Сцяг Серада, 17 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
10 сакавіка 2023, 20:00

Лукашэнка даручыў да канца года разабрацца ў пытанні падведамных інстытутаў

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў да канца года разабрацца ў пытанні падведамных інстытутаў. Адпаведнае даручэнне кіраўнік дзяржавы даў на пасяджэнні Савета Міністраў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт звярнуў увагу на неабходнасць рацыянальнага расходавання сродкаў у сістэмах тых ці іншых міністэрстваў і ведамстваў. У якасці прыкладу Аляксандр Лукашэнка прывёў наяўнасць вялікай колькасці арганізацый па павышэнні кваліфікацыі, якія існуюць пры ведамствах, у той час як адпаведную работу часта больш рацыянальна было б арганізаваць на базе асноўных дзеючых ВНУ. "Калі мы хочам павысіць нейкую кваліфікацыю, ну давайце на базе дзеючых універсітэтаў гэта рабіць. Навошта асобна ствараць структуры і іх фінансаваць? Прачніцеся нарэшце і паглядзіце, куды вы траціце грошы. Зразумела, у вас не хопіць ні настаўнікаў, ні ўрачоў таму, што яны чорт ведае на што адцягнуты", - заўважыў беларускі лідар.

Блок сацыяльных пытанняў абмяркоўваўся ў час даклада намесніка прэм'ер-міністра Ігара Петрышэнкі. Размова ішла аб рабоце ўстаноў сферы адукацыі, аховы здароўя, культуры. У якасці прыкладу разглядаўся інстытут павышэння кваліфікацыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Прэзідэнт спытаў кіраўніка міністэрства Ірыну Касцевіч, наколькі абгрунтавана і неабходна наяўнасць асобнага такога інстытута. "Галіна - 40 тысяч чалавек, яна шматпланавая і шматпрофільная, - адказала міністр. - У год мы павышаем кваліфікацыю работнікаў па ўсіх напрамках ад 1,5 тыс. да 1,8 тыс. чалавек". Гэта, напрыклад, спецыялісты па сацыяльнай рабоце, па рэабілітацыі, якія асвойваюць новыя падыходы ў сацыяльнай рэабілітацыі.

"Справа ў самой сутнасці, у сістэме: калі рэабілітацыя, то ў рэабілітацыйным цэнтры (правесці заняткі па павышэнні кваліфікацыі. - Заўвага БЕЛТА). А чаго выкладчыка клікаць у міністэрства на 5-ы паверх. Адвязі туды, дзе рэабілітацыю праводзяць", - прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

"Лішніх грошай няма. Добра ў цябе - 60 (колькасць работнікаў інстытута пры Мінпрацы. - Заўвага БЕЛТА). Але гэта ж у кожнага міністра гэтыя ўніверсітэты-інстытуты", - заўважыў Прэзідэнт.

Як растлумачыў па гэтай тэме старшыня КДК Васіль Герасімаў, часта работа, якая павінна ажыццяўляцца міністэрствамі, перакладаецца на гэтыя інстытуты. "Тым самым колькасць, якую мы вызначаем па дзяржапараце, раздута за кошт гэтых незразумелых структур, якія побач", - абазначыў праблему кіраўнік ведамства.

Аляксандр Лукашэнка, выслухаўшы аргументы за і супраць, даручыў да канца года разабрацца з пытаннем такіх інстытутаў ва ўсіх галінах. "Трэба ўшчыльняцца", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

У цэлым ён запатрабаваў наводзіць парадак у кожным пытанні, і гэта датычыцца ўсіх ведамстваў, у тым ліку сілавых структур.

"Мы павінны ўсё прывесці ў ідэальны стан", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі