ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 26 верасня 2022
Мінск Малавоблачна +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
26 ліпеня 2022, 13:59

Лукашэнка насцярожаны сітуацыяй у гомельскім і віцебскім АПК. Аб чым папярэджае Прэзідэнт?

У час селектарнай нарады
У час селектарнай нарады

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на селектарнай нарадзе па ўборачнай кампаніі даручыў узяць на асаблівы кантроль сітуацыю ў Гомельскай і Віцебскай абласцях, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У час нарады Аляксандр Лукашэнка асобна пацікавіўся сітуацыяй у Брэсцкай, Гомельскай і Віцебскай абласцях. Старшыні аблвыканкамаў праінфармавалі Прэзідэнта аб гатоўнасці збожжаўборачнай тэхнікі і арганізацыі сушкі збожжа, падрабязна расказалі аб ходзе ўборачнай кампаніі і планах на ўраджай. Не абмінулі губернатары і праблемныя пытанні. Напрыклад, гаспадаркам Брэсцкай вобласці патрэбны дадатковыя камбайны, а Гомельскай - паліва для арганізацыі восеньскіх палявых работ. Такія праблемы і ў Віцебскай вобласці.

Кіраўнік дзяржавы даручыў прапрацаваць гэтыя пытанні, але чарговы раз звярнуў увагу на захаванасць тэхнікі і яе своечасовае абслугоўванне. "Мы вас будзем падтрымліваць па тэхніцы па мінімуму, таму што дзяржаве трэба займацца сваімі пытаннямі: перш за ўсё меліярацыяй. І падтрымліваць па тэхніцы будзем толькі тых, хто навучыцца захоўваць гэту тэхніку, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Адносна паліва: мы ў гэтым годзе пастараемся дапамагчы. Але майце на ўвазе, гэта не дабрачыннасць, за ўсё трэба разлічвацца".

Прэзідэнт адзначыў, што добра ведае сітуацыю ў АПК у цэлым па краіне і ў разрэзе абласцей. "Больш за ўсё мяне насцярожваюць Гомельская і Віцебская вобласці", - сказаў ён.

Прэзідэнт нагадаў, што віцэ-прэм'ер Юрый Назараў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко паабяцалі прыняць усе магчымыя меры і вывесці рэгіён на добры ўзровень. "Для гэтага трэба выкарыстоўваць усё. У нас самая складаная сітуацыя, калі ў цэлым узяць, у Гомельскай вобласці. Там і надвор'е, і засуха, і яшчэ нешта - гэта аб'ектыўныя рэчы. Там цяпер адчуваецца чарнобыльскі ажыятаж: 30 с нечым гадоў мінула з часоў Чарнобыля, а ўсё ж такі водгукі вельмі чуваць і цяпер - ад таго, што мы напалохалі, разагналі людзей. Так, Гомельская вобласць аднаўляецца з пункту гледжання Чарнобыля, але ўсё ж такі яшчэ рэшткі гэтыя ёсць. Гэта таксама аб'ектыўная рэч. Але ёсць і вельмі сур'ёзныя недапрацоўкі", - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

У прыватнасці, Гомельская вобласць павінна канчаткова вызначыцца са структурай севазвароту. Сёлетняя ўраджайнасць па асобных культурах вельмі нізкая ў рэгіёне, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Гэта пытанне, паводле яго слоў, актуальнае і для паўночнага рэгіёна рэспублікі.

Аб сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе Віцебскай вобласці на нарадзе далажыў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. Прагноз у яго аптымістычны: усе праблемы - па нарыхтоўцы кармоў, раслінаводстве, вытворчасці малака, птушкагадоўлі і жывёлагадоўлі - вырашаюцца. Не такое вострае, як у папярэднія гады, пытанне гатоўнасці тэхнікі, заявіў Ігар Брыло.

"Я хачу, каб вы пры ацэнках і развагах памяталі элементарнае: міліцыя атрымала даручэнне - калі не будзе забяспечана нармальнае захоўванне тэхнікі, нават няхай не разлічваюць, што мы будзем дапамагаць, - папярэдзіў Прэзідэнт. - Калі няма машыннага двара і магчымасці абслугоўваць гэту тэхніку, няма дзесяці ці пяці класных механізатараў - вы нават не прасіце. Аж да крымінальнай адказнасці".

Як ідуць справы ў Гродзенскай і Магілёўскай абласцях, губернатары гэтых рэгіёнаў нядаўна асабіста дакладвалі кіраўніку дзяржавы. У бліжэйшым будучым, дадаў Аляксандр Лукашэнка, ён мае намер на месцы вывучыць стан спраў у Мінскай вобласці.

"Міншчына - гэта не проста вобласць. Гэта паўкраіны. Калі Мінская вобласць спрацуе добра, значыць, будзе добра і краіне ў цэлым", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка мае намер у бліжэйшы час пабываць і ў Гродзенскай вобласці, паглядзець шэраг навацый. Прапрацоўваецца рабочая паездка і ў Магілёўскую вобласць.

Да губернатараў Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей Прэзідэнт толькі звярнуўся з пытаннем, ці ёсць у іх якія-небудзь тэмы для абмеркавання. Тэмы былі. Яны датычыліся падтрымкі па пытанні паліва і разлікаў па адпаведным таварным крэдыце, забеспячэння фінансавання для разлікаў за вырабленую сельгаспрадукцыю. Аляксандр Лукашэнка даў у сувязі з гэтым неабходныя даручэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі