ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 24 мая 2022
Мінск Ясна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
22 снежня 2021, 15:55

Лукашэнка занепакоены сітуацыяй у рэальным сектары Гомельскай вобласці

22 снежня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння на прадстаўленні старшыні Гомельскага аблвыканкама заявіў, што занепакоены сітуацыяй у рэальным сектары Гомельскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў рэальным сектары Гомельскай вобласці на працягу апошніх гадоў адсутнічае эканамічны рост. За два гады валавы рэгіянальны прадукт скараціўся на 0,1 працэнта.

"Гэта пацвярджае і штыль у дзелавой актыўнасці Гомельскай вобласці. Колькасць суб'ектаў гаспадарання застаецца практычна нязменнай - паводле маіх даных, 13,9 тысяч адзінак. Хоць нам жыццёва важна ствараць новыя канкурэнтаздольныя прадпрыемствы і новыя рабочыя месцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Уклад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў эканоміку рэгіёна таксама невысокі - 16 працэнтаў, пры тым што ў сярэднім па краіне ў нас 27 працэнтаў".

Прэзідэнт адзначыў, што Гомельская вобласць, як і Віцебскі рэгіён, павінна адыходзіць ад залежнасці ад буйных прадпрыемстваў і максімальна дыверсіфікаваць свае кропкі росту.

Асабліва непакоіць кіраўніка дзяржавы сітуацыя ў вёсцы. Аб'ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за два гады зніжаны больш як на 1 працэнт. Пры гэтым рэспубліка ў цэлым вырасла амаль на 11 працэнтаў. Спад прадаўжаецца і ў бягучым годзе. Вобласць займае перадапошняе месца ў краіне і з'яўляецца адзіным рэгіёнам, які скараціў вытворчасць да ўзроўню 2018 года.

"Пытанне ў эфектыўнасці вытворчасці і выкананні тэхналагічнай дысцыпліны", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, дадаў Прэзідэнт, нягледзячы на выдзяленне бюджэтных сродкаў на набыццё мінеральных угнаенняў (па праграме ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС), іх унясенне склала толькі палавіну ад патрэбнасці.

"Як вынік - ваша сельскагаспадарчая галіна стабільна мае страту ад рэалізацыі прадукцыі і адмоўную рэнтабельнасць продажаў, займаючы апошняе месца сярод рэгіёнаў краіны", - канстатаваў кіраўнік дзяржавы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі