ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 26 лістапада 2022
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
23 верасня 2022, 11:37

Лукашэнка: у Беларусі не будзе ніякай мабілізацыі

23 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі не будзе ніякай мабілізацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час размовы з журналістамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што апаненты спрабуюць за нешта ўчапіцца і цяпер у тым ліку спрабуюць перакінуць мосцік і развіваюць тэзіс аб тым, што і ў Беларусі магчыма мабілізацыя па аналогіі з Расіяй. "Не будзе ніякай мабілізацыі. Мы не збіраемся мабілізоўваць. Гэта хлусня", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі будуць абавязкова рэагаваць на магчымыя пагрозы, спробы ўчынення актаў тэрарызму. Для гэтага на рэгулярнай аснове праводзяцца розныя вучэнні, у тым ліку з удзелам народнага апалчэння, каб людзі ведалі свае абавязкі і мелі неабходныя ваенныя навыкі.

"Мы праводзім іншыя вучэнні. І паралельна, груба кажучы, аб'яўляем недзе на кавалачку зямлі гэту мабілізацыю. Гэта значыць, прызываем тых, хто ў ваенкамаце стаіць на ўліку. І яны становяцца на тыя месцы, дзе павінны стаяць. І яны павінны жалезна ведаць гэтыя месцы. Раптам нешта здарыцца. Мы што, потым па ўсёй краіне будзем ездзіць (іх тысячы гэтых атрадаў) і расказваць, што яны павінны абараняць? Яны ўжо цяпер павінны ведаць, што будуць абараняць. Гэта масты, электразабеспячальныя падраздзяленні, прадпрыемствы. Дапусцім, хлебазавод. Вось гэтыя месцы яны павінны ведаць - колькі, дзе, на якім вугле - і іх трэба вучыць гэтаму", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў краіне робяць высновы з вопыту сучасных ваенных дзеянняў і ўжо не адзін год прыстасоўваюць пад гэта армію, робяць яе больш мабільнай.

Адначасова кіраўнік дзяржавы запэўніў, што Беларусь не будзе ўвязвацца ні ў якую вайну. "Ваяваць будзем толькі тады, калі давядзецца абараняць свой дом, сваю зямлю", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі