
31 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Час прымусіў нас заняць больш жорсткую дзяржаўную пазіцыю ў пытаннях захавання гістарычнай праўды. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адной з умоў суверэнітэту і незалежнасці з'яўляюцца гістарычная памяць і нашы нацыянальныя традыцыі. "Мы, беларусы, народ з багатай, тысячагадовай гісторыяй. У ёй перапляліся эпохі росквіту і падзення многіх дзяржаў, ствараемых на нашых землях. Вытокі беларускай дзяржаўнасці - гэта фундамент нашага суверэнітэту. Амаль трэць стагоддзя гэта тэма (тэма вытокаў дзяржаўнасці) выклікае бурныя дыскусіі і вострыя спрэчкі і ў акадэмічным асяроддзі, і ў грамадстве. Асабліва непакояцца "свядомыя". Сядзяць за кардонам, усё шукаюць неславянскія вытокі беларусаў. Ды яшчэ пад кіраўніцтвам заходніх куратараў. Гісторыя для іх - гэта зброя. Яны так і гавораць, выкарыстоўваючы сваю міфатворчасць для разварушвання грамадства. Сам час прымусіў нас заняць больш жорсткую дзяржаўную пазіцыю ў пытаннях захавання гістарычнай праўды. Даць прынцыповую і бескампрамісную ацэнку асобным фактам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што беларуская нацыя фарміравалася на стыку заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацый, на аснове хрысціянства, але пры пераважнай большасці праваслаўя. "Многія з нашых людзей гавораць: "Мы людзі праваслаўныя". Менавіта канфесійны выбар, зроблены нашымі продкамі больш за тысячу гадоў таму, вызначыў культурны код беларусаў і наш менталітэт. У самыя вострыя моманты гісторыі - і ў перыяд ашалелай паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай і Польшчы міжваеннага перыяду, і ў часы ўсіх войнаў, якія пракаціліся па нашай тэрыторыі, пераадольваючы жахлівыя ганенні, беларусы захавалі веру, родную мову і культуру, сваю ідэнтычнасць. Цярністым быў шлях станаўлення беларускай нацыі. І не было нічога дзіўнага ў тым, што сваю нацыянальную дзяржаўнасць мы здабылі менавіта ва ўсходнеславянскай калысцы", - канстатаваў беларускі лідар.-0-