
16 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў светлае свята Вялікадня запаліў свечку ў Спаса-Праабражэнскім храме ў Шклове, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Для мяне сённяшні дзень асаблівы. Я заўсёды з вялікім хваляваннем, ці пралятаючы з працяглых камандзіровак з усходу, ці прыязджаючы сюды, з хваляваннем з паветра гляджу на гэту добрую зямлю, - адзначыў Прэзідэнт, гаворачы пра сваю малую радзіму. - Вы для мяне людзі асаблівыя, вы гэта ведаеце. Менавіта з вас, вашых бацькоў усё некалі пачалося ў нас з вамі. Перш за ўсё ў мяне і ў маім жыцці. Калісьці вы зусім юнаму чалавеку паверылі і адправілі мяне з гэтай зямлі ў доўгі шлях".
"Асабліва моладзі хачу сказаць (я тады гэтага не разумеў), наколькі з цягам часу цягне дадому. Таму рана ці позна ўсе мы вернемся сюды дадому. Таму я з асаблівым хваляваннем і пачуццём заўсёды бываю тут. Але, як вы заўважылі, у Шклове я спыняўся вельмі рэдка. Можа, і ўплывалі гэтыя хваляванні. Але прыходзіць некалі час, калі цябе асабліва цягне дадому на радзіму. Кажуць, калі табе нешта часта сніцца, то трэба туды прыехаць. Таму я і прыехаў сёння да вас - сваіх блізкіх добрых людзей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў землякам за тую веру, якую яны падарылі яму шмат гадоў таму, за тое, што яны зрабілі ў яго жыцці. "Не скажу, што яна для мяне была вельмі салодкай. Але так ужо здарылася", - заўважыў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Вялікдзень - светлае і добрае свята, напоўненае асаблівымі чаканнямі, як і навагоднія дні. "Усе нашы, і духоўныя, і свецкія, святы вельмі каштоўныя для нас, нашага народа. Ну хто скажа, што для нас Дзень Перамогі не каштоўнае свята?.." - адзначыў беларускі лідар.
Што датычыцца Вялікадня, то ў гэта свята кіраўніку дзяржавы хочацца проста жыць спакойна, нічога не гаварыць і слухаць цішыню. "У мяне так. Напэўна, і ў многіх. Хоць пасля працяглага посту людзі рыхтуюцца: і чарку, і скварку, і кавалачак хлеба, і кулічы, і булачкі, і іншае... Усё гэта ёсць. Але ўсё роўна гэта дзень асаблівы, дзень шануемы", - падзяліўся меркаваннем ён.
"З гэтага старажытнага храма я хачу павіншаваць нашых беларусаў, усіх, хто нас сёння ўбачыць. І яшчэ раз хачу, падзякаваўшы, павіншаваць вас з гэтым добрым і светлым святам. Самае галоўнае - міру вам і здароўя", - пажадаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар Спаса-Праабражэнскаму храму абраз "Гасподзь Уседзяржыцель". Гэты абраз - адзін з самых старажытных і шануемых у народзе тыпаў выявы Збавіцеля. "Ён для мяне каштоўны тым, што зроблены рукамі нашага беларуса. Няхай будзе ў вас", - адзначыў кіраўнік дзяржавы.
У сваю чаргу Прэзідэнту ад храма падораны абраз "Уваскрэсенне Хрыстова" з дванадзясятымі святамі. Яна выканана ў тэхніцы мініяцюрнага жывапісу метадам нанясення эмалі.
Будаўніцтва Спаса-Праабражэнскай царквы ў Шклове пачалося ў канцы XVIII стагоддзя фаварытам імператрыцы Кацярыны II Сямёнам Зорычам, а завершана ў другой палавіне XIX стагоддзя на сродкі глыбока веруючай жыхаркі горада Агаф'і Сідаравай, якая лічыцца заснавальніцай гэтай святыні. Храм заставаўся дзеючым у гады атэізму і Вялікай Айчыннай вайны. У 2014 годзе адзначалася 150-годдзе заснавання храма.-0-