ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 29 кастрычніка 2020
Мінск Воблачна з праясненнямі +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
28 верасня 2020, 12:41

Лукашэнка бачыць патэнцыял для павелічэння тавараабароту з Омскай вобласцю Расіі да $100 млн

У час сустрэчы
У час сустрэчы

28 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць патэнцыял для павелічэння тавараабароту з Омскай вобласцю Расіі да $100 млн. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў на сустрэчы з губернатарам рэгіёна Аляксандрам Бурковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнік дзяржавы спачатку заўважыў, што апошнім часам правёў сустрэчы з некалькімі кіраўнікамі рэгіёнаў Сібіры. "Наша стаўленне да сібіракоў вы добра ведаеце. Не толькі таму, што ў свой час туды паехалі многія беларусы. Думаю, з імі вы не маеце праблем. Беларусы заўсёды былі працавітымі, адказнымі людзьмі, думаю, што такімі яны і з'яўляюцца там, у Сібіры", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён таксама расказаў пра асабістае стаўленне да рэгіёна і заявіў аб намеры наведаць яго ў хуткім часе. "Для мяне ўсё, што за Уралам, - гэта рамантыка. Думаю, у будучым годзе мне ўдасца пабываць у асноўных кропках Расіі, у Сібіры ў тым ліку", - адзначыў Прэзідэнт.

Гаворачы аб некаторым падабенстве Беларусі і Омскай вобласці, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на няпростыя кліматычныя ўмовы. "Мы жывём у зоне рызыкоўнага земляробства, але тым не менш нечаму навучыліся ў сельскай гаспадарцы. Гатовы з вамі ўсім падзяліцца", - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Тым больш, паводле яго слоў, ужо ёсць станоўчы вопыт супрацоўніцтва Беларусі і іншых сібірскіх рэгіёнаў, як, напрыклад, Сахаліна і Прымор'я.

Прэзідэнт адзначыў, што па аб'ектыўных прычынах у гэтым годзе тавараабарот з Омскай вобласцю знізіўся і цяперашні ўзровень, відавочна, недастатковы для другога па колькасці насельніцтва горада ў Сібіры і буйнога прамысловага цэнтра. "Думаю, што да $100 млн нам трэба імкнуцца і дасягаць гэтага тавараабароту", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама заявіў аб гатоўнасці супрацоўнічаць з рэгіёнам у такіх традыцыйных сферах, як прамысловая кааперацыя, экспарт тэхналогій і паслуг, стварэнне сумесных зборачных вытворчасцей, сэрвісных цэнтраў.

"Калі ў вас будзе жаданне па якіх-небудзь напрамках супрацоўнічаць з Беларуссю, мы заўсёды гатовы, і вы аб гэтым павінны ведаць", - падагульніў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Аляксандр Буркоў заявіў, што Беларусь з'яўляецца асноўным партнёрам Омскай вобласці ў знешнегандлёвых адносінах. У мінулым годзе тавараабарот паміж бакамі склаў звыш $80 млн, у гэтым годзе ён чакана знізіўся.

"У нас асноўныя сферы супрацоўніцтва - сельская гаспадарка і прамысловасць, - адзначыў губернатар. - Аб'ём набываемай сельгаспрадукцыі ў беларускіх вытворцаў у гэтым годзе расце. За восем месяцаў бягучага года мы набылі 224 адзінкі сельгастэхнікі на агульную суму 600 мільёнаў рублёў. Паводле нашых прагнозаў, мы выйдзем на 800 мільёнаў рублёў да канца года (больш як $10 млн. - Заўвага БЕЛТА)".

У час сустрэчы Аляксандр Буркоў уручыў Аляксандру Лукашэнку незвычайны падарунак: мадэль танка Т-80БВМ, зробленую з косці маманта, знойдзенай на поўначы Омскай вобласці ва Усць-Ішымскім раёне. Там жа была знойдзена і косць чалавека, які жыў, як мяркуецца, 45 тыс. гадоў таму.

Танк Т-80БВМ - удасканаленая ААТ "Омсктрансмаш" мадэль расійскага танка Т-80БВ. Мадэрнізацыя, у прыватнасці, уключае ў сябе ўстаноўку шматканальнага прыцэла наводчыка "Сасна-У". Ён распрацаваны беларускім прадпрыемствам "Пеленг" і ўключае ў сябе візірны, цеплавізійны, дальнамерны каналы, а таксама канал кіравання ракетай.

Як расказаў Аляксандр Буркоў журналістам па выніках сустрэчы з Прэзідэнтам, дасягнута дамоўленасць нарошчваць двухбаковае супрацоўніцтва, у першую чаргу ў галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Размова ідзе аб павелічэнні лакалізацыі пры вырабе ў Омскай вобласці некаторых відаў беларускай сельгастэхнікі, а таксама аб далейшым пашырэнні лінейкі паставак сельгастэхнікі ў рэгіён. "Па тэхніцы аб'ём паставак ідзе даволі высокі, таму што яна не капрызная, лёгкая ў эксплуатацыі і рамонце. Сэрвісная база беларускіх вытворцаў вельмі добра працуе на тэрыторыі рэгіёна, таму попыт у аграрнага комплексу вельмі высокі на беларускія камбайны, трактары, іншую сельгастэхніку", - растлумачыў губернатар.

"Нам цікава дарожная тэхніка, плюс аўтобусы, электробусы, тралейбусы, - прадоўжыў ён. - Таму што ў беларускіх вытворцаў якасць высокая і цана даступная".

На яго думку, ёсць магчымасці павялічыць узаемны тавараабарот харчовай прадукцыі. Напрыклад, толькі ў Омску працуюць сем фірменных магазінаў беларускіх вытворцаў, а з Омскай вобласці ў Беларусь пастаўляецца 15 тыс. т плаўленага сыру ў год.

Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы супрацоўніцтва ў культуры і спорце. Беларусь паабяцала прадаставіць пляцоўку для паказу маштабнага праекта Дзяржаўнага Омскага рускага народнага хору і Омскага акадэмічнага сімфанічнага аркестра "Адкрыцці гісторыі Расіі". Гэта музычна-харэаграфічны спектакль з мультымедыйнымі дэкарацыямі, створанымі паводле творчасці вядомага сібірскага мастака Васіля Сурыкава.

Абмяркоўвалася таксама правядзенне Кубка Садружнасці паміж спартсменамі сібірскіх рэгіёнаў і Беларусі на крытым велатрэку ў Омску.

Тавараабарот Беларусі і Омскай вобласці за студзень-ліпень гэтага года склаў $35,1 млн, у тым ліку $22,5 млн - беларускі экспарт. У 2019 годзе аб'ём узаемнага гандлю склаўся на ўзроўні $87,4 млн.

У структуры айчынных паставак у Омскую вобласць пераважаюць машыны і механізмы для ўборкі і малацьбы сельскагаспадарчых культур, кордныя матэрыялы для шын, мэбля, смаляныя кіслоты і іх вытворныя, фарбы і лакі, розныя віды дроту. З 2009 года ў расійскім рэгіёне працуе сумеснае прадпрыемства "Лідаграпраммаш". Дзейнічае дылерская сетка беларускіх вытворцаў адкрытых акцыянерных таварыстваў "МТЗ", "Гомсельмаш", "Амкадор", "МАЗ", "Магілёўліфтмаш" і "Брэстгазаапарат" і закрытых акцыянерных таварыстваў "Атлант" і "Маладзечнамэбля".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі