
26 красавіка, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 красавіка на нарадзе па развіцці Гродзенскай вобласці выказаў нараканні па сітуацыі з рамонтам і ўтрыманнем мясцовых аўтамабільных дарог, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па-ранейшаму застаюцца актуальнымі праблемы, звязаныя з рамонтам і ўтрыманнем мясцовых аўтамабільных дарог. "Хоць губернатар па дарозе дакладваў, што вельмі шмат зроблена. А як на месцы там: аграгарадок - раённы цэнтр? Гэтыя дарогі як? Мне нядаўна пашанцавала праехаць па асобных дарогах ад аграгарадкоў да раённага цэнтра. Ведалі, што я буду ехаць, дык хоць ямкі закапалі. А наогул сітуацыя не радасная. Гэта непакоіць грамадзян", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Пастаўлена задача ў самыя кароткія тэрміны выправіць сітуацыю. І гэта датычыцца не толькі і не столькі Гродзенскай вобласці, але і краіны ў цэлым. "Тут яшчэ больш-менш на Гродзеншчыне. Але ў цэлым па краіне сітуацыя няпростая. Нядаўна віцэ-прэм'еру профільнаму пастаўлена задача на працягу гэтага года ўсе дарогі адрамантаваць, чаго б нам гэта ні каштавала. А, паверце, каштаваць будзе заўтра даражэй. Сёння нафта, нафтапрадукты, той жа бітум для асфальту таннейшыя, чым калі-небудзь", - сказаў кіраўнік дзяржавы.-0-