ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 5 лютага 2023
Мінск Суцэльная воблачнасць -9°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 лістапада 2022, 15:01

Лукашэнка раскрытыкаваў урад і аблвыканкамы за нізкія тэмпы меліярацыі і безгаспадарчасць

11 лістапада, Талачынскі раён /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на пленарным пасяджэнні рэспубліканскага семінара-нарады па аднаўленні і выкарыстанні меліяраваных зямель раскрытыкаваў урад і аблвыканкамы за нізкія тэмпы меліярацыі і безгаспадарчасць, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перада мной інфармацыя Камітэта дзяржаўнага кантролю і ўрада. Скажу адкрыта, яна мяне насцярожвае. Толькі асноўныя моманты. У рэспубліцы на пачатак пяцігодкі налічвалася 412 тыс. га раней меліяраваных зямель, якія знаходзяцца ў сумным становішчы. Проста кажучы, з-за безгаспадарчасці яны ператварыліся ў зарослыя кустоўем канавы і балоты, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Але і мы ў гэтым вінаваты, што гэтаму не ўдзялялі ўвагі. Мы ўсё глядзелі, як бы нам больш збожжа атрымаць, больш мяса, малака прадаць, грошы і гэтак далей. Але мы забылі пра галоўнае, хто прыносіць гэтыя грошы - гэта сельская гаспадарка. Людзі і зямля. Вось зямлі мы ўдзялялі мала ўвагі".

Як дакладваюць Прэзідэнту, у 2021 годзе ў сельгасабарот удалося вярнуць усяго толькі 27,5 тыс. га. Ураду разам з аблвыканкамамі раней была пастаўлена задача ў 2022 годзе падвоіць, а можа і патроіць, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, тэмпы работ. "Тады мы выйдзем на патрэбныя тэмпы. Прычым усе неабходныя рашэнні прыняты, - заўважыў ён. - Спрошчаны парадак вядзення меліярацыйных работ. З рэспубліканскага бюджэту ў гэты няпросты час знайшлі дадатковыя 66 мільёнаў рублёў на асноўныя работы. Яшчэ 15 мільёнаў выдзелілі на закупку айчыннай меліярацыйнай тэхнікі і абсталявання".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка папярэджвае: усе работы павінны быць падлічаны. "Барані вас бог, вы недзе ўкрадзеце або прашлёпаеце хоць адну капейку. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю тут прысутнічае, атрымаў адпаведнае даручэнне. Гэта нядобра, што мы стараемся вывудзіць кожную капейку, а там бесшабашна да гэтага адносяцца. Таму кантроль будзе вельмі жорсткі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Тое ж самае і па тэхніцы. Усё падлічылі: затраты, сабекошт - усё да капейкі. Лішніх грошай няма. Прыкладаць намаганні і ўкладвацца давядзецца ўсёй краіне".

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што калі б гэтыя 412 тыс. га меліяраваных зямель сёння эфектыўна выкарыстоўваліся, то экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі вырас бы ў два разы, а ўраджайнасць была б яшчэ вышэйшай.

"Урад запэўніваў, прынятыя меры ў 2022 годзе вернуць у сельскагаспадарчы абарот амаль 55 тысяч гектараў зямлі. Але што мы атрымалі? Да 1 лістапада толькі 31 тысячу. Вось палічыце, колькі вам яшчэ трэба да канца года, як раней гаварылі, здаць у эксплуатацыю зямельных угоддзяў. А да канца года менш за два месяцы. Скажу адкрыта: мяне насцярожвае такое стаўленне. Тым больш, як дакладвае Камітэт дзяржкантролю, існуючыя праблемы і недахопы, а таксама факты безгаспадарчасці з году ў год паўтараюцца", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі