
14 кастрычніка, Астана /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў прыняцце ў Беларусі контртэрарыстычных мер у сувязі з абвастрэннем па перыметры граніц. Аб гэтым ён заявіў журналістам у Астане, дзе прымаў удзел у саміце СНД, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адзін з расійскіх журналістаў пацікавіўся, у сувязі з чым у Беларусі ўведзены такі рэжым. "Уведзены ў сувязі з абвастрэннем сітуацыі па перыметры граніц. Згодна з дакументамі, якія ў нас на гэты выпадак прадугледжаны ў саюзе Беларусі і Расіі. Гэта даўно прапісана: у сувязі з абвастрэннем уведзены рэжым такой павышанай тэрарыстычнай небяспекі. Таму мы пачалі працэдуры з разгортваннем саюзнай групоўкі войскаў, аснову якой складае, як я ўжо сказаў, армія Беларусі, якая ўжо дапаўняецца часцямі Расійскай Федэрацыі. Усё ў адпаведнасці з планам", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Як паведамлялася, 10 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях бяспекі краіны. Прэзідэнт заявіў, што некалькі дзён таму КДБ было даручана правесці неабходныя мерапрыемствы контртэрарыстычнага характару. "Сёння паслухаем, як гэта даручэнне выконваецца. Улічваючы ўсе гэтыя фактары, у цэлым існуючую абстаноўку, нам неабходна мець варыянты процідзеяння. У тым ліку і ваенныя. Каб своечасова выявіць і лакалізаваць пагрозы, а ў выпадку неабходнасці адэкватна адказаць на любыя ваенныя праяўленні супраць Беларусі", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-