ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 2 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -8°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
15 верасня 2022, 16:48

Лукашэнка і Сі Цзіньпін сустрэліся ў Самаркандзе

У час сустрэчы
У час сустрэчы

15 верасня, Самарканд /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка і Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін сустрэліся ў Самаркандзе, куды лідары краін прыбылі для ўдзелу 15-16 верасня ў саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Паважаны Прэзідэнт Лукашэнка, мой добры сябар, вельмі рады сустрэчы з вамі. Гэта наша першая вочная сустрэча з пачатку пандэміі. Сустрэча старых сяброў заўсёды цёплая. За 30 гадоў дыпламатычных адносін Кітая і Беларусі нашы двухбаковыя адносіны бесперапынна павышаюцца. Сумесна са спадаром Прэзідэнтам дасягнутыя дамоўленасці эфектыўна рэалізуюцца, усебаковае супрацоўніцтва дзвюх краін вызначаецца трываласцю і ўстойлівасцю. Па выніках сустрэчы мы прымаем сумесную дэкларацыю аб устанаўленні адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, ажыццяўляючы гістарычны ўздым нашага супрацоўніцтва на новы ўзровень", - заявіў Сі Цзіньпін.

Ён запэўніў, што гатовы і далей сумесна з беларускім лідарам прыкладаць намаганні для рэалізацыі ўзаемнай палітычнай падтрымкі, актывізацыі ўсяго комплексу кітайска-беларускага супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін. Старшыня КНР таксама падзякаваў за асаблівую ўвагу да кітайска-беларускіх адносін.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка запэўніў Старшыню КНР Сі Цзіньпіна ў надзейнасці беларускай дружбы.

"Дарагі Старшыня, дзякую вам за тыя добрыя словы, якія вы толькі што сказалі. Калі вы хочаце ведаць нашы адносіны да Кітайскай Народнай Рэспублікі і вас асабіста цяпер, памножце тое, што вы сказалі, на два. Вы заўсёды для нас былі не проста моцным, надзейным сябрам, але і сур'ёзнай апорай у гэты няпросты час. Які час, вы не горш за мяне ведаеце", - заявіў Прэзідэнт.

"Яшчэ раз хачу пацвердзіць нашу нацэленасць на паглыбленне адносін. Мы заўсёды падтрымлівалі Кітай ва ўсіх прынцыповых пытаннях. Такіх як эканамічны рост, адзінства, цэласнасць Кітая, палітыка "аднаго Кітая". Па ўсіх пытаннях мы заўсёды былі побач, і нават калі нехта хацеў бы нас у нечым папракнуць, не знайшоў бы такой прычыны, - падкрэсліў беларускі лідар. - Так будзе заўсёды. Мы надзейныя сябры. Чаго б нам ні каштавала, калі мы паабяцалі, мы гэтай палітыкі і практыкі будзем прытрымлівацца".

Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў кітайскаму калегу за тое, што ў няпросты час - пандэмію і нестабільнасць у свеце - бакі знайшлі ў сабе сілы і рашучасць для таго, каб вывесці адносіны на новы ўзровень жалезнага братэрства, узорнага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва і ўсепагоднага партнёрства. "На вельмі прыстойны і дастойны ўзровень. І мы зробім усё для таго, каб вы не пашкадавалі аб гэтым і не памыліліся ў сваім выбары", - запэўніў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі за падтрымку Беларусі ў пытанні набыцця статусу паўнапраўнага члена Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. "Я, сустракаючыся з вашымі калегамі, членамі ШАС, гаварыў аб тым, што, напэўна, не будзе ні ў адной краіны ніякіх прэтэнзій да Беларусі наконт выканання прынцыпаў супрацоўніцтва ў рамках ШАС. Ну, а такі немалы і надзейны сябар у Еўропе, як Беларусь, заўсёды будзе карысны не толькі для Шанхайскай арганізацыі, але і для КНР", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама падзякаваў кіраўніку МЗС КНР, усяму знешнепалітычнаму ведамству Кітая, Міністэрству камерцыі гэтай краіны за рашучасць і хуткасць дзеянняў, з якімі бакі рэалізуюць дамоўленасці. "Той "Вялікі камень", які мы з вамі заклалі ў Беларусі, расце, пашыраецца, нягледзячы на перашкоды асобных дзяржаў. Мы поўныя рашучасці і далей прадаўжаць гэта развіццё", - заявіў беларускі лідар.

"Я асабіста хачу падзякаваць вам за падтрымку развіцця біятэхналагічнай галіны. Я дзякую кітайскім нашым сябрам. Мы дамовіліся, што ў бліжэйшы час сустрэнемся ў Мінску і падумаем над тым, як пашырыць наша супрацоўніцтва не толькі ў сферы біятэхналогій, але і матэматыкі, фізікі, оптаэлектронікі. Там, дзе і ў нас тэхналогіі даволі высокія, і ў якіх КНР мае патрэбу", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сустракаўся са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам 11 разоў: у рамках праведзеных візітаў у КНР у 2010, 2013, 2015, 2016, 2017, 2018 і 2019 гадах, на палях Ташкенцкага (2016 год), Астанінскага (2017 год), Бішкекскага (2019 год) самітаў ШАС, а таксама ў ходзе візіту Сі Цзіньпіна ў Беларусь у 2015 годзе.

