ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 29 кастрычніка 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 верасня 2020, 11:03

Лукашэнка прапанаваў Ленінградскай вобласці пабудаваць сумесны тэрмінал у марскім порце

У час сустрэчы
У час сустрэчы

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сёння ў час сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Расіі Аляксандрам Драздзенкам прапанаваў пабудаваць сумесны тэрмінал у марскім порце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка ўспомніў перш за ўсё аб агульнай гісторыі, якая звязвае Беларусь і Ленінградскую вобласць. Ён адзначыў, што ў пасляваенныя гады ленінградцы ўдзельнічалі ў аднаўленні Мінска, будаўніцтве сталічнага метро і дапамагалі развіваць беларускую навуку. "Куды ні кінь, усё звязана з Піцерам", - сказаў Прэзідэнт.

"Нашы магчымасці вы добра ведаеце, мы вельмі зацікаўлены з вамі супрацоўнічаць. Калі ў нас не атрымліваецца з Масквой, я заўсёды сваім гавару: "Чаго вы перажываеце. У Піцеры жывуць больш як пяць мільёнаў чалавек, а яшчэ вазьміце Ленінградскую вобласць - велізарная колькасць людзей. Нам дастаткова для таго, каб закрыць увесь тавараабарот з Расійскай Федэрацыяй, калі мы наладзім добрае супрацоўніцтва". Таму я вам удзячны, што вы адклікаецеся на нашы просьбы. Мы з вамі супрацоўнічалі і будзем супрацоўнічаць", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аб супрацоўніцтве ў лагістыцы - перавалка грузаў і сумесны порт

"Вельмі шмат мы цяпер гаворым і працуем ужо над змяненнем лагістыкі па пастаўцы нашых тавараў. Порт Усць-Луга - гэта ж Ленінградская вобласць. Нам трэба дамовіцца чаго б гэта ні каштавала. А пытанне адно - гэта чыгуначныя тарыфы і перавалка ў партах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён абмяркоўваў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным гэта пытанне. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў скааперавацца і пабудаваць у Ленінградскай вобласці "свой прычал, скажам так, свой порт". Ён адзначыў, што на гэтыя мэты могуць быць выдзелены сродкі, сэканомленыя пры будаўніцтве Беларускай АЭС.

"Ён (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА) загарэўся гэтым пытаннем. І я яму нават прапанаваў фінансавае рашэнне: усё, што мы сэканомім на атамнай станцыі, якая будуецца за кошт крэдытаў Расійскай Федэрацыі, мы гатовы ўкласці ў порт, будаўніцтва тэрмінала. Таму калі ў вас будзе жаданне, мы з вялікім задавальненнем можам рэалізаваць з вамі гэты сумесны праект", - дадаў кіраўнік дзяржавы. Гэта пытанне, лічыць ён, трэба абавязкова развіваць.

Аб перспектыўных напрамках - вытворчасць кармоў для рыбнай гаспадаркі

Закрануў Прэзідэнт і іншыя напрамкі супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Ленінградская вобласць забяспечвае сваёй сельскагаспадарчай прадукцыяй Санкт-Пецярбург, аднак не ў поўным аб'ёме. "Мы гатовы гэты аб'ём дапоўніць, каб поўнасцю закрыць патрэбнасці Піцера", - сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб магчымасцях Беларусі ў машынабудаванні, вытворчасці ліфтавага абсталявання, развіцці сельскай гаспадаркі.

"Наша новая біятэхналагічная кампанія (БНБК. - Заўвага БЕЛТА) пачала вытворчасць суперсучасных кармоў. Ведаю, што ў вас вельмі развіта рыбная гаспадарка. Калі вас задаволіць (а я ўпэўнены, што вы аддадзіце перавагу менавіта гэтай кампаніі, таму што якасць, высокі ўзровень), калі для рыбнай гаспадаркі патрэбны будуць гэтыя кармы, мы з вялікім задавальненнем будзем з вамі супрацоўнічаць", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў падумаць над стварэннем сумесных з Ленінградскай вобласцю прадпрыемстваў у рыбнай гаспадарцы. "Усё ж такі вопыт у іх вялікі. Мы маглі б падключыцца", - лічыць ён.

"Таму пытанняў вельмі шмат. Вы ведаеце нашы магчымасці. І ведаеце, што мы заўсёды гатовы з вялікім задавальненнем супрацоўнічаць з вамі", - падагульніў кіраўнік дзяржавы.

Аб патрэбах Ленінградскай вобласці - аўтобусы і ачыстка вады

Аляксандр Драздзенка ў сваю чаргу адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Ленінградскай вобласцю расце на ўзаемнай аснове. "На 1 жніўня мы ўжо купілі сельгастэхнікі больш, чым за ўвесь 2019 год. Адна з прычын - тое, што мы датуем з бюджэту Ленінградскай вобласці нашым вытворцам набыццё беларускай тэхнікі на 35 працэнтаў, - растлумачыў ён. - У нас шмат беларускай тэхнікі, добрае спалучэнне цаны і якасці, добрая сэрвісная база. Таму мы разумеем, што яе мяняць сёння на іншыя ўзоры тэхнікі немэтазгодна".

Паводле слоў губернатара, Ленінградская вобласць павялічыла ўжо закупкі ў Беларусі тэхнікі для лясной гаспадаркі, пачала набываць цяжкую дарожную тэхніку. "Толькі з бюджэту Ленінградскай вобласці мы на 2021 год запланавалі куплю больш як 100 адзінак", - сказаў кіраўнік рэгіёна.

Інтарэс для Ленінградскай вобласці ўяўляе таксама гарадскі транспарт. "Кампанія "Піцераўто" плануе зрабіць вялікую закупку - да 1,5 тыс. камбінаваных аўтобусаў. Першую сотню аўтобусаў будзе закупляць ў першым квартале 2021 года. Тут таксама мы настроены на добрае працяглае супрацоўніцтва", - адзначыў Аляксандр Драздзенка.

Пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы ён таксама расказаў журналістам аб новым этапе супрацоўніцтва. У Ленінградскай вобласці 2021 год аб'яўлены годам чыстай вады. "Мы хочам набываць у Беларусі ўстаноўкі па ачыстцы вады - ад невялікіх кантэйнераў да вялікіх модульных будынкаў. І, самае галоўнае, яны ўніверсальныя. Ужо набылі больш за дзясятак такіх установак, выпрабавалі, устанавілі - усё вельмі добра. Будзе вялікі кантракт на наступны год", - дадаў губернатар Ленінградскай вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі