ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Малавоблачна +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
03 ліпеня 2022, 10:15

Лукашэнка: лёсавызначальная дата 3 ліпеня назаўсёды ўпісана ў каляндар галоўных дзяржаўных свят

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

3 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Лёсавызначальная ў гісторыі беларускага народа дата 3 ліпеня назаўсёды ўпісана ў каляндар галоўных дзяржаўных свят. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўскладання вянка ў мемарыяльным комплексе "Курган Славы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паважаныя суайчыннікі і госці нашай краіны! Перш за ўсё хачу павіншаваць вас з Днём Незалежнасці - днём вызвалення сталіцы нашай Радзімы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэта лёсавызначальная ў гісторыі беларускага народа дата назаўсёды ўпісана ў каляндар галоўных дзяржаўных свят", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што 3 ліпеня ў краіне традыцыйна звяртаюцца да гісторыі Вялікай Айчыннай вайны: успамінаюць герояў, якія цаной свайго жыцця падарылі беларусам свабоду, расказваюць пра подзвігі дзядоў і бацькоў дзецям і ўнукам, прыходзяць з імі да месцаў баявой славы і сумнай памяці. "Гэты штогадовы рытуал - сама менш, што мы можам зрабіць у імя і славу тых, дзякуючы каму жывём, ствараем сем'і, гадуем дзяцей", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Сёння мы з вамі сабраліся каля аднаго з самых вядомых манументаў, узведзеных у гонар воінаў Чырвонай Арміі. У гонар нашых герояў, якія 78 гадоў таму вызвалялі Беларусь ад фашызму. Гэты велічны курган, як вартавы гістарычнай памяці, паказвае нам той легендарны рубеж, адкуль пачалося наступленне савецкіх войскаў, якія канчаткова знішчылі асноўныя сілы нямецкай групы армій "Цэнтр" і вызвалілі нашу сталіцу", - нагадаў Аляксандр Лукашэнка.

Тут жа замкнулася кола Мінскага катла, у які трапілі больш за 100 тыс. гітлераўцаў. Большая частка з іх засталася ляжаць у беларускай зямлі.

"Так пераможна завяршыўся першы этап знакамітай аперацыі "Баграціён", выдатна праведзенай таленавітымі палкаводцамі, камандуючымі франтамі Канстанцінам Ракасоўскім, Іванам Баграмянам, Георгіем Захаравым, Іванам Чарняхоўскім. Беларусы павінны помніць гэтыя імёны. Нашы дзяды і бацькі перамаглі, але праз усё жыццё пранеслі боль страт сваіх баявых таварышаў, якія бясстрашна ішлі на смерць за нашу свабоду, за нашу агульную перамогу. Гонар і слава ўсім загінулым у баях за вызваленне нашай Радзімы!" - сказаў Прэзідэнт.

Памяць пра герояў на цырымоніі каля Кургана Славы ўшанавалі мінутай маўчання.

У святочны дзень каля мемарыяльнага комплексу разгарнулася вялікая святочная пляцоўка, дзе кожны ўдзельнік урачыстасці можа знайсці занятак даспадобы. Вялікая экспазіцыя ўзбраення і тэхнікі, у тым ліку ваенных гадоў, пачастункі, прадукцыя народных промыслаў, песні і танцы, спартыўныя мерапрыемствы і шмат іншага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі