Сцяг Серада, 29 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
11 красавіка 2024, 13:18

Лукашэнка: палёт у космас - гэта найвялікшая перамога нашай краіны, народ гэта заслужыў

11 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Палёт у космас першага ў гісторыі суверэннай Беларусі касманаўта з'яўляецца найвялікшай перамогай краіны, народ якой гэта заслужыў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання беларускіх касманаўтаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Грамадзянка Беларусі касманаўт Марына Васілеўская, якая пабывала на Міжнароднай касмічнай станцыі, была ў складзе экіпажа разам з касманаўтам "Раскосмасу", камандзірам Алегам Навіцкім і астранаўтам NASA з ЗША Трэйсі Дайсан.
"Марына паміж дзвюх імперый - расійская, самая перадавая ў космасе, і амерыканцы. Вы разумееце, гэта не проста імідж. Гэта найвялікшая перамога нашай краіны. Народ наш гэта заслужыў", - падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь і ў далейшым будзе рухацца ў напрамку развіцця касмічных тэхналогій: "Мы будзем рабіць усё, і яшчэ нямала зробім".
У прыватнасці, 12 красавіка, у Дзень касманаўтыкі, абмеркаванне гэтай тэматыкі прадоўжыцца ў час маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Беларусі ў Расію і перагавораў з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным. "Будзем весці дыялог пра будзённыя справы, пра будучыню, пра развіццё нашай касманаўтыкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі нехта ляпае, асабліва за мяжой, і думае: "Вось, як гэты Лукашэнка Марыну закінуў у космас, гэта нам не трэба"… Нам гэта трэба. Мы - касмічная краіна", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Менавіта дзякуючы наяўнасці айчынных напрацовак і тэхналогій у гэтай сферы і стаў магчымы палёт беларускага касманаўта ў цесным супрацоўніцтве з Расіяй. "Калі б не было развіцця космасу ў Беларусі, з намі ніхто не размаўляў бы. Нам ніхто і не прапанаваў бы ляцець у космас", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь умее рабіць для космасу вельмі шмат. Напрыклад, у бліжэйшыя гады краіна рыхтуецца разам з Расіяй запусціць на арбіту сучасны спадарожнік з высокім распазнаваннем, які дазваляе з космасу выразна ўбачыць на Зямлі прадметы памерам з запалкавы пачак. "Гэта найвышэйшыя тэхналогіі", - сказаў кіраўнік дзяржавы. У гэтым жа шэрагу ён назваў такія сферы, як атамная энергетыка і біятэхналогіі, электратранспарт. "Мы рушылі наперад тут значна. Галоўнае - не спыняцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі