Сцяг Субота, 15 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
27 мая 2024, 11:28

Лукашэнка: Беларусь разлічвае на актывізацыю партнёрскіх сувязей з Алтайскім краем Расіі

27 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на актывізацыю старых і стварэнне новых партнёрскіх сувязей з Алтайскім краем Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Алтайскага края Віктарам Таменкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА. 

Кіраўнік дзяржавы цёпла прывітаў у Мінску вельмі прадстаўнічую дэлегацыю Алтайскага края, адзначыўшы, што гэты рэгіён вельмі блізкі беларусам па духу. Ён па праву лічыцца жытніцай Сібіры, адным з самых буйных аграрных рэгіёнаў Расіі. Так, па аб'ёмах намалочанага збожжа, у першую чаргу высакаякаснай пшаніцы, Алтайскі край уваходзіць у першую дзясятку рэгіёнаў Расіі. А па грэчцы гэты рэгіён - прызнаны лідар 2023 года з ураджаем амаль 1 млн т. У сувязі з гэтым Прэзідэнт прапанаваў звярнуць увагу на магчымасць закупкі грэчкі ў гэтым рэгіёне, калі ўзнікне такая неабходнасць для Беларусі, дзе гэта культура вырошчваецца не настолькі паспяхова.

Для кіраўніка Алтайскага края Беларусь таксама, можна сказаць, родная, паколькі яго маці з-пад Мазыра. І напярэдадні Віктар Таменка пабываў на зямлі продкаў, пагутарыў са сваякамі. "Гэта вельмі важна, акрыляе, прынамсі настрой павышае значна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаў надзею, што гэты візіт дэлегацыі Алтайскага края дапаможа пераадолець некаторае адставанне ва ўзаемным гандлі і стане пунктам адліку для актывізацыі старых і стварэння новых партнёрскіх адносін. Кіраўнік дзяржавы абазначыў шэраг напрамкаў, па якіх ёсць добрыя перспектывы. "Разлічваю з вашай дапамогай надаць ім сур'ёзнае паскарэнне", - заўважыў беларускі лідар.

Пастаўкі сельгастэхнікі

У Алтайскім краі працуюць ужо тысячы трактароў "Беларус" і камбайнаў "Палессе". Аляксандр Лукашэнка канстатаваў гатоўнасць Беларусі забяспечыць патрэбнасці края ў запасных частках і сэрвісным абслугоўванні, уключаючы абучэнне персаналу, а таксама пастаўляць найноўшую тэхніку, у тым ліку камбайны і трактары.
Машынабудаванне

Праграма знаходжання дэлегацыі расійскага рэгіёна ўключае наведванне буйнейшых прадпрыемстваў Беларусі (МТЗ, "Амкадор", МАЗ), прадукцыя якіх выдатна зарэкамендавала сябе не толькі ў Расіі, але і на іншых замежных рынках. Прэзідэнт абазначыў зацікаўленасць беларускага боку ў алтайскіх камплектуючых для машынабудавання. 

У гэтым кантэксце Аляксандр Лукашэнка таксама згадаў і ліфтавае абсталяванне беларускай вытворчасці. У Алтайскім краі ўжо больш як 60 працэнтаў замененых ліфтаў у жылых дамах - беларускія. У гэтым годзе ў рэгіёне плануецца замяніць ліфты амаль у 400 дамах, таму Беларусь, паводле слоў Прэзідэнта, зацікаўлена ўдзельнічаць у тэндарах, гатова пастаўляць ліфтавае абсталяванне для новага будаўніцтва, гарантуючы пры гэтым абслугоўванне і рамонт.

Пасажырскі транспарт

Пасажырская тэхніка айчыннай вытворчасці ўжо шырока прадстаўлена ў транспартным парку Алтайскага края. Кіраўнік дзяржавы адзначыў гатоўнасць Беларусі і ў далейшым прапаноўваць сучасныя аўтобусы як у газаматорным, так і ў дызельным выкананні: аўтобусы школьнай мадыфікацыі, нізкападлогавыя для безбар'ернага асяроддзя, а таксама электробусы. Каб вызначыцца з камплектацыяй, расійскай дэлегацыі прапанавана азнаёміцца з мадэльным радам непасрэдна на МАЗе і прайсці тэст-драйв.

