
9 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам і гасцям XXII Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
"За гады існавання творчы форум значна пашырыў мастацкія гарызонты і стаў знакавай культурнай падзеяй, - гаворыцца ў прывітанні. - У гэтыя святочныя дні маладзечанская зямля зноў аб'ядноўвае яркіх, таленавітых паэтаў, кампазітараў і выканаўцаў. Тысячы гледачоў будуць сведкамі зараджэння новых зорных імёнаў і атрымаюць задавальненне ад цікавых праектаў".
Сённяшняе музычна-паэтычнае мерапрыемства, прысвечанае Году міру і стварэння, прадоўжыць лепшыя традыцыі нацыянальнага мастацтва, заснаваныя на высокіх ідэалах дабра, гуманізму і ўзаемаразумення, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў гасцям, удзельнікам і арганізатарам фестывалю шчасця, моцнага здароўя і творчага натхнення.-0-