У верасні 2016 года лідары Беларусі і Кітая ўстанавілі адносіны давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Дасягнута прынцыповая дамоўленасць аб павышэнні ўзроўню да "жалезнага братэрства, узорнага ўсебаковага стратэгічнага супрацоўніцтва і ўсепагоднага партнёрства".

У мэтах вырашэння прыярытэтных задач па развіцці адносін з Пекінам і вывядзення практычнага супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень 3 снежня 2021 года падпісана Дырэктыва нумар 9 Прэзідэнта Беларусі "Аб развіцці двухбаковых адносін Рэспублікі Беларусь з Кітайскай Народнай Рэспублікай".

Кітай традыцыйна ўваходзіць у тройку буйнейшых гандлёвых партнёраў Беларусі. Па выніках 2021 года тавараабарот з Кітаем дасягнуў $5,1 млрд (111,5 працэнта да ўзроўню 2020 года), экспарт - $911,9 млн (117,3 працэнта), імпарт - $4,19 млрд (110,3 працэнта). За студзень - ліпень 2022 года аб'ём гандлю таварамі склаў $3,07 млрд (110,2 працэнта да паказчыка аналагічнага перыяду 2021 года), экспарт - $943,3 млн (198,9 працэнта), імпарт - $2,13 млрд (тэмп - 92,4 працэнта).

Асноўныя пункты росту экспарту: калійныя ўгнаенні, ялавічына замарожаная, мяса і харчовыя субпрадукты свойскай птушкі, лесаматэрыялы падоўжна-распілаваныя, малако і вяршкі згушчаныя і сухія, спецыфічныя тавары, малочная сыроватка. У структуры беларускага экспарту назіраецца ярка выяўленая перавага ў пастаўках харчовай і сельгаспрадукцыі. Беларусь знаходзіцца ў топ-10 пастаўшчыкоў у Кітай калійных угнаенняў (3-е месца), малочнай сыроваткі (5-е месца), мясной прадукцыі (мяса курыцы і ялавічына (7-е і 9-е месцы), рапсавага алею (11-е месца).

На 1 жніўня 2022 года акрэдытаваны для паставак сваёй прадукцыі ў Кітай 162 беларускія вытворцы. 63 прадпрыемствы выпускаюць малочную прадукцыю, 18 пастаўляюць замарожаную ялавічыну, 11 - замарожанае мяса курыцы, 9 - замарожаныя ягады, 7 - апрацаваную рыбную прадукцыю. Больш за 20 вытворцаў прадстаўляюць кандытарскую, алкагольную і іншыя сферы харчовай прамысловасці.

Па выніках 2021 года аб'ём інвестыцый з Кітая ў Беларусь склаў $109,2 млн (104,5 працэнта да ўзроўню 2020 года), у тым ліку прамыя - $74,8 млн (137,6 працэнта). У гэтым годзе назіраецца значны рост інвестыцыйнай актыўнасці.

У 2021 годзе з удзелам кітайскіх кампаній у Беларусі рэалізоўвалася больш за 50 інвестыцыйных праектаў (44 з іх у "Вялікім камені"). На індустрыяльны парк прыпадае асноўны прыток інвестыцый. У праект усімі ўдзельнікамі ўкладзена $753,7 млн. Доля бюджэтных укладанняў мінімальная - 5 працэнтаў, або каля $35,6 млн. У мэтах удасканалення прававога рэгулявання і паляпшэння інвестыцыйнага клімату індустрыяльнага парка 11 чэрвеня 2021 года прыняты ўказ Прэзідэнта, які прадугледжвае пашырэнне відаў дзейнасці, падтрымку стартапаў і стварэнне прэферэнцыйных умоў для значных інвестыцыйных праектаў. На 10 жніўня 2022 года ў "Вялікім камені" зарэгістраваны 93 рэзідэнты з 15 краін, у тым ліку 46 з кітайскім капіталам. Агульная сума заяўленых інвестыцый складае $1,25 млрд. У 2022 годзе зарэгістравана 8 новых рэзідэнтаў, з якіх 4 - з кітайскім капіталам.

Актыўна развіваецца супрацоўніцтва з Кітаем і ў крэдытна-фінансавай сферы. За кошт урадавых пазык Кітая па дзеючых крэдытных пагадненнях рэалізавана 25 праектаў на агульную суму амаль $4,73 млрд, у стадыі рэалізацыі знаходзяцца чатыры праекты на $2,26 млрд.

Ажыццяўляецца таксама шэраг праектаў у сферы тэхніка-эканамічнай дапамогі. Вызначаны тры ключавыя напрамкі супрацоўніцтва на сярэднетэрміновую перспектыву да 2025 года: праекты "Нацыянальны футбольны стадыён" і "Басейн міжнароднага стандарту"; падтрымка развіцця індустрыяльнага парка "Вялікі камень"; садзейнічанне стабільнасці і бяспецы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі