
12 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адобрыў у якасці асновы для правядзення перагавораў праект пагаднення аб дапушчальных масах, восевых нагрузках і габарытах транспартных сродкаў пры руху па аўтамабільных дарогах дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, уключаных у еўразійскія транспартныя калідоры. Адпаведны ўказ нумар 103 кіраўнік дзяржавы падпісаў 12 красавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.
На правядзенне перагавораў па праекце пагаднення ўпаўнаважана Міністэрства транспарту і камунікацый, а ўрад - на падпісанне дакумента пры дасягненні дамоўленасці ў межах адобранага праекта.
Як паведамляла раней Еўразійская эканамічная камісія, неадпаведнасць вагавых і габарытных параметраў уваходзіла ў пералік абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС. А прыняцце пагаднення дасць магчымасць устараніць гэту перашкоду, а таксама надасць істотны імпульс развіццю як еўразійскіх транспартных калідораў, так і павелічэнню транзітнага патэнцыялу ЕАЭС у цэлым. У праекце пагаднення зафіксаваны дамоўленасці бакоў аб тым, што яны прымуць меры для таго, каб аўтамабільныя дарогі і іх участкі, уключаныя ў еўразійскія транспартныя калідоры, у поўнай меры адпавядалі патрабаванням для пропуску па іх транспартных сродкаў з дапушчальнымі масамі, восевымі нагрузкамі і габарытамі транспартных сродкаў, што ўстанаўліваюцца пагадненнем.-0-