Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
19 сакавіка 2024, 11:58

Лукашэнка разлічвае на прадаўжэнне сумесных з Расіяй праектаў па касмічных палётах

19 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на прадаўжэнне сумесных з Расіяй праектаў па касмічных палётах. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 19 сакавіка на сустрэчы па відэа-канферэнц-сувязі з удзельнікамі асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Аляксандр Лукашэнка расказаў аб сваім намеры звярнуцца да расійскага боку з тым, каб у будучым арганізаваць касмічны палёт усіх трох чалавек, якія рыхтаваліся да цяперашняга старту, - камандзіра Алега Навіцкага, Марыны Васілеўскай і Настассі Лянковай, якая выступае ў якасці дублёра. "Хацелася б, каб вы ўтраіх зляталі", - адзначыў Прэзідэнт.

Звяртаючыся да Алега Навіцкага, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Калі будзеш сябе добра адчуваць (пасля вяртання з МКС - з палёту, запланаванага на 21 сакавіка. - Заўвага БЕЛТА), то буду прасіць расіян, каб утраіх паляцелі ўжо - Насця, Марына і ты".

"Добра, з задавальненнем, - адказаў на гэта касманаўт. - Выканаем задачу любую".

"Добра. Я тады з Прэзідэнтам Расіі пры сустрэчы якраз пакрыху ўжо буду закідваць гэтыя пытанні", - паабяцаў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Алег Навіцкі таксама звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай: "Можа, яшчэ закінуць пытанне, каб была магчымасць беларусам не як іншаземцам, а як братам мець магчымасць удзельнічаць у падрыхтоўцы як прафесіяналам".
Прэзідэнт гэту ініцыятыву падтрымаў і выказаў упэўненасць, што расійскі бок павінен згадзіцца на такую прапанову: "Як касманаўтаў расіяне рыхтуюць - каб і беларусаў так рыхтавалі, так? Гэта не пытанне, яны пагодзяцца. А што дрэннага? Нічога дрэннага. Я ўпэўнены, што нашы дзяўчаты (я па водгуках ведаю, цікаўлюся гэтым пытаннем) ім вельмі спадабаліся ў плане падрыхтоўкі - вельмі адказныя і праграму падрыхтоўкі асвоілі лёгка". Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што абмяркуе гэту прапанову з расійскім бокам: "Я абяцаю, я перагавару".

Разам з тым для арганізацыі касмічных палётаў з удзелам беларусаў у будучым спатрэбіцца вырашаць пытанні фінансавання, але тут, як падкрэсліў Прэзідэнт, ёсць паразуменне з расійскім бокам і супрацоўніцтва выбудоўваецца на ўзаемавыгаднай аснове: "Пуцін наконт гэтага малайчына. Яны не шкадуюць грошай дзеля таго, каб нас падтрымаць як касмічную дзяржаву. Мы з імі разлічымся па іншых напрамках. У нас прадпрыемства магутнае ёсць, якое вырабляе спадарожнікі, у тым ліку ў інтарэсах Расіі".

Цяпер беларускімі спецыялістамі вядзецца работа над стварэннем спадарожніка з высокім распазнаваннем. "Рушылі наперад у гэтым плане", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

"Калі санкцыі ўвялі, думалі, што мы рухнем. А аказалася, што мы запатрабаваны, асабліва ў касмічнай галіне Расійскай Федэрацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Цяпер запатрабаванасць вельмі высокая з боку касмічнага сегмента эканомікі Расійскай Федэрацыі".

Асаблівую ўдзячнасць за гатоўнасць развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю Прэзідэнт выказаў дырэктару дзяржкарпарацыі "Раскосмас" Юрыю Барысаву: "Ён проста малайчына. Ён адазваўся на ўсе мае просьбы. Вельмі прыстойны чалавек".

На завяршэнне размовы з Алегам Навіцкім і Марынай Васілеўскай аб перспектывах супрацоўніцтва з расійскім бокам па касмічных палётах Аляксандр Лукашэнка заўважыў: "Мы з расіянамі дамовімся. Галоўнае, каб у вас жаданне было працаваць разам".
"Жаданне ёсць, Аляксандр Рыгоравіч, і вялікае", - адказаў Алег Навіцкі.

"Я заўсёды падтрымаю і з задавальненнем прыеду на старт, калі Алег Віктаравіч паляціць", - дадала Марына Васілеўская.

Цяпер Алег Навіцкі і Марына Васілеўская знаходзяцца на касмадроме Байканур і рыхтуюцца да хуткага старту. Беларуска Марына Васілеўская з'яўляецца ўдзельніцай касмічнага палёту да МКС. Яна ўваходзіць у склад асноўнага экіпажа 21-й экспедыцыі наведвання Міжнароднай касмічнай станцыі разам з касманаўтам "Раскосмасу", ураджэнцам Беларусі, камандзірам экіпажа Алегам Навіцкім і астранаўтам NASA Трэйсі Дайсан.

Запуск карабля "Саюз МС-25" ракетай-носьбітам "Саюз-2.1а" плануецца 21 сакавіка ў 16 гадзін 21 хвіліну па маскоўскім часе. Стыкоўка з МКС чакаецца праз 3 гадзіны пасля пачатку старту.

У час палёту будзе выканана навуковая праграма беларускага касманаўта, распрацаваная Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з "Раскосмасам" і Расійскай акадэміяй навук, якая ўключае 7 мэтавых работ - 5 навукова-даследчых і 2 адукацыйныя. Навуковыя даследаванні будуць праведзены ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС. Будуць даследаваны таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў.

Марына Васілеўская нарадзілася ў 1990 годзе ў Мінску, з 2017 па 2023 год працавала бортправадніком авіякампаніі "Белавія". У 2022 годзе прайшла нацыянальны адбор, праверку галоўнай медыцынскай камісіі Навукова-даследчага выпрабавальнага цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына і была вызначана асноўным удзельнікам палёту да МКС ад Беларусі.

Алег Навіцкі - касманаўт - ураджэнец Беларусі, рабіў палёты ў 2012, 2016 і 2021 гадах, агульная працягласць палёту - 531 суткі і 22 гадзіны ў адкрытым космасе.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі