ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 7 лютага 2023
Мінск -6°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
20 кастрычніка 2022, 11:12

Лукашэнка пра УНС: важна, каб людзі прымалі рашэнні, на якія будуць абапірацца дзяржорганы

У час нарады
У час нарады

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пытанні фарміравання Усебеларускага народнага сходу і змянення выбарчага заканадаўства сталі тэмай нарады ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі прадстаўнікі заканадаўчай, судовай, выканаўчай галін улады, у тым ліку спікеры абедзвюх палат парламента, старшыні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў, выканаўчых камітэтаў абласцей і Мінска, а таксама кіраўнікі ўрада, Адміністрацыі Прэзідэнта, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Цэнтрвыбаркама, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь".

Тым не менш у пачатку нарады Прэзідэнт выказаўся па дзвюх іншых актуальных тэмах, вельмі важных для грамадства на бягучым этапе. Адна з іх - гэта завяршэнне ў краіне ўборачнай кампаніі, у сувязі з чым кіраўнік дзяржавы звярнуўся да губернатараў і яшчэ раз запатрабаваў ад іх дынамічнай, эфектыўнай работы па ўборцы ўраджаю і правядзення ў тэрмін сельскагаспадарчых мерапрыемстваў. Другая датычыцца ўведзенага раней мараторыя на рост цэн. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз растлумачыў сваю пазіцыю па гэтым пытанні, падкрэсліўшы, што размова не ідзе аб татальнай замарозцы цэн на ўсе запар тавары і паслугі, а сутнасць у тым, каб наладзіць дзейсную сістэму кантролю за цэнаўтварэннем і не дапускаць іх неабгрунтаванага павышэння дзеля нечай нажывы.

Вяртаючыся да тэматыкі нарады, кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў лютым бягучага года адбыўся рэферэндум, дзе народ вызначыў шляхі далейшага развіцця Беларусі. "Для нас з вамі гэтыя рашэнні рэферэндуму - фундаментальныя, стратэгічныя напрамкі, па якіх неабходна працаваць, - падкрэсліў ён. - Вырашэнне пастаўленых задач патрабуе пабудовы належнай прававой асновы".

У першую чаргу, паводле яго слоў, трэба вызначыць парадак фарміравання і дзейнасці новага органа ўлады - Усебеларускага народнага сходу, скарэкціраваць выбарчае заканадаўства. І адпаведныя законапраекты падрыхтаваны ўжо. "Але, як мяне інфармуюць, асобныя палажэнні гэтых законапраектаў выклікалі вельмі сур'ёзныя дыскусіі. Шэраг прынцыпова новых напрацовак мы сёння абмяркуем", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца законапраекта аб УНС, то яго неабходна прыняць не пазней за сакавік 2023 года. "Часу, як бачыце, на разварушванне практычна няма", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

"УНС павінен аб'яднаць дэлегатаў ад усіх рэгіёнаў і слаёў насельніцтва, прадстаўнікоў улады і нашага грамадства. Разам, талакой можна пераадолець любыя перашкоды, знайсці выйсце з самай складанай сітуацыі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Сход - апора і для народа, і для ўлады. Важна, каб непасрэдна людзі прымалі рашэнні, на якія потым будуць абапірацца і дзяржаўныя органы. Нам лягчэй будзе працаваць, калі гэта талака (1,2 тыс., або колькі вы прапануеце чалавек), збяруцца прадстаўнікі адтуль, знізу, якія бачаць цэны ў магазінах, гайкі круцяць і хлеб высяваюць, і прымуць рашэнне, у якім напрамку рухацца".

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў адрозненне ад дэпутатаў дэлегаты УНС працуюць на грамадскіх пачатках, яны не задзейнічаны на пастаяннай аснове, як на асноўнай працы. "Таму не трэба крычаць, што мы тут вялікія грошы будзем траціць на УНС", - заўважыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ва УНС павінны быць не толькі паўнамоцтвы, вызначаныя Канстытуцыяй, але і іншыя, і Асноўны закон гэта дазваляе. "Але гэта не значыць, што мы там павінны пашырацца і Усебеларускі народны сход будзе не толькі перасякаць нейкія паўнамоцтвы Прэзідэнта, парламента, судовай улады, але, яшчэ горш, будзе перашкаджаць ім працаваць. Гэтага быць не павінна. УНС павінен займацца сваімі пытаннямі - тымі, якія не будуць уваходзіць у кампетэнцыю іншых органаў улады. Ён наверсе, як народнае веча, - абмеркавалі, прынялі рашэнне па вызначаных пытаннях, парэкамендавалі, пакрытыкавалі і разышліся. Усе астатнія, як і сёння, вырашаюць свае штодзённыя пытанні", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама звярнуў увагу на неабходнасць забяспечыць бесперапынную працаздольнасць сходу без стварэння грувасткага адміністрацыйнага апарату. "Гэтага ні ў якім разе не будзе, гэта я гарантую", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, у законе аб УНС трэба раскласці па палічках такія пытанні, як кампетэнцыя, механізм утварэння, склад дэлегатаў і патрабаванні да іх. Парадак выбрання дэлегатаў будзе дэталёва прапісаны ў Выбарчым кодэксе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі