ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 5 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -7°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 жніўня 2022, 10:16

Лукашэнка даручыў да канца года наладзіць у Беларусі вытворчасць упакоўкі для прадуктаў харчавання

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскага малочнага завода нумар 1
Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскага малочнага завода нумар 1

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання Мінскага малочнага завода нумар 1 даручыў да канца года наладзіць у Беларусі вытворчасць упакоўкі для прадуктаў харчавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб уласнай вытворчасці ўпакоўкі і запчастак

"Каб гэты ўпаковачны матэрыял быў выраблены ў Беларусі. Каб да канца года матэрыял быў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - А то будзем зноў рукамі разводзіць. Хімічная прамысловасць у нас суперразвітая, а мы не можам упакоўку гэту вырабіць. Каб да канца года яна была".

Упаковачны матэрыял для некаторых відаў прадукцыі, напрыклад малака, беларускія прадпрыемствы закуплялі за мяжой. Цяпер з гэтым узніклі некаторыя цяжкасці, што ў тым ліку паўплывала на аб'ёмы пастаўляемай на ўнутраны рынак прадукцыі.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што задачы па імпартазамяшчэнні ставяцца не першы год. Адказнасць за наладжванне вытворчасці ўпакоўкі для прадуктаў харчавання Прэзідэнт усклаў на міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігара Брыло, кантраляваць гэта пытанне даручана віцэ-прэм'еру Леаніду Зайцу.

Акрамя таго, у краіне павінна быць арганізавана вытворчасць неабходных запчастак для імпартнага абсталявання, запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка. "Тое ж самае: або няхай на каленях точаць тое, што патрэбна (шасцярэнькі, балты, гайкі), або няхай шукаюць іншыя варыянты. Але лепш, вядома, вырабляць у сябе, - дадаў ён. - Вось дзве пазіцыі - упакоўка і запасныя часткі да імпартнага абсталявання - да канца года павінны быць прапрацаваны".

Аб пастаўках прадукцыі і цэнах на ўнутраным рынку

Пастаўкі натуральнамалочнай прадукцыі на ўнутраны рынак, перш за ўсё ў сталіцы, таксама праселі з-за пераарыентацыі прадпрыемстваў на больш маржынальны экспарт. Своечасова сарыентавацца ўлады не паспелі, таму і не былі прыняты папераджальныя меры.

"Вы забяспечце ўнутраны рынак, каб людзі былі накормлены нашы, а тады вязіце, куды хочаце, дзе вышэйшая цана. Я ж не супраць. Я ж за тое, каб вы атрымалі большы прыбытак. Але не за кошт таго, што Мінск будзе хадзіць і шукаць бутэльку малака, якога ў нас дастаткова ў краіне, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Па прадукцыі сельскай гаспадаркі гэтых правалаў быць не павінна".

Губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын прапанаваў на асобныя пазіцыі павялічыць цэны па малочцы. Паводле яго слоў, гэта дасць магчымасць паправіць эканамічнае становішча прадпрыемстваў. "Мы не хочам нажывацца, але па нейкіх пазіцыях павінен быць іншы ўзровень рэнтабельнасці", - сказаў ён.

"Ты прапануеш падняць цэны на малочку? - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

"Па некаторых пазіцыях, не па ўсіх" - растлумачыў старшыня Мінаблвыканкама.

"Дык малако і кефір людзі ў асноўным і бяруць. Што будзем рабіць з пенсіянерамі? Што тут гаварыць. Разлічваць на тое, што цэны вырастуць... Давайце больш надояў. Тады будзе і вышэйшая рэнтабельнасць", - адказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў дзяржавы ёсць сацыяльныя абавязацельствы і забываць пра іх не трэба. А галоўнае, падкрэсліў ён, павышаць прыбытковасць прадпрыемстваў трэба ў першую чаргу за кошт эфектыўнай вытворчасці, а не павышэння цэн.

Аб пераразмеркаванні перапрацоўчых магутнасцей

На прадпрыемстве таксама зайшла размова аб дазагрузцы магутнасцей па перапрацоўцы малака. Напрыклад, прадпрыемствам Мінскай вобласці, расказаў Аляксандр Турчын, патрэбны дадатковыя вытворчасці, каб перапрацаваць усю прадукцыю, а ў нейкіх рэгіёнах магутнасці, наадварот, не загружаны. Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэта пытанне, каб вырашыць яго на працягу месяца.

"Праблема сёння, наколькі я разумею, - недазагрузка вытворчых магутнасцей у цэлым па краіне. А ў яго перагружаны, - адзначыў кіраўнік дзяржавы. - Гэта задача, якую вы павінны вырашыць на працягу месяца. Каб усе разумелі, куды мы будзем ісці. Я рады, што вы патрабуеце магутнасці па перапрацоўцы, якіх у нас шмат. На працягу месяца ўносьце прапановы".

Яшчэ раз аб імпартазамяшчэнні

Прэзідэнт азнаёміўся з работай завода і наведаў у тым ліку лабараторыю, дзе кантралююцца ўсе нюансы - ад якасці малака да ўпакоўкі. Тут зноў размова зайшла аб імпартазамяшчэнні. "Вось тое, што ты павінен зрабіць, - гэта (неабходная ўпакоўка. - Заўвага БЕЛТА) і запчасткі. Пад ляжачы камень вада не цячэ", - сказаў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Мінсельгасхарча.

Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі розныя варыянты ўпакоўкі. Кошт асобных яе відаў адрозніваўся ў два разы. Прэзідэнт звярнуў увагу, што і гэты аспект уплывае на канчатковую цану прадукцыі. "Шукайце тут сабекошт", - параіў ён Аляксандру Турчыну.

"Для таго каб насельніцтву даць малако, праблемы няма", - падагульніў кіраўнік дзяржавы.

І аб смакавых густах

Аляксандру Лукашэнку на заводзе прадставілі ўзоры вырабляемай холдынгам прадукцыі, у тым ліку сыр з блакітнай цвіллю, малако, смятану, масла, тварожныя прадукты, ёгурты і многае іншае. Прэзідэнт прадэгуставаў некаторыя з іх, у тым ліку сыр з цвіллю. "І за што яго людзі любяць..." - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што ў яго ўсё ж больш традыцыйныя смакавыя перавагі. "Я не люблю гэты сыр. Спрабаваў сам сябе прывучыць. Каштаваў розныя сыры", - сказаў Прэзідэнт.

"Малайцы, усё робіце нармальна. І няма чаго плакацца, што ўпакоўкі не хапае", - падвёў вынік наведвання беларускі лідар.

Карыстаючыся выпадкам, губернатар Мінскай вобласці Аляксандр Турчын паднёс Аляксандру Лукашэнку каравай у гонар першага мільёна тон збожжа, намалочанага ў вобласці. Пакуль у рэгіёне ўбрана амаль палова плошчаў, таму аграрыі сталічнага рэгіёна разлічваюць на двухмільённы каравай.

А прыгожа выкананы каравай-мільённік Прэзідэнт даручыў размясціць у Палацы Незалежнасці ў якасці экспаната.

У першым паўгоддзі Беларусь вырабіла малочнай прадукцыі на Br5,6 млрд у дзеючых цэнах. Гэта на чвэрць больш, чым у мінулым годзе. Пры гэтым вырасла вытворчасць масла, сыроў, сухога абястлушчанага малака і сухой сыроваткі. Але праселі паказчыкі па натуральнамалочнай прадукцыі, кансервах згушчаных і сухім натуральным малаку.

За гэты ж час на экспарт пастаўлена малочнай прадукцыі на $1,5 млрд, што на 20 працэнтаў больш у параўнанні з мінулым годам. Асноўным рынкам збыту стала Расія.

Мінскі малочны завод нумар 1 пачаў працаваць у 1929 годзе. Цяпер гэта кіруючая кампанія холдынга "Першы малочны". У яго ўваходзяць пяць вытворчых участкаў, размешчаных у Мінску, Маладзечанскім, Валожынскім, Вілейскім і Мядзельскім раёнах, а таксама сельскагаспадарчыя вытворчыя філіялы, сельскагаспадарчае і гандлёвае прадпрыемствы.

Заводы холдынга займаюцца перапрацоўкай малака ў малочную прадукцыю: сыры, масла, натуральнамалочную прадукцыю і сухую малочную. Асартымент налічвае больш за 250 найменняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі