Сцяг Нядзеля, 14 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 студзеня 2024, 20:00

Лукашэнка: якасць - гэта не толькі пра эканоміку і вытворчасць, а перш за ўсё пра чалавека

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на прыёме ад імя Прэзідэнта Беларусі на стары Новы год звярнуў увагу, што якасць жыцця звязана не толькі з эканомікай і вытворчасцю, але перш за ўсё залежыць ад саміх людзей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт нагадаў, што на працягу мінулага 2023 года ў Беларусі ішлі да міру праз стварэнне, умацоўвалі адзінства, каштоўнасці і асновы беларускай дзяржавы.

Бягучы год аб’яўлены ў Беларусі Годам якасці. "Хачу, каб вы разумелі: якасць - гэта не толькі пра эканоміку і вытворчасць. Напэўна, гэта перш за ўсё, гэта важна. Але гэта перш за ўсё пра чалавека", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"У чым сутнасць? Калі кожны чалавек, беларус, наш госць, нашы суседзі, сябры разам з намі пражывуць гэты год і запомняць яго як Год якасці - значыць, атрымалася. Таму трэба зрабіць усё, каб якасць пранізвала кожнага чалавека", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі ўмеюць рабіць усё для жыцця людзей, але часам ёсць недахоп якасці: "Мы ўмеем рабіць, умеем жыць, але трэба рабіць гэта якасна".

Асабліва гэта важна на інфармацыйным фронце, дзе журналістам і экспертам даводзіцца працаваць амаль у баявой абстаноўцы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "У нас няма пакуль (хоць мы часта гаворым аб гэтым) інфармацыйнай вайны. Пакуль няма. Трэба зрабіць усё, каб яе не было, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але ёсць жорсткае проціборства. Яно заўсёды і ўсюды пачынаецца з унутранай блытаніны, і гэта суправаджаецца інфармацыйным процістаяннем, а потым і інфармацыйнай вайной. Не хацелася б, каб гэты працэс у такім рэчышчы прадаўжаўся. Трэба яго спыніць".

Звяртаючыся да журналістаў, Прэзідэнт падкрэсліў: "Будзьце вельмі акуратныя і асцярожныя. Запомніце: ідзём па тонкім лёдзе. Слова сёння вельмі важнае, і яно павінна біць у цэль, у пэўным напрамку, але яно павінна быць вельмі акуратным і асцярожным. І перабраць нельга. Слова і факты з’яўляюцца ў нас з вамі галоўнай зброяй у барацьбе за духоўнасць, традыцыйныя каштоўнасці і сапраўдныя сэнсы".

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім, каб 2024 год аказаўся шчодрым на яркія, запамінальныя, добрыя падзеі, ажыццявіў самыя запаветныя мары, стаў шчаслівым часам для новых ідэй і новых здзяйсненняў.

"Я абсалютна перакананы, што мы справімся з усімі праблемамі, задачамі дастойна. Паколькі для сапраўдных патрыётаў, якія справамі і думкамі ствараюць сучаснасць і будучыню нашай Беларусі, лёс Айчыны - самае важнае і самае каштоўнае", - заявіў кіраўнік дзяржавы.

Удзельнікам прыёму Прэзідэнт пажадаў, каб гэта сустрэча пакінула ў памяці цёплыя і радасныя ўражанні.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі