ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 2 снежня 2021
Мінск -1°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
07 кастрычніка 2021, 14:15

Лукашэнка заклікае не драматызаваць сітуацыю з санкцыямі

У час нарады
У час нарады

7 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заклікае не драматызаваць сітуацыю з заходнімі санкцыямі. Аб гэтым ён заявіў сёння на нарадзе аб процідзеянні санкцыйным мерам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што супраць Беларусі ідзе гібрыдная вайна і санкцыі - гэта яе эканамічны складнік. "Нам трэба не толькі аператыўна і зладжана рэагаваць на ўсе выклікі, але і актыўна прымаць прэвентыўныя меры. Шукаць шляхі выхаду з існуючага становішча, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Эканоміка ў нас адкрытая, больш як на 60 працэнтаў завязаная на экспарт і знешнія рынкі".

Ён згадаў, што перад нарадай сустракаўся са спецыяльным пасланнікам Прэзідэнта Венесуэлы Аданам Чавесам: "Мы аднадушна заявілі аб тым, што нам трэба аднаўляць той узровень адносін, які ў нас быў, і значна паляпшаць яго".

Што датычыцца заходніх санкцый, Прэзідэнт падкрэсліў, што не схільны драматызаваць сітуацыю. "Як мне прэм'ер-міністр дакладвае, і ва ўрадзе няма ніякай драмы. Настрой на процідзеянне санкцыям мне падабаецца. Так мы і павінны працаваць. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, дык давайце будзем іх вырашаць. Мы ўжо прывыклі да розных санкцый, не першы раз з імі сутыкаемся. Чарговыя спробы абмежаваць і запалохаць нас паварочваюцца супраць бізнесу і эканомікі той краіны, якая ўводзіць санкцыі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ўжо адчулі на сабе і Прыбалтыйскія краіны, і Польшча, і Украіна. Мы па многіх каналах падтрымліваем кантакты з прадстаўнікамі гэтых дзяржаў, і яны ў адзін голас пра гэта гавораць. Ды і не толькі яны".

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь геаграфічна знаходзіцца не дзесьці ў вуглу планеты або якога-небудзь рэгіёна, а на самым скрыжаванні. "І закрыць краіну, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, немагчыма. Гэта вар'яцтва", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Беларусь заўсёды была надзейным партнёрам на знешніх рынках.

"Мы асабліва ўважліва глядзім на Афрыканскі і Азіяцкі рэгіёны, дзе жыве 5,5 млрд чалавек - 70 працэнтаў насельніцтва (свету. - Заўвага БЕЛТА)", - адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што цяперашняя сітуацыя для Беларусі - гэта выклік, пэўны выхад з зоны камфорту. "Але ў той жа час гэта момант адкрыць новыя магчымасці, мабілізавацца і дасягнуць выніку, нягледзячы ні на які націск", - сказаў ён. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў вопыт Расіі, якая ва ўмовах спроб санкцыйнага націску павярнулася ўнутр і зрабіла гіганцкі крок наперад па шэрагу напрамкаў. "Слухайце, але разам мы можам больш", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Адносна эканомікі Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вынікі работы за восем месяцаў адчувальна вышэйшыя за прагнозныя лічбы і па аб'ёмах вытворчасці, і па экспарце, і па даходах насельніцтва. "Я ўжо гаварыў: ключавая задача - захаваць гэту дынаміку да канца года. І гэта будзе велізарны поспех, калі не подзвіг", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, ці знаходзяцца ў такім жа напружанні кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, як разгарнулася МЗС, ці ёсць вынік ад пасольстваў і гандлёвых прадстаўнікоў.

Асобна ён запатрабаваў далажыць аб сітуацыі ў калійнай, нафтавай і авіяцыйнай галінах. У прыватнасці, на якой стадыі дамоўленасці з Расійскай Федэрацыяй па марскіх партах і па адкрыцці новых маршрутаў, не забываючы і пра старыя.

"Улічваючы, што ва ўрадзе створаны спецыяльныя групы, прашу інфармаваць вельмі канкрэтна і па сутнасці. Калі неабходна вырашаць пытанні (а цяпер іх трэба вырашаць хутка), не павінна быць ніякай валакіты. Усе пытанні павінны вырашацца ў максімальна кароткія тэрміны", - папярэдзіў Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі