
30 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія могуць выбудаваць такую канструкцыю адносін, што пазайздросцяць у свеце. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 чэрвеня на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Лаўроў перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, хоць кіраўнікі дзяржаў асабіста бачыліся ўсяго некалькі дзён таму. "Дзякуй, прыемна ўсё роўна", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.
"Ён (Уладзімір Пуцін. - Заўвага БЕЛТА) падтрымлівае прадаўжэнне нашага інтэнсіўнага саюзніцкага дыялогу", - дадаў кіраўнік расійскага МЗС.
"У гэтым вы можаце не сумнявацца. Я думаю, Прэзідэнт Расіі таксама ў гэтым абсалютна ўпэўнены, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Я некалі сказаў. Думаю, вы падтрымаеце гэту ідэю. Упэўнены, што падтрымаеце. Што мы не настолькі неразумныя, каб кагосьці інкарпарыраваць, як на Захадзе кажуць, або ўключаць у склад ці то Беларусі Расію, ці то Расіі Беларусь. Мы даволі разумныя, каб дзве незалежныя дзяржавы маглі выбудаваць такую канструкцыю нашых адносін, што пазайздросцяць у свеце і іншыя. Мы да гэтага ідзём, рухаемся".
Беларускі лідар адзначыў, што ўжо споўнілася 30 гадоў з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж дзвюма дзяржавамі, з якіх большую частку Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца на пасадзе Прэзідэнта Беларусі. "Я ўвесь час чую: заўтра паглынанне, заўтра інкарпарацыя... 30 гадоў прайшло. Не інкарпарыравалі, не паглынулі. А калі ўжо шчыра, то мы ад Расіі атрымліваем усё тое, што патрэбна суверэннай незалежнай дзяржаве. Так, былі ў нас розныя часы. Мы і спрачаліся, як блізкія людзі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён расказаў, што з Уладзімірам Пуціным яны часта абмяркоўвалі гэту тэму, і наяўнасць спрэчак кіраўнік беларускай дзяржавы ацэньвае пазітыўна: "Я заўсёды гавару: гэтаму трэба радавацца. Таму што ніводная заходняя дзяржава (вось вазьміце апошнія саміты), ніхто нідзе ні з кім не спрачаецца. Прыйшоў начальнік ЦК, ці то "абкама" з Вашынгтона, нават не сказаў, а паглядзеў, і ўсе пабеглі".
"А ісціна нараджаецца ў спрэчцы, як вядома", - заўважыў Сяргей Лаўроў.
"Так, а мы спрачаемся. Таму што мы блізкія людзі. І сапраўды, ісціна заўсёды нараджалася ў спрэчцы і будзе нараджацца", - згадзіўся кіраўнік дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што цяпер у Беларусі і Расіі адносіны асаблівага характару. "Час такі, Сяргей Віктаравіч. Калі не слухаюць вас, дыпламатаў, тады даводзіцца слухаць іншых людзей. Мы за тое, каб дыпламатыя працавала. Але што рабіць, калі ідзе гібрыдная вайна. Пачалі са сродкаў масавай інфармацыі. Потым заглушылі дыпламатаў, як бы адкінулі ўбок - ніводная міжнародная пляцоўка выніку не дае, у тым ліку і галоўная наша. Ну што нам рабіць? Нам даводзіцца абараняцца, супраціўляцца", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
У сувязі з гэтым кіраўнік расійскага МЗС нагадаў і пра блакіроўку Захадам расійскіх актываў. "Грошы аднялі", - заўважыў ён.
"Грошы аднялі, у эканоміцы душыць пачынаюць. Вось, калі ласка, гібрыд", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.-0-