ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 27 чэрвеня 2022
Мінск Малавоблачна +28°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 красавіка 2022, 17:36

Лукашэнка запатрабаваў пазбавіцца ад махровага бюракратызму ў рабоце МНС

У час нарады
У час нарады

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад міністра па надзвычайных сітуацыях Вадзіма Сіняўскага пазбавіцца ад махровага бюракратызму ў рабоце і папярэдзіў яго аб персанальнай адказнасці за вынік. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на нарадзе па пытанні забеспячэння законнасці і правапарадку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Як адзначыў у дакладзе кіраўнік МНС, асноўныя прычыны пажараў у Беларусі на працягу многіх гадоў застаюцца нязменнымі. Так, у 2021 годзе ад пажараў, што ўзніклі з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні, загінулі 514 чалавек, або 82 працэнты ад усіх загінулых пры пажарах.

Вадзім Сіняўскі прызнаў, што ў гэтым годзе МНС не паспела, на жаль, зрэагаваць на надвор'е ў сакавіку і адбыўся істотны, у 11,7 раза, рост пажараў у час выпальвання сухой травы: 105 пажараў, 18 чалавек загінулі. "Безумоўна, прымаюцца меры. З улікам напрацаванага вопыту ў прафілактычнай рабоце мы прымаем меры па ўдасканаленні механізмаў яе правядзення. Сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам паводле заўвагі Генпракуратуры распрацаваны праект пастановы ўрада аб арганізацыі дзейнасці суб'ектаў прафілактыкі па папярэджанні правапарушэнняў, якія садзейнічаюць гібелі людзей, - так званых назіральных камісій, якія павінны займацца пытаннямі папярэджання і прафілактыкі ў сельскай мясцовасці. Ён ужо фактычна з усімі ўзгоднены і знаходзіцца на стадыі разгляду ў Савеце Міністраў", - сказаў кіраўнік МНС.

"Зразумела, пляцоўкамі, патрыятычным выхаваннем і яшчэ камісіямі ўдарым па пажарах, - іранічна адрэагаваў Прэзідэнт. - Пустата нікому не патрэбная. Што тут узгадняць? Прыміце гэтыя рашэнні ў раёнах разам з міліцыяй, трэба - з пракурорам і КДБ. Арганізуйцеся пад эгідай райвыканкама і дзейнічайце. Што вы ўзгадняеце ва ўрадзе? Прычым тут урад? Гэта ж махровы бюракратызм!"

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба прымаць правільныя кіраўніцкія, арганізацыйныя рашэнні, каб штогадовае выпальванне сухой травы зрабіць бяспечным для людзей: "Колькі людзі палілі сухую траву, столькі і будуць паліць. Але гэта не арганізавана ўсё. Калі б на месцы пракурор або старшыня райвыканкама паклікаў бы кіраўнікоў гаспадарак і сказаў: ну-ка вазьміце і абарыце дамы, прысядзібныя ўчасткі, дзе людзі будуць паліць траву. Або зрабіце гэта ў адзін дзень арганізавана. А вы цяпер прымеце нейкую пастанову і пажары спыняцца?"

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час пры выбары новага міністра МНС спыніўся на кандыдатуры Вадзіма Сіняўскага, разлічваючы, што з яго прыходам работа міністэрства стане больш актыўнай і эфектыўнай. "Я вас назначыў збоку, не з МНС (але не далёкі ад МНС малады перспектыўны генерал, які разумее, ведае), каб вы свежым вокам убачылі недахопы і, самае галоўнае, як будзем устараняць гэтыя недахопы, у якім напрамку будзем рухацца", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Аднак пакуль вынікі адваротныя - колькасць пажараў і гібель людзей на іх павялічваюцца. "Павінен быць вынік. Вось ваша зона адказнасці, напрамкі работы і па гэтых напрамках павінны быць вынікі", - звярнуўся кіраўнік дзяржавы да міністра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі