Сцяг Серада, 22 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 сакавіка 2024, 12:40

Лукашэнка чакае ад новых парламентарыяў актыўнасці і жорсткага адпору апанентам

21 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь восьмага склікання выбраны дастойныя прадстаўнікі беларускага народа. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Гаворачы пра новы склад парламента, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Сярод іх шмат людзей, якія маюць вялікі вопыт па абароне дзяржаўных інтарэсаў. Яны здольны значна ўзмацніць ролю парламента ў справе кансалідацыі ўсіх патрыятычных сіл нашага грамадства".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ліку выбраных дэпутатаў 70 членаў чатырох палітычных партый: "Для іх гэта магчымасць на якасна новым узроўні раскрыць свой патэнцыял. Пры гэтым у парламенце павінны канструктыўна ўзаемадзейнічаць прадстаўнікі ўсіх палітычных сіл".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, прынцыпова, што ёсць каму забяспечыць пераемнасць і перадаць назапашаны заканадаўчы і палітычны вопыт: у новае скліканне ўвайшлі 20 дэпутатаў адыходзячага склікання.

"Вельмі важна, каб выбраныя парламентарыі былі актыўнымі, каб іх голас стаў аўтарытэтным. Каб за парламенцкай трыбунай, у СМІ, за межамі краіны яны дастойна прадстаўлялі Беларусь і давалі жорсткі адпор нашым апанентам і праціўнікам, - заявіў беларускі лідар. - Прыкладам для новага складу Нацыянальнага сходу павінны стаць многія дэпутаты і сенатары адыходзячага склікання".

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што нававыбраныя парламентарыі будуць працаваць у перыяд важнейшай грамадска-палітычнай кампаніі - выбараў Прэзідэнта ў 2025 годзе. "Ужо сёння відавочна, у гэты няпросты час нас па-ранейшаму будуць выпрабоўваць. І важна разумець, што на народных выбраннікаў кладзецца асаблівая адказнасць за кансалідацыю грамадства і падтрыманне грамадзянскага міру і згоды", - сказаў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што парламентарыі, паўнамоцтвы якіх завяршаюцца, таксама не застануцца ў баку ад агульнай справы. "Абсалютна ўпэўнены, што былых дэпутатаў і сенатараў не бывае. Гэта відавочная, бясспрэчная ісціна. Усе вы прайшлі добрую школу, працуючы ў Нацыянальным сходзе. Вашы вопыт, веды, гатоўнасць беззапаветна служыць інтарэсам Радзімы абавязкова будуць запатрабаваны дзяржавай. Акрамя таго, у сваіх добрых пачынаннях вы заўсёды знойдзеце маю падтрымку", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.
На заканчэнне ён яшчэ раз падзякаваў парламентарыям абедзвюх палат Нацыянальнага сходу за плённую працу на карысць Беларусі. "Ваша галоўная заслуга як прадстаўнікоў сваіх выбаршчыкаў у тым ліку, што вы дапамаглі захаваць стабільнасць і мір у Беларусі. Сёння мы зразумелі, што гэта самая галоўная непахісная каштоўнасць любога народа", - падкрэсліў беларускі лідар.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі