Сцяг Аўторак, 28 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
13 лютага 2024, 16:32

Лукашэнка даручыў да верасня вырашыць усе выяўленыя ў вышэйшай адукацыі праблемы

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да верасня вырашыць усе выяўленыя ў вышэйшай адукацыі праблемы. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Маё патрабаванне пасля сённяшняй нашай сустрэчы: усе праблемы агучаны, трэба іх пералапаціць, паглядзець. Гэта праблема ёсць - яе трэба вырашаць, гэта не так прагучала - убок або ставім 25-й праблемай. Усё гэта па ранжыры выбудаваць і вырашыць. Да верасня гэта павінна быць вырашана, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Вы павінны арганізаваць гэты працэс. Тут члены ўрада, вышэйшыя службовыя асобы прысутнічаюць і рэктары ВНУ. Арганізуйце гэта. Спагнанне будзе сур'ёзным. Да 1 верасня мы павінны на маім узроўні сабрацца. І вы мне павінны і паказаць, і далажыць. І падручнікі, і іншае. Пачніце з гуманітарнага (напрамку. - Заўвага БЕЛТА)".

Што датычыцца падручнікаў, Прэзідэнт канстатаваў, што не так шмат тых дысцыплін, дзе трэба сапраўды грунтоўна папрацаваць з вучэбнымі матэрыяламі. Напрыклад, у дакладных дысцыплінах такой неабходнасці, як правіла, няма. У астатнім жа падрыхтоўку абноўленых падручнікаў Аляксандр Лукашэнка прапанаваў даручыць рэктарам ВНУ: "Давайце дадзім па падручніку кожнаму рэктару. Няхай ён арганізуе напісанне гэтага падручніка".

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым арыентуе, каб матэрыял выкладаўся зразумелай мовай, а нешта, магчыма, варта ўзяць у тым ліку з савецкіх падручнікаў.

Прэзідэнт у час сустрэчы актыўна цікавіўся ўсімі праблемамі, якія ёсць сёння ў сістэме вышэйшай школы, і тым, чаго не хапае для іх вырашэння. Былі закрануты тэмы фінансава-эканамічнага складніка дзейнасці ВНУ, кошту платнага навучання і рэнтабельнасці работы ўстаноў вышэйшай адукацыі. "Паглядзіце эканоміку дзейнасці ВНУ", - запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка жорстка запатрабаваў, у тым ліку ад урада і Міністэрства адукацыі вырашаць існуючыя праблемы дакладна, своечасова і з улікам сучасных запатрабаванняў.

Міністр адукацыі Андрэй Іванец падрабязна далажыў аб прынятых мерах па павышэнні якасці вышэйшай адукацыі.
 
Аб ролі Рэспубліканскага савета рэктараў і рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў сферы вышэйшай адукацыі на мерапрыемстве далажыў старшыня гэтага савета, рэктар БДУІР Вадзім Богуш.

"За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па ўкараненні новых адукацыйных стандартаў і ў цесным супрацоўніцтве абнаўляем кваліфікацыі, распрацоўваем новыя спецыяльнасці", - адзначыў ён.

У мадэрнізацыі вучэбных дапаможнікаў імкнуцца "ісці ад зямлі", задзейнічаючы тэхналагічную базу арганізацый і спецыялістаў-практыкаў.

Вадзім Богуш адзначыў і вялікую праведзеную работу ў частцы пашырэння магчымасцей для падбору матываваных абітурыентаў, але канстатаваў, што трэба больш актыўна дзейнічаць яшчэ на ўзроўні школ. Не менш важная тэма - умацаванне сувязі адукацыі, навукі і вытворчасці, далучэнне студэнтаў да прафесійнай дзейнасці.

Старшыня Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Аляксандр Гучок расказаў аб праблемах павышэння эфектыўнасці ўзнаўлення кадравага патэнцыялу навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Ён канстатаваў некаторыя трывожныя тэндэнцыі ва ўзнаўленні навуковых кадраў. Цэнтральныя - гэта павелічэнне сярэдняга ўзросту навуковых кадраў і зніжэнне колькасці прысуджаных вучоных ступеней кандыдата навук.

Нягледзячы на гэтыя моманты, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць зніжэння планкі патрабаванняў да суіскальнікаў на атрыманне той ці іншай вучонай ступені. "Абы кандыдаты, абы дактары - яны нам не патрэбны, - сказаў ён. - Вы павінны жорстка стаяць на варце нарматыўна-прававой базы, якая фарміруе патрабаванні да гэтых суіскальнікаў. Ніякага тут паслаблення быць не павінна. Нам не патрэбны дысертацыі дзеля дысертацый. Самае жорсткае запатрабаванне тут павінна быць. - Ах, у нас менш кандыдатаў будзе! Ну няхай будзе менш, але гэта будуць сапраўдныя вучоныя. Гэтак жа, як і дактары навук. Доктар навук - гэта свяціла".

