Сцяг Серада, 19 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
12 мая 2024, 12:30

Лукашэнка: беларускія дзяржсімвалы натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднага народаўладдзя

12 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія дзяржаўныя сімвалы натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднага народаўладдзя. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у Мінску на ўрачыстай цырымоніі ўшаноўвання дзяржаўных сімвалаў у Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што ў пераходныя эпохі людзі часта адмаўляюцца ад сімвалаў, якія выказвалі ідэі і каштоўнасці ранейшага сацыяльна-палітычнага ладу. "Але гэта быў не наш шлях. Мы беражліва захоўваем сувязь пакаленняў, прадаўжаем традыцыі нашых продкаў, ганарымся сваёй гісторыяй. У ёй нямала гераічных старонак. Мы ніколі не вілялі, не змянялі той лініі, якую праводзім сёння. Мы і тады, і цяпер верныя традыцыям мінулага. Асабліва ганарымся тым, што дзяржаўныя сімвалы Беларусі ўвасабляюць бяспрыкладную сілу духу і ўклад нашага народа ў Вялікую Перамогу над карычневай чумой. Таксама ў іх - працоўны подзвіг нашых бацькаў і дзядоў, якія нанова адбудавалі рэспубліку на прынцыпах сацыяльнай роўнасці і справядлівасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Сучасныя дзяржаўныя сцяг, герб і гімн таксама ўжо з'яўляюцца сімваламі спартыўных, творчых і працоўных перамог у гісторыі суверэннай Беларусі.
Сцяг Беларусі паднімаўся вучонымі-палярнікамі ў Антарктыдзе, дэсантнікамі - на Паўночным полюсе, альпіністамі - на Эверэсце.

"Тройчы гэты сцяг пабываў у космасе. Спачатку з нашым земляком Алегам Навіцкім. І зусім нядаўна - з першым беларускім касманаўтам - Героем Беларусі Марынай Васілеўскай", - адзначыў Прэзідэнт.
"Сёння сімволіка не толькі аб'ядноўвае, але і выступае крыніцай упэўненасці і ўнутранай сілы. Нашы герб, сцяг і гімн, як і ўся палітыка, натхнёны ідэямі нацыянальнай годнасці і сапраўднага народаўладдзя", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў розных сферах дзяржаўныя сімвалы сталі часткай жыцця і здзяйсненняў беларускага народа. Напрыклад, хутка ў школах пройдуць урачыстыя лінейкі - пад гукі гімна дзясяткі тысяч выпускнікоў зробяць першыя крокі ў самастойнае жыццё. У аграрыяў завяршылася пасяўная, а наперадзе - уборачная кампанія, у час якой на палі выйдуць тысячы беларускіх камбайнаў. Пад родным сцягам аграрыі здзейсняць свой працоўны подзвіг. Сотні пар рыхтуюцца ўзяць законны шлюб - гербавая пячаць змацуе клятвы любові і вернасці новых сем'яў.
Усё часцей беларускія герб і сцяг можна ўбачыць у вокнах жылых дамоў і аўтамабіляў. А 3 ліпеня ў Дзень Незалежнасці, у які ў бягучым годзе таксама будзе адзначацца 80-годдзе вызвалення Беларусі, мільёны суайчыннікаў напоўняць плошчы гарадоў і вёсак, каб праспяваць гімн разам.

"Людзі ганарацца тым, што яны сапраўдныя беларусы. Гэта і ёсць народнае адзінства. Адзінства, якое змацавана трывалай памяццю аб гераічным подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў у Вялікай Айчыннай вайне, патрыятызмам, стваральнай працай і імкненнем да міру. Адзінства, якое сімвалізуюць Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Адзінства, якое мы абавязаны захаваць, каб зберагчы сваю краіну. Таму што час выбраў нас!" - падкрэсліў Прэзідэнт.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі