
23 мая, Сочы /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў незразумелымі паводзіны ў Кіеве Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, які напярэдадні наведаў украінскую сталіцу і выступіў у Вярхоўнай радзе. Аб гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў у Сочы на сустрэчы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гаворачы пра сферу бяспекі, і ў тым ліку пра пытанні, звязаныя з канфліктам ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка згадаў пра візіт у Кіеў польскага Прэзідэнта: "Учарашнія незразумелыя паводзіны ў Кіеве Прэзідэнта Дуды (Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. - Заўвага БЕЛТА). Дарэчы, які практычна нічога не вырашае ў Польшчы. Займаецца гэтымі фэйкамі".
Кіраўнік дзяржавы таксама занепакоены планамі НАТА і Польшчы забраць Заходнюю Украіну, такім чынам расчляніўшы краіну, як гэта было да 1939 года: "Нас, ды і вас гэта павінна непакоіць, што яны (палітыкі) ужо робяць крокі да таго, каб расчляніць Украіну. Нас непакоіць тое, што яны гатовы, - палякі, натаўцы - выйсці, "дапамагчы" такім чынам забраць, як да 1939 года, Заходнюю Украіну. Нас гэта насцярожвае не толькі з пункту гледжання сённяшняй бяспекі. Гэта іх стратэгія і па Заходняй Беларусі. Таму мы вуха востра трымаем. І, як я гаварыў, яшчэ ўкраінцам давядзецца нас прасіць, каб мы не дапусцілі адрыву гэтай заходняй часткі і іншых частак ад Украіны".
"Гэта мая такая пазіцыя, але вы гэта дакладна ведаеце. Тут у нас таксама праблем не менш, але ўжо не нашых праблем. Іх праблемы, якія нам давядзецца вырашаць", - дадаў беларускі лідар.-0-