Пастаўкі спецыяльнай тэхнікі

Шырокую гаму камунальных, дарожна-будаўнічых і іншых спецыяльных машын прапануе беларускі "Амкадор", наведванне якога таксама прадугледжана праграмай знаходжання дэлегацыі Алтайскага края. "Гатовы ў самыя кароткія тэрміны забяспечыць пастаўку ў ваш рэгіён усёй неабходнай лінейкі", - запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Інтарэс для расійскага боку могуць уяўляць пажарная і аварыйна-выратавальная тэхніка, распрацаваныя прадпрыемствам Мінскай вобласці. Пры яе вырабе на базе шасі МАЗ прымяняюцца сучасныя кампазітныя матэрыялы, што забяспечвае высокую надзейнасць і павялічаны тэрмін эксплуатацыі - да 20 гадоў.
Жывёлагадоўля

Што датычыцца перспектыў супрацоўніцтва ў сферы жывёлагадоўлі, то тут Прэзідэнт прапанаваў Алтайскаму краю аб'яднаць кампетэнцыі як па экспарце абсталявання для жывёлагадоўчых і малочнатаварных ферм, так і па навуковым суправаджэнні жывёлагадоўлі, пастаўках элітных парод жывёлы, а таксама па распрацоўках камбікармоў.

"Нашу кампанію БНБК вы добра ведаеце, дзе вы можаце заказаць і купляць самыя сучасныя і эфектыўныя камбікармы", - дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беспілотныя сістэмы грамадзянскага прызначэння

Алтайскі край у рамках новага нацыянальнага праекта "Беспілотныя авіяцыйныя сістэмы" вядзе распрацоўку рэгіянальнай праграмы, якая дасць магчымасць набываць беспілотныя лятальныя апараты для патрэб сельскай гаспадаркі, сістэмы адукацыі, прыродаахоўнай дзейнасці.

"У гэтым напрамку Беларусь мае добрыя кампетэнцыі, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы гатовы вас з імі пазнаёміць. Калі спадабаецца, будзем разам працаваць".

Сартаванне і перапрацоўка цвёрдых бытавых адходаў

Вядома, што кіраўнік Алтайскага края ўдзяляе значную ўвагу тэме абыходжання з цвёрдымі камунальнымі адходамі, у рэгіёне ствараецца пяць комплексаў па перапрацоўцы адходаў. "У гэтым плане мы вам можам быць карыснымі", - упэўнены Прэзідэнт.
Гуманітарная сфера

Нараўне з традыцыйнымі эканамічнымі напрамкамі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў надаваць больш увагі супрацоўніцтву ў гуманітарнай сферы - як у адукацыі і спорце, так і ў новых галінах.

"Прыемна, што вы, Віктар Пятровіч, прывезлі ў Мінск з гастролямі Алтайскі краявы тэатр драмы, - сказаў Прэзідэнт. - "Белдзяржфілармонія" і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча гатовы да правядзення абменных гастроляў. І тэатраў у нас нямала".

Турызм і транспартныя зносіны

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў развіцці турызму з Алтайскім краем. "Гэта адзін з найпрыгажэйшых, проста казачных рэгіёнаў Расіі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Для актывізацыі паездак, дзелавых і турыстычных, неабходна добрая транспартная лагістыка. А дакладней - адкрыццё прамога авіярэйса паміж Мінскам і Барнаулам. Гэта, на мой погляд, таксама актуальная тэма для ўзаемнай прапрацоўкі".

Падагульняючы сказанае, Прэзідэнт адзначыў адкрытасць беларускага боку да прадметнай размовы па ўсіх напрамках. "Чакаем ад вас сустрэчных прапаноў. Усе пытанні будуць уважліва вывучаны на ўзроўні прысутных тут і іншых членаў урада, і мы абавязкова прымем адпаведныя рашэнні. Мы вельмі хацелі б супрацоўнічаць з вашым краем", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі