ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Ясна +19°C
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
21 чэрвеня 2022, 15:31

Лукашэнка аб замацаванні моладзі ў вёсцы: будуць нармальныя ўмовы для жыцця і работы - людзі сюды прыйдуць

Аляксандр Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка

21 чэрвеня, Аршанскі раён /Кар. БЕЛТА/. Калі ў вёсцы будуць нармальныя ўмовы для жыцця і работы, то людзі сюды прыйдуць. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, адказваючы на пытанні работнікаў агракамбіната "Юбілейны" Аршанскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі будуць нармальныя ўмовы жыцця (гэта перш за ўсё) і работы, людзі сюды прыйдуць", - адказаў кіраўнік дзяржавы на пытанне, якія меры трэба прыняць для замацавання моладзі ў сельскай мясцовасці.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў свой час, будучы кіраўніком гаспадаркі, сутыкнуўся з праблемай лішку рабочых кадраў, і гэта, на яго думку, горш, чым недахоп. "Але і дэфіцыту быць не павінна", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што ўмовы работы для аграрыяў за апошні час істотна змяніліся, з'явілася сучасная высокапрадукцыйная тэхніка, якая не толькі аблягчае працу чалавека, але і замяняе працу многіх людзей. "Мы будзем усё роўна, як і ва ўсім свеце, ісці да таго, што колькасць насельніцтва ў вёсцы збыткоўнай не будзе. Будуць толькі тыя, хто павінен працаваць", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.

Калі б Беларусь не захавала такія вялікія формы гаспадаркі, як калгасы і саўгасы, а пайшла па шляху драбнення на фермерскія гаспадаркі, то адток людзей з сельскай мясцовасці быў бы яшчэ большым, упэўнены Прэзідэнт. Аднак у краіне захаваны і тыя і іншыя формы гаспадарання ў вёсцы, што дае магчымасць аграпрамысловаму комплексу спакойна развівацца. "Недзе больш фермераў, недзе менш, нехта адыходзіць, нехта прыходзіць і гэтак далей. Некаму рэдка, але перадаём стратныя калгасы і саўгасы. Але насельніцтва ўсё роўна будзе скарачацца. Я спрабую ўтрымаць колькасць насельніцтва (у вёсцы. - Заўвага БЕЛТА), хоць, калі глядзіш па статыстыцы, у нас значна ў вёсцы насельніцтва скарачаецца. Але яго дастаткова, таму што тэхніка іншая прыходзіць", звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

"Умовы трэба нармальныя ствараць і больш нічога. А людзі самі будуць выбіраць. Павалілі ўжо ў горад, а там жа з работай не так проста, і ўжо некаторы адток пайшоў", - прадоўжыў беларускі лідар.

Прэзідэнт нагадаў, што па яго патрабаванні ў Беларусі атрымалі развіццё аграгарадкі. Іх мэтай якраз і было стварэнне ў вёсцы больш камфортных умоў для жыцця, каб замацаваць людзей у рэгіёнах. Аднак усё гэта не дасць выніку, калі не стварыць рабочыя месцы і дастойныя ўмовы працы, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Але яны будуць нішто, калі не будзе добрай тэхнікі, добрых комплексаў - машынны двор, збожжаток, калі не будзе добрых умоў працы. У нас, дарэчы, спачатку быў перакос: аграгарадкі стварылі, а тэхналогіі і тэхніка адставалі. А цяпер пачынаем падцягваць, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта працэс не хуткі, не адна гаспадарка, а іх тысячы. Але за пяцігодку краіна будзе іншай і ў сельскай гаспадарцы таксама, калі скарыстаемся гэтым момантам, калі прадукты харчавання падаражэлі (па ўсім свеце. - Заўвага БЕЛТА)".

Ён падкрэсліў, што дзяржаўная маладзёжная палітыка ў Беларусі нацэлена на ўсебаковую падтрымку дзяцей як у частцы іх выхавання, навучання, медыцынскай дапамогі, так і адносна мер падтрымкі пры працаўладкаванні ў малых населеных пунктах. "Прычым мы дапамагаем як ні адна дзяржава ў свеце, хоць мы не самая багатая дзяржава. Дапаможам з дзеткамі. Але вы павінны разумець, што дзеці - гэта ваша, вы іх нараджалі і вы павінны перш за ўсё за іх адказваць, а потым - дзяржава", - адзначыў Прэзідэнт.

У Беларусі, паводле яго слоў, укладзены каласальныя грошы ў сферу аховы здароўя, у тым ліку для аказання якаснай дапамогі маці і дзецям. Дарэчы, сітуацыя з каранавірусам пацвердзіла, што краіна выбрала правільны шлях як у развіцці айчыннай медыцыны ў цэлым, так і ў стратэгіі барацьбы з COVID-19. "Вытрымалі. Малайцы! - пахваліў Прэзідэнт. - У нас вынікі (мы ж іх бачым) лепшыя, чым у любой іншай краіне свету, а горшыя за ўсіх - у Амерыкі. Багатыя ЗША, а ў іх горш за ўсіх".

Дзяржаўная падтрымка аказваецца і сферы адукацыі, асабліва ў частцы забеспячэння навучальнага працэсу для дзяцей з сельскіх раёнаў. "Мы ствараем аднолькавыя ўмовы для ўсіх. Я заўсёды арыентую ВНУ: вы паглядзіце на глыбінку, на рэгіёны, там у дзетак не такія магчымасці, як у Мінску. А мы ВНУ запаланілі мінскімі школьнікамі, і студэнты, як толькі якая заварушка, яны ў першых радах. Таму што яны не ад зямлі, не бачылі гэтага нармальнага жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на кандыдатаў з рэгіёнаў часта робіцца стаўка пры падборы кіруючых кадраў у краіне: "Бяром з рэгіёнаў людзей, каб наверх падымаліся адсюль людзі: кіравалі краінай, міністрамі былі і гэтак далей".

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка ўказаў на дырэктара агракамбіната "Юбілейны" Аляксандра Фірсіна. "Ты прыгледзься да яго, яго пара ўжо адсюль забіраць, - звярнуўся Прэзідэнт да губернатара Віцебскай вобласці Аляксандра Субоціна. - Ён ужо выхаваў не аднаго чалавека, у яго кагорта маладых спецыялістаў, якія гатовы ўзначаліць гаспадарку".

"Нядрэнна было б мець такіх кіраўнікоў больш і наверсе. І іх трэба падымаць наверх, каб яны разумелі, як жыць, што рабіць, як працаваць", - дадаў Прэзідэнт.

Ён запэўніў, што дзяржава прадоўжыць ствараць умовы для замацавання моладзі ў вёсцы. "Але пажадана, каб і вы былі душой з гэтай зямлёй, - сказаў беларускі лідар. - Калі вашы дзеці будуць прывязаны да зямлі, ніякае замацаванне не трэба. Яны прыедуць, атрымаюць адукацыю, спецыяльнасць, прыйдуць да кіраўніка і скажуць: "Я гатовы ўперціся і рабіць у цябе вось гэта, а ты мне дапамажы дом пабудаваць". Любы кіраўнік заўсёды гэта зробіць. Гэта ваша выхаванне, як вы будзеце выхоўваць вашых дзяцей".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі