29 красавіка, Чачэрск /Корр. БЕЛТА/. Скарачаць аб'ёмы дзяржаўнай падтрымкі жыхарам раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, не плануецца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў пры размове з жыхарамі Чачэрскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адно з пытанняў датычылася льгот і выплат жыхарам пацярпелых раёнаў: ці не будуць яны скарочаны ў сувязі з аптымізацыяй бюджэтных расходаў з-за санкцый.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што аптымізацыя расходаў дзяржбюджэту адбываецца на пастаяннай аснове: "Мы аптымізуем бюджэтныя расходы практычна пастаянна, кожны год, гэта не звязана з той сітуацыяй, якая ў нас складваецца".
Адносна санкцый Прэзідэнт заўважыў, што яны не толькі ўскладнілі абстаноўку, але таксама падштурхнулі шукаць выхады, адкрылі новыя магчымасці. "Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Гэта магчымасці. Усё, што мы вырабляем, сёння запатрабавана на нашым асноўным рынку - у Расіі, у Кітаі і іншых краінах", - канстатаваў беларускі лідар.
"Ніякія льготы мы не збіраемся скарачаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы аптымізуемся, глядзім, каб грошы траціліся куды трэба. Мы сёння з губернатарам гаварылі толькі аб адным: не аб скарачэнні фінансавання, а аб тым, каб, наадварот, Гомельскай вобласці дапамагчы, каб тут развівалася вытворчасць", - сказаў Прэзідэнт. Ён упэўнены, што замест невялікіх разавых выплат асобным катэгорыям людзей лепш сканцэнтраваць сродкі і рэалізаваць важны і патрэбны праект, напрыклад, па будаўніцтве станцыі ачысткі вады ад прымесей жалеза.
Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не з'яўляецца прыхільнікам ільгот для чарнобыльцаў і само слова - "чарнобылец" - успрымаецца, на яго думку, з негатыўным адценнем.
"Калі мы не будзем гаварыць, што гэта льготы, гэта значыць, мы будзем вас падтрымліваць у два разы больш. Справа не ў ільготах, а ў тым, каб вам было дзе працаваць і нармальна зарабляць", - заявіў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ён з вялікай павагай адносіцца да тых, хто ў свой час вырашыў застацца ў пацярпелых рэгіёнах і прадаўжае іх развіваць. І помніць, які шлях прайшла краіна, каб пераадолець наступствы аварыі на ЧАЭС.
"Мая мара - каб вы на 10-15 гадоў жылі больш, чым у сярэднім па краіне, - адзначыў ён. - Вось гэта для мяне будзе ў радасць. Гэта будзе лепшае пацвярджэнне, што мы перамаглі Чарнобыль".
"Не перажывайце, будуць у нас грошы, ніхто іх не раскрадзе. А той, хто ўлезе ў чужую кішэнь, - вы ведаеце, як з імі будзем абыходзіцца", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-