Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
25 лютага 2023, 11:42

Лукашэнка параіў усім займацца лыжным спортам і далучаць да гэтага дзяцей

25 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка параіў усім займацца лыжным спортам і далучаць да гэтага дзяцей. На важнасць заняткаў фізкультурай і спортам ён звярнуў увагу, адказваючы на пытанні журналістаў у час спартыўнага свята "Мінская лыжня-2023", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Журналісты папрасілі Прэзідэнта падзяліцца ўражаннямі ад лыжні, на што ён адказаў: "Лепш спаборніцтваў у Беларусі няма, чым наша аматарская традыцыйная лыжня. Я вам раю, каб зразумець знутры гэта мерапрыемства, стаць на лыжы і паспрабаваць пабегаць тут. Асабліва ў такіх дзікіх умовах. Вось тады вы зразумееце, што гэта такое. Менавіта на гэтай трасе, калі мокры снег, калі лыжы не слізгочуць, тармозяць, а тут яшчэ страляць трэба".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на пачатак спаборніцтваў надвор'е было адно, а затым дождж пайшоў са снегам. "А калі свежы снег выпадае, гэта наогул самае цяжкае. Учора прыйшоў сюды паглядзець трасу, такі снег валіў... Сёння яшчэ цярпіма ў параўнанні з учарашнім", - заўважыў ён.

Гаворачы пра важнасць правядзення такіх масавых спартыўных свят, Прэзідэнт падкрэсліў: "Людзі ўбачылі, што гэтым трэба займацца".

"На лыжах трэба хадзіць і за сабой цягаць дзяцей", - заўважыў кіраўнік дзяржавы. "Ты ідзеш, няхай дзіця ідзе за табой, няхай вучыцца", - параіў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу, што ўсе яго сыны займаюцца спортам.

У цэлым гаворачы пра карысць спорту, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Гэта здароўе, менш будуць хварэць. Менш будзеце верыць у пандэмію і розныя вірусы. І наогул хваробы вас закранаць не будуць. Асабліва дзяўчат, якім трэба нараджаць траіх і больш дзяцей".

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што сённяшняе спартыўнае свята атрымалася добрым.

Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у штогадовым спартыўна-масавым мерапрыемстве "Мінская лыжня" ў рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". У праграме мерапрыемства - біятлонныя эстафетныя гонкі розных каманд, у тым ліку каманды вышэйшых органаў улады, цэнтральных апаратаў сілавых міністэрстваў і ведамстваў, рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і аматарскіх каманд. -0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі