
24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе навесці парадак у раённых бальніцах і забяспечыць уважлівае стаўленне да пацыентаў ва ўстановах аховы здароўя. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 23 мая на нарадзе па актуальных пытаннях аховы здароўя, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
У ліку дакладчыкаў у час нарады выступіў і генеральны пракурор Андрэй Швед. Нагляднае ведамства паралельна са спецыяльна створанай рабочай групай і Камітэтам дзяржаўнага кантролю правяло сваю праверку ўстаноў аховы здароўя.
"Нягледзячы на вашы канкрэтныя даручэнні навесці парадак у гэтай сферы, дадзеныя ў снежні мінулага года, сёння ў ходзе кантрольных мерапрыемстваў мы адзначаем, што належныя меры па іх выкананні не прымаюцца, - падкрэсліў генпракурор. - Міністэрствам аховы здароўя не прыняты сістэмныя меры па вырашэнні праблем, якія назбіраліся. Ведамству неабходна забяспечыць рэальную каардынацыю дзейнасці дзяржаўных органаў і арганізацый у галіне аховы здароўя, у тым ліку з дапамогай прававога рэгулявання".
Андрэй Швед адзначыў наяўнасць праблем у рабоце фельчарска-акушэрскіх пунктаў. Гэта бліжэйшыя для сельскіх жыхароў медыцынскія падраздзяленні. Недзе іх спрабуюць замяніць перасовачнымі медыцынскімі комплексамі, але гэта адбываецца не заўсёды належным чынам: ФАП закрываюць перш, чым паспяваюць паставіць у раён перасовачны медпункт, і вяскоўцам даводзіцца звяртацца па дапамогу ў суседнія вёскі.
Сярод выяўленых праблем - адсутнасць у некаторых установах аховы здароўя ўмоў для правядзення скрынінгу анкалагічных захворванняў, вялікія тэрміны чакання розных даследаванняў, недахоп кадраў, немэтазгоднае расходаванне сродкаў ад пазабюджэтнай дзейнасці, бюракратыя і пагоня за паказчыкамі. Але некаторыя факты ўразілі нават генпракурора.
"У бягучым годзе мы выявілі ў Мінскай і Гомельскай абласцях факты таго, што выкідваюцца на памыйніцу прыдатныя для ўжывання вакцыны супраць COVID-19. 6 405 упаковак знойдзена на звалках і сметніках у Гомельскай і Мінскай вобласці. Пачынаем разбірацца, узбуджаны крымінальныя справы, будзе дадзена прававая ацэнка. Але пакуль, папярэдне, на паверхні ляжыць пагоня за паказчыкамі па вакцынацыі насельніцтва. Толькі па гэтых двух фактах кошт антыкавідных прэпаратаў перавышае Br180 тыс.", - адзначыў Андрэй Швед.
Ён таксама звярнуў увагу на карумпіраванасць сферы аховы здароўя. Па выніках мінулага года і ў бягучым пракурорамі ўжо ўзбуджана больш за 60 крымінальных спраў. Прычым размова ідзе не толькі пра хабарніцтва. "У шэрагу выпадкаў (прававая ацэнка будзе дадзена ў ходзе расследавання крымінальных спраў) галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя выкарыстоўваюць выдзеленыя па вашым даручэнні так званыя кавідныя сродкі для вырашэння сваіх пытанняў. У прыватнасці, асобныя галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя горада Мінска і іх намеснікі, кіраўнікі структурных падраздзяленняў устанавілі сабе за кошт гэтых грашовых сродкаў штомесячныя выплаты ў памеры да 700 працэнтаў. А тым медыцынскім сёстрам, якія якраз і працавалі ў кавідных аддзяленнях, - 27-29 працэнтаў. Гэта здзек над людзьмі, якія непасрэдна працуюць у чырвоных зонах", - падкрэсліў генпракурор.
"Я вось сяджу і думаю, мы наогул можам па-чалавечы да сваіх людзей ставіцца ці не? - адрэагаваў на даклад генеральнага пракурора Аляксандр Лукашэнка. - Я чалавек такі, сам асабіста праводжу некаторыя эксперыменты. Памятаеце Сірыю. Турцыя, Сірыя. Асабліва Сірыя мяне непакоіла - бедная, разбітая краіна, вайна ідзе даўно. Землетрасенне - трэба было дапамагчы. Я распарадзіўся перакінуць туды брыгаду, папрасіў у Пуціна самалёты (дзякуй яму: ён прадаставіў за свой кошт нам гэтыя самалёты). Гэта ў асноўным ваенныя былі ўрачы, так? Слухайце, люба-дорага было паглядзець. І не толькі Башар Асад, Прэзідэнт, мне падзякаваў за гэта".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў тых умовах дапамога беларускіх медыкаў аказалася вельмі дарэчы: "Вайна, якая медыцынская дапамога, там наогул нічога не было. І людзі туды рынуліся. Нашы прымалі ўсіх. Каму таблетку, каму тэмпературу, каму зуб вырвалі. Рабілі ўсё. І там чэргі, чэргі, чэргі былі. Суткамі працавалі. Самае пазітыўнае стаўленне да нашых урачоў. Гэта аб чым сведчыць? Аб тым, што мы можам. Мы ўмеем, калі патрэбна. Чалавеку ж часам элементарнае трэба. І размова сёння ідзе аб гэтым звяне - вяскоўцы, малыя гарады, аграгарадкі, раённыя цэнтры. Аб гэтых людзях ідзе гаворка. Ім патрэбна такое стаўленне".
"Дык гэты ж шпіталь перакінуты за тысячы кіламетраў, імгненна разгорнуты. Якая там медыцынская дапамога, не ведаю, але як задаволены былі людзі. А ў нас жа цэнтры, раённыя бальніцы, якія мы гладзім, чысцім. Нібыта, як аказалася. Няўжо раён не можа цэнтральную бальніцу прывесці ў парадак? Гэта бязладнасць губернатараў і вашых падначаленых. Толькі ў гэтым прычына. Любы дасць няшчасную капейку для таго, каб бальніцу гэту прывесці ў парадак, таму што сам туды некалі загрыміш. Гультаі! Глядзіце, каб непасрэдна з пракурорам не давялося размаўляць", - папярэдзіў беларускі лідар.-0-