
6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры правядзенні ўступнай кампаніі трэба забяспечыць справядлівае стаўленне да абітурыентаў, асабліва пры здачы экзаменаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па бягучых пытаннях уступнай кампаніі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Яшчэ раз паўтараю: маё галоўнае патрабаванне - гэта справядлівае стаўленне і справядлівасць, асабліва пры здачы экзаменаў", - звярнуў увагу беларускі лідар. Паводле яго слоў, такі падыход вельмі важна забяспечыць да абітурыентаў, якія робяць першыя самастойныя крокі ў дарослае жыццё. "Гэта маладыя людзі, будучая эліта, будучыя ўпраўленцы краіны. Яны робяць першы рашучы свядомы крок, - сказаў Прэзідэнт. - І гэты крок павінен быць без усялякіх праблем і падазрэнняў".
Прэзідэнт на нарадзе паставіў задачу яшчэ раз прааналізаваць сістэму паступлення і канчаткова вызначыцца з гэтым пытаннем у 2024 годзе. Гэтай тэме будзе прысвечана вялікая нарада па аналогіі з тым, як гэта было нядаўна наконт работы сістэмы аховы здароўя.
"Падкрэслю: памылак або, не дай бог, злоўжыванняў тут быць не павінна. Вы маю пазіцыю ведаеце: павінна быць справядліва і зразумела для людзей", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.-0-