Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 сакавіка 2023, 13:25

Лукашэнка: у 2023 годзе трэба не проста аднавіць узровень ВУП, але і перайсці да росту

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2023 годзе трэба не проста кампенсаваць зніжэнне ВУП мінулага года, але і перайсці да росту. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пасяджэнні Савета Міністраў аб выніках работы эканомікі за 2022 год і вырашэнні актуальных задач сацыяльна-эканамічнага развіцця ў 2023 годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час пасяджэння з дакладам выступіла старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева. Яна праінфармавала аб рабоце эканомікі ў 2022 годзе і выніковых паказчыках, а таксама падзялілася статыстыкай па актуальнай праблематыцы.

Рэагуючы на яе выступленне, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зніжэнне ВУП прыкладна на 4 працэнты - гэта шмат. "Калі б гэта быў 1-1,2 працэнта - і палітычна, і з усіх бакоў гэта было б больш-менш. 4 працэнты - гэта вы проста няправільна зразумелі тое, што я вам гаварыў: вы з Нацыянальным банкам спыніліся ў канцы трэцяга квартала - чацвёртым. Трэба ў бягучым годзе гэта ўсё аднаўляць і перасягаць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Не забывайце (на гэта мы звернем у бягучым годзе асаблівую ўвагу): у цэлым нібыта недзе добра, а колькі прадпрыемстваў, колькі тысяч людзей працуюць няважна? Тэмпература па шпіталі нядрэнная, а колькі там, у "падвале", людзей з нізкімі паказчыкамі мы маем у эканоміцы? Таму схавацца за агульныя, сярэднія лічбы не атрымаецца".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на перапоўненасць складоў вырабленай тэхнікай. "Міністры, кіраўнікі прадпрыемстваў пераконваюць, што "мы вось тут, як звычайна, у пачатку года запас ствараем" і іншае. Гэты запас - гэта вымыванне абаротных сродкаў. Гэта застылыя грошы на складзе. І потым, што значыць запас? Мы ж да ўзроўню мінулага года і мінулых гадоў лічым. І ў дынаміцы гэта рост. Навошта гэты рост? Апраўдання быць не можа".

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб адказнасці за падзеж жывёлы: "Мужыкі, губернатары, гэта вам цяжка абыдзецца. Ніхто вас угаворваць больш не будзе. Побач ці наперадзе будзе міністр стаяць. Ён у нас доктар, ветурач. Вы галавой адкажаце разам з губернатарамі", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Раскрытыкаваў кіраўнік дзяржавы і работу па выбарцы крэдытаў, адзначыўшы, што грошы пад праекты выдзеліць гатовы, але саміх па сабе праектаў не прапануецца. "Я гэта ўбачыў па Расіі. Усё, з Прэзідэнтам дамовіліся, грошы выдзяляем. А калі расіяне гавораць: "Беларусы, дайце нам праекты. Паўтара мільярда долараў - дайце нам праекты" - дык цялёпкаліся некалькі месяцаў, і тое пад паўтара мільярда праектаў не набралі", - заўважыў Прэзідэнт.

Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў на пасяджэнні прааналізаваў выкананне задач па сацыяльна-эканамічным развіцці і даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Паводле яго слоў, па асобных напрамках ёсць шэраг недапрацовак.

"Галоўнае - гэта вынік. Трэба разумець (і гэта мэта нашай сённяшняй сустрэчы), што па выніках гэтага года будзе ўжо такое спагнанне, што далей няма куды. Там ужо не прыхарошыш", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка ўдзельнікаў пасяджэння.

Прэзідэнт адзначыў, што недапрацоўваюць дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. Сярод іншых тэм асаблівая ўвага была ўдзелена сітуацыі ў нафтахіміі, АПК, падрыхтоўцы тэхнікі да веснавых палявых работ. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў аб сваім патрабаванні па арганізацыі рамонту тэхнікі. "Няма самартызаванай тэхнікі. Яна павінна быць адноўлена", - падкрэсліў ён.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, адпаведная работа вядзецца і цяпер практычна ўся тэхніка па краіне гатова да работ. Аднак гэта не выключае той факт, што ў шэрагу сельгасарганізацый у гэтым плане яшчэ могуць быць сур'ёзныя недапрацоўкі. Аляксандр Лукашэнка даручыў КДК у пачатку красавіка праехаць па краіне і даць аб'ектыўную ацэнку фактычным вынікам.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі