
16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю замежным і беларускім СМІ перадаў параду Уладзіміру Зяленскаму і перасцярог яго ад паўтарэння сумнага вопыту Гарбачова і Ельцына, якім таксама апладзіравалі і крычалі "ўра" на Захадзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў заходніх СМІ, кіраўнік дзяржавы прапанаваў ім "папрацаваць з Зяленскім" і перадаць яму слушную параду: "Не трэба адпіхвацца ад Еўропы, ад Амерыкі. Яны ўсё ж такі падтрымлівалі яго, і ён ім абавязаны. Але трэба крыху сюды павярнуцца і заняць больш незалежную прагматычную пазіцыю ў інтарэсах украінскага народа і будучыні Украіны".
"Не буду канкрэтызаваць, таму што гэта доўгая размова. Вельмі шмат сёння залежыць ад украінскага боку. Не скажу, што ўсё - ад Валодзі Зяленскага (ён шмат ужо страціў, але яшчэ не ўсё)", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт, у прыватнасці, згадаў аб нядаўніх паездках Уладзіміра Зяленскага па краінах Заходняй Еўропы, дзе яму апладзіравалі і віталі крыкамі "ўра". "А памятаеце: Міхаіл Сяргеевіч Гарбачоў - "Горбі! Горбі! (так коратка называлі Гарбачова на Захадзе. - Заўвага БЕЛТА), Ельцын - у Амерыцы, там смяяліся, апладзіравалі. І тыя лідары, якім апладзіравалі і крычалі "ўра" на Захадзе, дрэнна заканчвалі. Ты не думаў, Стыў, што гэта можа здарыцца і з Прэзідэнтам Украіны? Падумай", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прадстаўніка кампаніі Бі-бі-сі.-0-