць, паводле слоў Жанны Шашок, нядрэнная, але хацелася б палепшыць шэраг характарыстык. Вучоныя над гэтым працуюць, ужо ёсць узоры, якія праходзяць выпрабаванні.

На сустрэчы з вучонымі падрабязна таксама пагаварылі аб развіцці ў краіне мікраэлектроннай прамысловасці. У Беларусі яшчэ з савецкіх часоў захаваны адпаведныя навуковыя школы і вытворчасці, ёсць шэраг дасягненняў і ў суверэнны перыяд.

"Тэндэнцыі развіцця ўласнай мікраэлектроннай галіны і нанатэхналогій у Беларусі, захаванне існуючых і падрыхтоўка новых кадраў, якія валодаюць кампетэнцыямі ў гэтых галінах, абнаўленне і стварэнне новай матэрыяльна-тэхнічнай базы своечасовыя і апраўданыя", - падкрэсліла доктар тэхнічных навук, загадчыца лабараторыі "Прыкладная плазмоніка" БДУІР Ганна Бандарэнка.

Распрацоўкі ў гэтай сферы шырока запатрабаваны ў рэальным сектары эканомікі, і ў Беларусі вырабляюць асноўную лінейку мікраэлектроннай прадукцыі, якая патрэбна для прамысловасці, у абаронным сектары. Аднак з развіццём сучаснай тэхнікі памеры кампанентаў пастаянна змяншаюцца. Беларускія вучоныя і вытворцы ў гэтым напрамку таксама працуюць, але важна разумець запатрабаванасць, аб'ёмы рынку, ацаніць мэтазгоднасць, перш чым укладваць вялікія інвестыцыі на мільярды долараў.

Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане ставіць пытанне шырэй - справа нават не ў грошах, а ў перспектыве: "Мяне хвалюе, ці не атрымаецца так, што жыццё будзе рухацца наперад, спатрэбіцца і 10, і 15, і 7 нанаметраў. І мы будзем не патрэбны рынку (з цяперашняй размернасцю прадукцыі. – Заўвага БЕЛТА)".

"Мы адпрацоўваем гэтыя тэхналогіі. Будзем гатовы (у перспектыве. - Заўвага, БЕЛТА) прапанаваць прамысловасці. Мы тут не адстаём ад сусветных дасягненняў, паэтапна зніжаем размернасць, але цяпер гэта ў шырокім маштабе не трэба. Гэта яшчэ як навуковыя распрацоўкі", - сказаў старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір Гусакоў.

Прэзідэнт разам з тым перасцерагае ад шапказакідальніцтва і разваг аб тым, што Беларусь цяпер вырабляе дастатковую для сябе наменклатуру мікраэлектроннай прадукцыі: "Гэта найперспектыўнейшы напрамак. Без яго не можа быць ніякага развіцця. Паасобку гэта немагчыма зрабіць. І калі ў нас ёсць якая-небудзь група вучоных, практыкаў, якія могуць гэта рабіць, трэба звярнуць на гэта ўвагу. Мы пра гэта гаварылі на "Планары". Нам трэба гэтым займацца, без гэтага няма развіцця. І рынак шалёны сёння".

Аб практычным укараненні навуковых дасягненняў на мерапрыемстве таксама гаварыў рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, прафесар Артур Пуцята. Дарэчы, у навуку ён трапіў шмат у чым дзякуючы спецыяльнаму фонду Прэзідэнта, атрымаўшы на пятым курсе ВНУ стыпендыю. "Гэта надало ўпэўненасці ў сабе, і сёння мой жыццёвы шлях звязаны менавіта з навукай, адукацыйнай дзейнасцю, - сказаў ён. - Прынцып залатога трохвугольніка "навука - адукацыя - вытворчасць" сёння ляжыць і ў аснове развіцця і функцыянавання нашага ўніверсітэта. Мы вельмі актыўна ўзаемадзейнічаем з прадпрыемствамі".
 
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Навука толькі тады жыве, калі вытворчасць, жыццё карыстаецца распрацоўкамі і дасягненнямі навукі".

У гэтым плане ў свой час на дзяржаўным узроўні былі прыняты рашэнні, павышана роля і адказнасць кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь валодае шэрагам кампетэнцый, але ёсць сферы, дзе краіна аб'ектыўна не можа працаваць. "Нам хацелася б, можа, вырабляць касмічныя караблі лепш, чым цяпер у Еўрасаюза, ЗША, Расіі і Кітая. Нам хацелася б, каб яны былі лепшыя і больш якасныя. Але мы гэтага зрабіць не можам, ды і не трэба. У нас ёсць іншыя праблемы, школы іншыя. Мы шмат умеем рабіць іншага. Але куды рухацца - мы павінны гэта ведаць", - прывёў прыклад Аляксандр Лукашэнка.

Ён яшчэ раз падкрэсліў важнасць развіцця навуковай думкі менавіта па тых напрамках, якія патрэбны краіне: "Навука пастаўлена ў аснову асноў. Далей мы не можам развівацца без навукі. Цяпер трэба рухацца наперад. Тыя рашэнні, якія мы прымалі на зямлі і ў цэхах, - гэта ўжо зроблена. А далей без навукі немагчыма".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што павінны варушыцца і прамыслоўцы, а недзе трэба падцягваць дысцыпліну.

Падводзячы вынік сустрэчы, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў і важнасць работы з моладдзю, каб на змену цяперашняму пакаленню прыходзілі падрыхтаваныя кадры, якія разумеюць, што дасягненні ў тых ці іншых сферах даюцца толькі ўпартай працай, а не ўзнікаюць з інтэрнэту.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі