
10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка настройвае кіраўніцкі апарат на плённую, эфектыўную працу ва ўмовах санкцыйнага націску. Аб гэтым ён заявіў 9 жніўня на пасяджэнні Савета Міністраў аб функцыянаванні эканомікі ва ўмовах санкцый і мерах па іх пераадоленні, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я нікога не хачу палохаць. Кіраўніку Адміністрацыі даручана да канца года далажыць мне па кадравым рэестры поўнасцю. Не таму, што вы такія дрэнныя. Калі нехта не цягне або не хоча, трэба будзе ісці. Таму трэба варушыцца. Вельмі трэба варушыцца", - сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўжо і на Захадзе ёсць інтарэс да аднаўлення супрацоўніцтва з Беларуссю па тых ці іншых напрамках: "Палякі, іншыя ўносяць нам прапановы ўжо: "Давайце размаўляць". Добра, давайце. Але пакуль у МЗС яшчэ ў нас так - з нагі на нагу пераступаюць".
У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад дыпламатаў у першую чаргу займацца пытаннямі гандлю, а не абмяжоўвацца толькі заявамі аб тым, наколькі несправядлівыя санкцыі. "Раман Аляксандравіч (прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка. - Заўвага БЕЛТА), вы былы дыпламат, я вам даручаў у гэтым годзе сустрэцца з пасламі і катэгарычна ад іх запатрабаваць выніку. Нічога не трэба больш, ні на прыёмы хадзіць. Займіцеся толькі экспартам", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, чакае далейшых зрухаў у рабоце на расійскім рынку. Гэта задача новага пасла ў гэтай краіне Дзмітрыя Крутога, які да нядаўняга часу працаваў на пасадзе намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, а яшчэ раней быў віцэ-прэм'ерам. "Думаю, ведаючы нашу кухню, сітуацыю, там будуць нейкія зрухі. Не таму, што Уладзімір Ільіч (былы пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка. - Заўвага БЕЛТА) дрэнна працаваў, не. Дай бог, каб Дзмітрый узяў лепшае ў Сямашкі. Вы яго добра ведаеце", - адзначыў Прэзідэнт.
Задача стаіць і па актыўным развіцці супрацоўніцтва з Кітаем.
Асаблівую ўвагу кіраўнік дзяржавы ўдзяліў пытанню транспарту, папярэдзіўшы, што пастаўкі замежным пакупнікам павінны ажыццяўляцца аператыўна і ў тэрмін. "Не дай бог, па выніках 2022 года мне даложаць, што вы нешта не перавезлі, што трэба перавезці. І не толькі ў Кітай", - папярэдзіў беларускі лідар.-0-