Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
16 лютага 2023, 13:11

Лукашэнка: ачніцеся, давайце дамаўляцца - толькі мір!

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю замежным і беларускім СМІ заявіў, што заключэнне міру ў любым выпадку непазбежна, а таму трэба як мага хутчэй пачаць перагаворы, а не прадаўжаць вайну, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ачніцеся вы. Каму патрэбна такая свабода, калі кладзешся спаць і не ведаеш, ці прачнешся заўтра раніцай. Каму патрэбна такая свабода?" - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да прадстаўнікоў заходніх СМІ.

"Давайце дамаўляцца. Толькі мір. Усё роўна гэта скончыцца мірам. Свет ідзе да таго, што, можа, і не важна, будзеш ты жыць у Беларусі, Расіі, Украіне ці Амерыцы. Свет жа да гэтага ішоў, людзі свабодна перамяшчаліся па свеце, выбіралі месца жыхарства. І не важна, тут ці там граніца. Да гэтага ўсё ідзе. Навошта мы забіваем адзін аднаго?" - заклікаў беларускі лідар.

Ён указаў на дачыненне краін Еўропы да эскалацыі канфлікту ва Украіне за кошт нарошчвання паставак узбраення. "Вы навошта падтрымліваеце Украіну, забяспечваючы іх зброяй, а не хочаце сесці за стол перагавораў, як я прапаную? Вы ўжо абмяркоўваеце пытанне пастаўкі туды дальнабойнай зброі (да 300 км, ракет) і знішчальнікаў F-16, самых сучасных, пасля таго, як сотні танкаў "Леапард" туды пайшлі. Навошта вы гэта робіце? Вы ж разумееце, што гэта эскалацыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ненавіджу вайну. І нашы беларусы вайну ненавідзяць. Мы не хочам вайны. Мы хочам мірных перагавораў. Але вы трымаеце Валодзю Зяленскага за рукі-ногі і не пускаеце яго за стол перагавораў. Гэта маё перакананне, і было шмат фактаў, якія аб гэтым сведчаць. Значыць, вы хочаце вайны, - заявіў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да прадстаўнікоў заходніх СМІ. - Мы хочам міру! Чуеце, амерыканцы? Мы хочам міру. Дайце каманду Зяленскаму і самі сядзьце за стол перагавораў з Пуціным, а я побач сяду".

"Ачніцеся вы! Толькі ЗША патрэбна гэта бойня. Толькі ім. Еўропе не патрэбна. Таму што, калі будзе эскалацыя, Еўропе будзе горача. Еўрапейцы гэта разумеюць, нават англічане гэта разумеюць. Тым больш украінцы", - рэзюмаваў Прэзідэнт.

Адказваючы на пытанне, якую ролю ён мог бы сам адыграць для спынення вайны ва Украіне, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што тут усё залежыць ад сумесных рашэнняў прэзідэнтаў Расіі, Украіны і ЗША. "Я магу (і Пуціну аб гэтым гаварыў) зрабіць толькі тое, што захоча Пуцін і Зяленскі. У гэтым выпадку без Амерыкі нікуды. Калі тры прэзідэнты ўбачаць мяне хаця б на гарызонце вырашэння гэтай праблемы, я гатовы зрабіць усё".

Разам з тым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што на расійскага Прэзідэнта паўплываць нікому немагчыма: "Ён дарослы, мудры, моцны чалавек. Кожны справядлівасць па-свойму разумее. У Пуціна таксама ёсць паняцце справядлівасці. І калі ён перакананы, што ён мае рацыю і справядлівы, вы яго не пераканаеце ў гэтым плане, як вы думаеце".

На ўдакладняльнае пытанне журналіста, якім чынам, на думку Аляксандра Лукашэнкі, можа скончыцца вайна ва Украіне, беларускі лідар сказаў: "Мірам. Усе войны мірам заканчваліся. Але пытанне толькі, калі і колькі ў выніку загіне людзей". Пры гэтым Прэзідэнт звярнуў увагу, што важна абавязкова прааналізаваць падзеі, якія адбыліся, і дабрацца да першапрычын канфлікту, каб зразумець, з чаго ўсё пачалося. Немалаважную ролю ў ім адыграла прыцісканне рускамоўнага насельніцтва і разгорнутая ва Украіне барацьба супраць рускай мовы, перакананы беларускі лідар. Ён нагадаў, што спроба раскалоць грамадства па моўным прынцыпе была і ў Беларусі ў 90-я гады ХХ стагоддзя. Але тады дзякуючы мудрай дзяржаўнай палітыцы гэтага ўдалося пазбегнуць, і цяпер гэта пытанне нават не стаіць на парадку дня.

"Асаблівасць Пуціна… Калі ён з кімсьці сябруе, калі гэта свой, ён будзе абараняць да апошняй кроплі крыві. Я бачыў, як ён перажываў (не толькі ён, усё расійскае грамадства), што рускіх крыўдзяць. Гістарычна так склалася, ментальна ў галаве рускага чалавека: не павінны рускіх крыўдзіць. Як у амерыканцаў: калі аднаго чалавека недзе пакрыўдзілі, яны гатовы ваяваць (вы яшчэ далей зайшлі). Вы за што яго папракаеце? Ён абараніў рускага чалавека. Калі б вы, амерыканцы перш за ўсё, цяпер згадзіліся пачаць дыялог аб міры, паверце, і вайну спынілі б, і мірныя перагаворы пачалі б, і дамовіліся б не ва ўрон нават той пазіцыі, якую займаюць сёння ўлады Украіны", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.-Э-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі