ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 22 верасня 2023
Мінск Ясна +24°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
02 ліпеня 2022, 20:22

Лукашэнка ветэранам: вы наша апора і арыенцір у будучыню

Фота з архіва
Фота з архіва

2 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ветэранам, якія заваявалі Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, і воінам тылу беларусы абавязаны ўсім - жыццём, свабодай, незалежнасцю. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Звяртаючыся да ветэранаў і воінаў тылу, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Мы ведаем, што абавязаны вам усім, што ў нас ёсць. Жыццём, свабодай, незалежнасцю. Вы наша апора і арыенцір у будучыню. Гэта на вашых плячах выстаяла і адрадзілася родная зямля".

Прэзідэнт звярнуў увагу, што многім удзельнікам вайны на момант яе пачатку не было і васямнаццаці, але ўжо ў дваццаць з невялікім некаторыя з іх камандавалі атрадамі і распрацоўвалі ваенныя аперацыі, адраджалі гарады і вёскі. "Вы выстаялі. Дзякуючы вам рэспубліка стала тым бастыёнам, які стрымаў націск фашысцкіх ордаў і даў час вялікай савецкай краіне на мабілізацыю, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І тое, што наша любімая Беларусь, захлынаючыся крывёй, памірала, але не здавалася ў баях на безыменных вышынях, было недарэмна". Як недарэмна было і тое, што байцы генерала Русіянава палілі кактэйлямі Молатава фашысцкія танкі пад Астрашыцкім Гарадком, калі самааддана змагалася Брэсцкая крэпасць, а воіны палкоўніка Куцепава рабілі гэта пад Магілёвам, дадаў беларускі лідар. "Хто ведае, можа, якраз гэтых танкаў і не хапіла фашыстам, каб выйграць галоўную бітву пад Масквой, - прадоўжыў ён. - Бясспрэчны факт тое, што на поспех выдатнай аперацыі "Баграціён" паўплываў небывалы па размаху рух супраціўлення ў Беларусі".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння, у дзень, які 78 гадоў таму стаў пачаткам вызвалення акупіраванай фашысцкай Германіяй Беларусі, многія задаюцца пытаннем: як ветэраны і іх аднапалчане вытрымалі гэтыя неймаверныя цяжкасці і выпрабаванні? "А мы змаглі б так? Простае пытанне, на якое простага адказу няма, - сказаў ён. - Мы, старэйшае пакаленне, глядзім на нашу моладзь і думаем: не дай бог ім перажыць такое. І ў той жа час верым, што ў іх ёсць вашы сіла, мужнасць, любоў да Айчыны і гатоўнасць паўстаць на яе абарону".

"Клятвенна абяцаем зрабіць усё, каб ваш подзвіг жыў у стагоддзях, а кожнае новае пакаленне беларусаў ведала, што не мае права забыць подзвіг сваіх вялікіх продкаў. Са святам вас, дарагія ветэраны, і нізкі вам паклон!" - заявіў беларускі лідар.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі