Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 лютага 2023, 18:49

Лукашэнка падпісаў указ аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых. Хто і на якіх умовах атрымае яго бязвыплатна

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ "Аб арэндным жыллі для ваеннаслужачых", якім устаноўлены парадак і ўмовы перадачы ва ўласнасць ваеннаслужачым прадастаўленага ім арэнднага жылля. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Дакументам прадугледжана, што такое жыллё бязвыплатна перадаецца ва ўласнасць пры наяўнасці 25 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе. Пры наяўнасці 20 каляндарных гадоў выслугі на ваеннай службе яно перадаецца на платнай аснове, з магчымасцю аплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў.

Для ваеннаслужачых і членаў іх сем'яў указам прадугледжаны таксама дадатковыя сацыяльна-прававыя гарантыі. Так, для ваеннаслужачых, маючых выслугу 20 каляндарных гадоў і звольненых у запас, якія не жадаюць набываць займаемае арэнднае жыллё ва ўласнасць, захоўваецца права валодання і карыстання гэтым жыллём з магчымасцю прадаўжэння дагавора найму да паляпшэння імі жыллёвых умоў. Членам сям'і ваеннаслужачага, які загінуў у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, займаемае імі арэнднае жыллё будзе перадавацца ва ўласнасць бязвыплатна, незалежна ад выслугі гадоў. За членамі сям'і ваеннаслужачага, які памёр па іншых падставах у перыяд праходжання ваеннай службы, захоўваецца права валодання і карыстання арэндным жыллём на ранейшых умовах да паляпшэння імі сваіх жыллёвых умоў.

Дзеянне ўказа распаўсюджваецца на ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, якія праходзяць службу ў Мінабароны, МУС, МНС, КДБ, ДПК, Службе бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Аператыўна-аналітычным цэнтры пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, КДК, цэнтральных апаратах Следчага камітэта і ДКСЭ, а таксама ў арганізацыях, якія ўваходзяць у сістэму гэтых дзяржаўных органаў або падпарадкаваных ім.

Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Як паведамлялася БЕЛТА, замацаванне прэзідэнцкім указам адпаведных норм абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы 6 снежня 2022 года.

"Забеспячэнне жыллём бюджэтнікаў і асабліва людзей, якія стаяць на абароне Беларусі, асабліва цяпер, заўсёды будзе ў прыярытэце дзяржаўнай жыллёвай палітыкі. Я неаднаразова падкрэсліваў, што шматдзетныя і людзі ў пагонах - гэта нашы першачаргавікі, нават звышпершачаргавікі", - заявіў беларускі лідар.

Цяпер на чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца амаль 33 тыс. тых, хто носіць пагоны.

Віцэ-прэм'ер Анатоль Сівак пасля снежаньскай нарады расказаў журналістам, што павелічэнне аб'ёмаў будаўніцтва арэнднага жылля спланавалі, не чакаючы ўказа, бо ў любым выпадку выпрацаваны механізм мае адкладзенае дзеянне: "Трэба жыллё спачатку пабудаваць. Фактычна гэту работу правялі ўжо. І ў свае планы па будаўніцтве арэнднага жылля ўключаем гэтыя аб'ёмы. Згодна з разлікам, каля 700 тыс. кв.м жылля сёння неабходна для людзей у пагонах".

У планах урада пабудаваць адпаведныя аб'ёмы на працягу 2023 года і першай паловы 2024-га. Планы сапраўды ўражваюць, паколькі за апошнія некалькі гадоў аб'ёмы будаўніцтва арэнднага жылля для ваеннаслужачых былі ў разы меншыя.

"Мы думаем, што колькасць людзей, якія звернуцца за атрыманнем арэнднага жылля, калі ўбачаць указ, вядома, павялічыцца. Але сёння гэта 9830 чалавек - тыя людзі, якія выказалі жаданне ва ўсіх "ведамствах у пагонах" атрымаць арэнднае жыллё. Мы ставім сабе задачу забяспечыць арэндным жыллём вось гэту колькасць людзей за гэты перыяд часу. Далей у нас у планах, каб забяспечваць на працягу двух гадоў з моманту звароту. Там у нас прагназуецца, што колькасць будзе значна меншая", - расказаў Анатоль Сівак 6 снежня.

Пры гэтым размова не ідзе пра будаўніцтва ваенных гарадкоў. Кватэры для людзей у пагонах будуць будавацца ў тых дамах, дзе будуецца жыллё і для іншых катэгорый грамадзян. Узводзіцца арэнднае жыллё будзе паўсюдна ў любых гарадах і нават сельскай мясцовасці. "Там, дзе ёсць патрэбнасць, будуць будавацца такія кватэры. Не выключана, што і ў сельскай мясцовасці", - адзначыў віцэ-прэм'ер.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі