ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 25 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
18 жніўня 2022, 13:49

Лукашэнка ўзяўся за развіццё садоўніцтва. Якія задачы стаяць перад урадам і аграрыямі

У час нарады
У час нарады

18 жніўня, Гродзенскі раён /Кар. БЕЛТА/. Створаныя ўмовы даюць магчымасць у поўным аб'ёме забяспечыць галіну пладаводства ўласным матэрыялам пладовых і ягадных культур. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Гродзенскім раёне на нарадзе па пытаннях закладкі садоў і забеспячэння ўнутранага рынку плодаагародніннай прадукцыяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што цудоўныя сады, як яго пераконваюць, ёсць ва ўсіх рэгіёнах, але іх яўна недастаткова. Прэзідэнт рэгулярна даручае ўраду і аблвыканкамам павялічваць плошчы закладкі прадукцыйных сартоў пладова-ягадных культур, адраджаць сады. Па дзяржаўнай праграме "Аграрны бізнес" з рэспубліканскага бюджэту на гэтыя мэты пастаянна выдзяляюцца немалыя грошы: у прыватнасці, на 2022 год было прадугледжана Br1,6 млн.

Тым не менш плошча садоў штогод скарачаецца, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Калі ў 2010 годзе яна складала 40,5 тыс. га, то на пачатак 2022 года - толькі 27 тыс. га. "Плошча скарачаецца, але калі на скарочанай плошчы мы будзем атрымліваць, як у Гродзенскай вобласці, у тры-чатыры разы больш прадукцыі - калі ласка. Але пакуль такога няма, таму трэба і на плошчы глядзець акуратна", - сказаў Прэзідэнт.

Таксама адзначаецца зніжэнне прадукцыйнасці садоў: напрыклад, за 2021 год у сярэднім па краіне ўраджайнасць пладоў і ягад склала 38,5 ц/га, што на 2 працэнты менш у параўнанні з 2020 годам.

"У той жа час у сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках - 154, у чатыры разы вышэй. У чым справа? Зразумела, што асобныя паўднёвыя сарты з-за кліматычных умоў не прыжываюцца. Але ў нас ёсць Інстытут пладаводства, тры навуковыя ўстановы, якія займаюцца селекцыйнай работай, а таксама адаптацыяй замежных сартоў да нашых умоў. Паводле інфармацыі Нацыянальнай акадэміі навук, работа па стварэнні новых сартоў ідзе пастаянна. У дзяржаўны рэестр уключана амаль 150 найменняў, з іх каля 50 - гэта яблыні. Усё гэта дае магчымасць у поўным аб'ёме забяспечыць галіну пладаводства ўласным матэрыялам пладовых і ягадных культур", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, распрацаваны і тэхналагічныя рэгламенты вырошчвання, проста іх трэба выконваць, падкрэсліў Прэзідэнт. "Мы сёння пастаянна гаворым: тэхналогіі, тэхналогіі ўсюды. А садоўніцтва наогул не церпіць парушэння тэхналогій. Там калі нешта не зрабіў, ужо нічога цябе не выратуе", - звярнуў ён увагу.

Некалі складана было ўявіць, што ў беларускім клімаце будуць расці кавуны, дыні, персікі, буякі, а сёння - калі ласка. І на асабістых падворках, і ў фермерскіх гаспадарках. "Трэба больш актыўна падцягвацца таксама вялікім сельгаспрадпрыемствам", - лічыць кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама адзначыў, што набліжаецца час уборкі пладоў, паўстае пытанне аб захаванасці ўраджаю. "Так, у канцы лета яблык каштуе няшмат, але зімой, яшчэ лепш вясной, зусім іншая цана. Трэба ўмець захаваць, і вы атрымаеце 150-200 працэнтаў рэнтабельнасці - ніякія вуглевадароды сёння побач не стаялі. Зімовых сартоў у нас дастаткова, і жыхары Беларусі з задавальненнем купяць айчыннае па разумнай цане. А на пастаўках за мяжу мы можам добра зарабіць. Паўстае пытанне: ці хапае сховішчаў? - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка. - Без сховішча не трэба развіваць садоўніцтва. Ёсць сховішчы - вырошчвай сады".

"Я ўжо губернатару тут гаварыў: усё, што вы вырасціце і захочаце прадаць (гэта датычыцца ўсіх губернатараў) павінна быць закантрактавана, гэта значыць заключаны дагаворы з гандлем. Усё павінна быць закантрактавана і прададзена", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім даручэнні замацоўваць сады за навучальнымі ўстановамі. Так званыя падшэфныя сады - практыка не новая і некалі добра сябе зарэкамендавала, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Цяпер гэту традыцыю сталі адраджаць. Разам з тым Аляксандр Лукашэнка думае, што гэта работа праведзена толькі на паперы. "Вось за гэта галавой будзеце несці адказнасць, - папярэдзіў ён. - Таму давайце дамовімся: у справаздачах вынік будзем ацэньваць па галоўным крытэрыі - атрыманым ураджаі пладоў і ягад".

"Гэта не значыць, што прышкольныя ўчасткі павінны замяніць сады інтэнсіўнага вырошчвання. Гэта не замест. Гэта проста каб нашых дзяцей хоць неяк да зямлі прывучаць, каб яны разумелі, што гэты яблык каштуе грошай, што ён не ў інтэрнэце вырашчаны", - растлумачыў Прэзідэнт.

Ва ўрада і вучоных кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, якія меры прымаюцца па закладцы прадукцыйных садоў, як ідзе работа па вывядзенні сучасных сартоў беларускай селекцыі і стварэнні тэхналогій у інтэнсіўным садоўніцтве, наколькі падрыхтаваны сховішчы для вырашчанага ўраджаю і які прагноз па аб'ёмах закладкі прадукцыі на міжсезонне для ўнутранага спажывання, а таксама паставак на экспарт.

Да нарады Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём садоўніцтва ў Гродзенскім раёне. Прэзідэнт, у прыватнасці, наведаў фруктова-ягадны сад вытворчага кааператыва імя В.І. Крамко. Там яму таксама прадэманстравалі вырашчаную ў гаспадарцы плодаагароднінную прадукцыю і прадукты перапрацоўкі фруктаў, у прыватнасці сок прамога адціскання.

У гаспадарцы Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся і з тэхналогіямі вырошчвання соі. Мэтазгоднасць яе вырошчвання ў Беларусі апошнім часам не раз абмяркоўвалася на прэзідэнцкіх мерапрыемствах. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што пасевы соі ў краіне, як і сланечніку, неабходна пашыраць. Нават калі і не ў вялікіх маштабах, галоўнае - паспрабаваць, каб у перспектыве, калі гэта акажацца эканамічна мэтазгодным, быць гатовымі да развядзення гэтых культур.

"Трэба быць гатовым да заўтрашняга дня. Мы будзем тэхналагічна гатовы да гэтага. Умець мы гэта павінны", - перакананы Прэзідэнт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі