
13 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сталіцы Казахстана Астане прымае ўдзел у саміце Нарады па ўзаемадзеянні і мерах даверу ў Азіі (НУМДА), перадае карэспандэнт БЕЛТА.
НУМДА - гэта міжнародны форум, які аб'ядноўвае дзяржавы азіяцкага кантынента. Сваёй задачай арганізацыя ставіць умацаванне ўзаемаадносін і супрацоўніцтва азіяцкіх і еўразійскіх дзяржаў у мэтах забеспячэння стабільнасці і бяспекі ў рэгіёне. На саміт прыбылі некалькі дзясяткаў дэлегацый з розных краін. З моманту свайго стварэння НУМДА павялічылася да 27 дзяржаў-членаў і 9 дзяржаў наглядальнікаў (у іх ліку і Беларусь), ахапіўшы больш за 90 працэнтаў тэрыторыі Азіі.
На парадку дня саміту два асноўныя пытанні - абноўлены каталог мер даверу ў Азіі і трансфармацыя НУМДА ў паўнацэнную міжнародную арганізацыю.
"НУМДА - важная пляцоўка для сустрэч кіраўнікоў дзяржаў, якія прадстаўляюць значную частку планеты. Гэта пляцоўка для абмеркавання актуальных пытанняў, звязаных не толькі з палітыкай, але і гандлёва-эканамічным узаемадзеяннем. Узаемадзеяннем у барацьбе са злачыннасцю, тэрарызмам і па іншых напрамках. Для нас гэта пляцоўка вельмі важная і цікавая. Чым больш будзе Беларусь уключана ў дзейнасць розных рэгіянальных, міжнародных інтэграцыйных аб'яднанняў, тым больш выгадна гэта будзе для нашай краіны", - адзначыў у размове з журналістамі міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
Ён сказаў, што беларускі бок цікавіць магчымасць дасягнення канкрэтных дамоўленасцей па тых ці іншых напрамках, уключаючы розныя гуманітарныя, гандлёва-эканамічныя аспекты, пытанні, звязаныя з пагрозамі, што ўзнікаюць перад чалавецтвам.
У сваю чаргу пасол Беларусі ў Казахстане Павел Уцюпін асабліва адзначыў, што цяпер на парадку дня стаіць пытанне трансфармацыі НУМДА ў паўнацэнную міжнародную арганізацыю. І хоць па сваёй тэматыцы Нарада нечым пераклікаецца з ШАС, тут значна шырэй прадстаўлены дзяржавы, і гэта яшчэ адна альтэрнатыўная пляцоўка, на якой ёсць магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні, выказаць свае пазіцыі, няхай часам і дыяметральна процілеглыя. "Але паспрабаваць пачуць адзін аднаго. Сёння самае галоўнае ў дыпламатыі - гэта прадаўжаць дыялогі і спрабаваць данесці адзін аднаму тую пазіцыю, якая сфарміравана ў кожнай асобнай краіне. На жаль, многія традыцыйныя пляцоўкі, нягледзячы на тое, што яны знаходзяцца ў больш высокім статусе, не дазваляюць чуць адзін аднаго, а часам нават даносіць тую інфармацыю, якая ёсць у краіны", - заўважыў дыпламат.
У гэтым плане ён нагадаў аб некаторых фактах, калі прадстаўнікі беларускіх дэлегацый ва ўмовах націску Захаду сутыкаліся са штучнымі абмежаваннямі, уключаючы адмову ў візах для ўдзелу ў міжнародных мерапрыемствах. "Гэта штучныя абмежаванні, якіх не павінна быць. Каштоўнасць такіх пляцовак (як НУМДА. - Заўвага БЕЛТА) заключаецца ў тым, каб на іх спрабаваць выпрацаваць складаныя, але неабходныя рашэнні для падтрымання міру, стабільнасці і далейшага ўстойлівага росту", - падкрэсліў Павел Уцюпін.
Такія пляцоўкі, упэўнены дыпламат, паказваюць, якой павінна быць сапраўдная дэмакратыя для магчымасці дыялогу.-0-