Рэктар Беларускай дзяржаўнай ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў расказаў аб развіцці сістэмы падрыхтоўкі кадраў з улікам патрэбнасцей рынкаў працы. Размова тут і аб мэтавай падрыхтоўцы, практыкаарыентаваным падыходзе, стварэнні прывабных умоў для работы маладых спецыялістаў.

Аляксандр Лукашэнка асобна цікавіўся арганізацыяй вучобы ў ВНУ тых, хто працуе ўжо ў сельскай гаспадарцы, але хацеў бы атрымаць дадатковыя веды, развівацца ў прафесіі. Тут, падкрэсліў ён, важна не напужаць людзей завышанымі патрабаваннямі або перагружанай адукацыйнай праграмай, а мэтанакіравана даваць студэнтам менавіта тыя веды, якія ім неабходны. Кіраўнік дзяржавы абазначыў гэта пытанне ў тым ліку на ўласным вопыце, таму што ў свой час скончыў сельгасакадэмію па эканамічным профілі.

"Гэта трэцяя ўжо была адукацыя пасля палітычнай (першая - гістарычная. - Заўвага БЕЛТА). Я свядома прыйшоў на эканамічны факультэт, таму я ведаў, што ў сельскай гаспадарцы мне і патрэбна будзе эканомка. Усё астатняе - раслінаводства, жывёлагадоўля і іншае, - я там асвою на практыцы. Я - вясковы", - сказаў ён.

Аднак у час вучобы там былі і куды менш профільныя для работы ў сельскай гаспадарцы прадметы. "Статыстыка на такім узроўні! Я, Прэзідэнт сёння, успамінаю - і тое думаю: "Навошта гэта мне было?" Таму задаю пытанне і прад'яўляю патрабаванні да вашых праграм і бачу загадчыцу фермы, якая папрацавала крыху пасля каледжа. Выдатны спецыяліст, але да вас яна не пойдзе - яна баіцца вашай праграмы, яна баіцца вучыцца ў гэтай акадэміі, - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. - Спрашчацца не трэба. Але трэба прапанаваць тое, што ім патрэбна".

Кіраўнік дзяржавы і ў дадзеным выпадку, і ў цэлым патрабуе адыходзіць ад фармалізму. Гэта датычыцца не толькі працэсу вучобы ў ВНУ, але і ўступных экзаменаў, адбору перспектыўных студэнтаў, падыходаў у рабоце з моладдзю і замацаванні кадраў.

"Адыходзіць трэба ад фармалізму. Для мяне важна, каб мы не страцілі яшчэ і прывабнасць беларускай адукацыі. Я жорстка стаўлю гэта пытанне не таму, што ў нас зусім дрэнна. Не. 30 тыс. навучаюцца з-за мяжы і плацяць добрыя грошы. Значыць, не ўсё дрэнна. Але трэба ўзварухнуцца, каб было лепш. Таму што заўтра страцім той узровень, які ёсць", - сказаў Прэзідэнт.

Напрыклад, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў наступным годзе будзе сур'ёзнае спагнанне з усіх за прыём абітурыентаў і камплектаванне ВНУ: "У адваротным выпадку навошта рэктар патрэбны? А ўжо рэктар павінен закруціць усіх. Гэта ж нікуды не варта: збіраемся і тут адзін аднаму расказваем, якія у вас праблемы і складанасці. Ну вы іх вырашайце на сваім узроўні. І трэба спыніць гэту балбатню і ўсякія размовы".

Прэзідэнт растлумачыў, чаму ён так жорстка ставіць гэтае і іншыя пытанні. "У нас ідзе змена пакаленняў. Усе, хто сядзяць тут, рана ці позна сыдуць. А хто прыйдзе за намі? Ці не будзем мы сябе дакараць, што нешта не зрабілі? Трэба ўсім заварушыцца! Ад нас жа з вамі залежыць, што будзе заўтра ў Беларусі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Мы сёння павінны думаць, хто прыйдзе пасля нас. Нам трэба для нашых дзяцей выбудаваць нармальную сістэму і пакінуць яе. І мы ж не паміраем. Мы будзем глядзець збоку, будзем локці кусаць: чаму мы гэтага не зрабілі, чаму не вырашылі. Трэба прывесці да розуму вышэйшую школу. Без гэтага мы нікуды не рушым".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі